Беларускі гісторык у Нямеччыне: Лукашэнка ператвараецца ў «новага Мілошэвіча»


Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Рэжым Беларусі яшчэ ніколі не атрымліваў настолькі адчувальных удараў з боку Еўразвязу, як апошнімі днямі – пасля таго, як падманам і сілаю прымусілі сесці ў менскім аэрапорце грамадзянскі лайнер авіякампаніі «Ryanair».

Чаму гэта адбылося менавіта цяпер, «Белсату» распавёў наш суайчыннік, асацыяваны працаўнік Цэнтру антрапалагічных даследаванняў музеяў і спадчыны Інстытуту еўрапейскай этналогіі Берлінскага ўніверсітэту імя Гумбальта доктар Аляксандр Фрыдман.

– Як бы вы коратка ацанілі змену стаўлення Еўразвязу да рэжыму Лукашэнкі?

– Стаўленне ЕЗ да рэжыму Лукашэнкі за апошнія дні змянілася кардынальным чынам. Нават пасля атакі на TUT.BY падзеі ў Беларусі ўспрымалі як вельмі непрыемныя, але лакальныя. Пасля справы з самалётам «Ryanair» Лукашэнка ператварыўся, аднак, з праблемы беларускай у праблему еўрапейскую.

Артыкулы
Маці Пратасевіча: «Я малю, я заклікаю: выратуйце майго сына!»
2021.05.27 15:22

– Калі рэч у самалёце – то што менавіта ў гэтым інцыдэнце для Еўропы сталася апошняю кропляю? Чаму менавіта інцыдэнт з самалётам?

– Пачынаючы са жніўня 2020 года Лукашэнка ў вачах еўрапейцаў неаднаразова пераходзіў чырвоныя рысы. Кожны раз ЕЗ абураўся, жорстка крытыкаваў афіцыйны Менск, уводзіў санкцыі, але дзеяў досыць мякка, не жадаючы ісці на абвастрэнне. Гэткая пазіцыя ЕЗ, а таксама шматгадовы вопыт беларуска-еўрапейскіх дачыненняў упэўнілі Лукашэнку ва ўласнай беспакаранасці, а жаданне адпомсціць ворагам прымусіла дзеяць. Ужо мінулаю нядзеляю было зразумела, што еўрапейскі адказ будзе хуткім, жорсткім і рашучым. Лукашэнка проста не пакінуў еўрапейцам іншай магчымасці: прымусіць сесці грамадзянскі самалёт з грамадзянамі ЕЗ, рызыкуючы іхнымі жыццямі, і ўсе толькі дзеля таго, каб захапіць ворага рэжыму – міжнародны скандал і выклік.

– Прапагандысты Лукашэнкі падкрэсліваюць, што гэта не першы гэткі выпадак у сучаснай гісторыі.

– Гэта так, але сітуацыя сёння прынцыпова іншая: захоп Пратасевіча і Сапегі – гэта не адзінкавая падзея, а працяг рэпрэсіўнай палітыкі, якую Лукашэнка праводзіць з мінулага года і якая робіцца ўсе больш і больш радыкальнаю. Да таго ж гэта таксама кульмінацыя жахлівага тыдня, на якім адбыўся разгром TUT.by і пры нявысветленых абставінах памёр Вітольд Ашурак.

– А як ацэньваюць ролю Расеі ў сітуацыі ў Беларусі?

– У Еўропе пануе меркаванне, што Аляксандр Лукашэнка трымаецца на сваёй пасадзе толькі дзякуючы падтрыманню Расейскай Федэрацыі. Як самастойны палітычны суб’ект ён больш не ўспрымаецца, а лічыцца звыштаксічнаю расейскаю марыянеткаю, якая выконвае загады Пуціна. Гэта значыць, што беларускія справы еўрапейцы збіраюцца развязваць не з Менскам, а з Масквою. Сёння пра гэта ўжо кажуць досыць адкрыта. Складваецца ўражанне, што самае позняе пасля падзеяў мінулае нядзелі Еўропа паставіла на Лукашэнку тлусты крыж, а ягоным лёсам распараджаецца Крэмль.

Аляксандр Лукашэнка на плошчы Перамогі ў Менску. 9 траўня 2021 г.
Фота: Andrei Stasevich / TASS / Forum

– Як разумеюць у ЕЗ узровень тэрору, скіраваны Лукашэнкам супраць насельніцтва Беларусі? Як ставяцца да таго, што цяпер няма масавых акцыяў пратэсту?

– У еўрапейскай прэсе і да мінулага тыдня асвятляліся падзеі ў Беларусі, але на гэтым тыдні беларуская тэма зрабілася адною з галоўных. Нешта падобнае назіралася ўжо ў жніўні 2020-га, але тады сітуацыя была іншаю: у цэнтры ўвагі заставаліся беларусы, якія падняліся на барацьбу з дыктатураю. Ім спачувалі, імі захапляліся. Сёння ж у цэнтры ўвагі менавіта Лукашэнка, які лічыцца непрадказальным дыктатарам, кінуў выклік Захаду і ўспрымаецца як пагроза для Еўропы. Той факт, што ў Беларусі апошнім час не назіраецца масавых пратэстаў, еўрапейскі бок не здзіўляе. У Еўропе разумеюць, што маштаб і жорсткасць рэпрэсіяў робяць адкрытыя пратэсты фактычна немагчымымі.

– Ці можаце як гісторык прыгадаць нейкія гістарычныя аналогіі да апошніх падзеяў вакол Беларусі і гэткае рэакцыі ЕЗ?

– За сваю доўгую гісторыю ЕЗ неаднаразова ўжываў санкцыі, у тым ліку і жорсткія, супраць розных краінаў, у прыватнасці супраць Югаславіі (узброеныя канфлікты), Ірану (атамная праграма), Сірыі (грамадзянскай вайна і злачынствы супраць чалавечнасці) і Расеі (анексія Крыму, падтрыманне прарасейскіх сепаратыстаў на паўднёвым усходзе Украіны). Зразумела, што сітуацыя ў Беларусі іншая, але пэўныя агульныя рысы, у прыватнасці з Югаславіяй, назіраюцца. Калі ў выпадку Ірану ці Расеі санкцыі павінны былі прывесці да змены палітыкі гэтых краінаў, дык у выпадку Югаславіі мэты былі больш радыкальнымі – крах рэжыму Мілошэвіча, які ўспрымаўся як пагроза для Еўропы. Сёння ў «новага Мілошэвіча» ператвараецца Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
Еўрапейская народная партыя назвала захоп самалёта «Ryanair» тэрактам, а смерць Ашурка – «ненатуральнай»
2021.05.27 00:27

Раман Лапіцкі belsat.eu

Стужка навінаў