Назарбаева ў Казахстане пазбавяць султанскіх «прывілеяў, імунітэтаў і эксклюзіваў»


З Канстытуцыі Казахстану плануюць прыбраць асаблівы статус былога прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева, які канчаткова пазбавіўся сваёй улады падчас падзеяў студзеня 2022 года. Пра змены распавёў дэпутат парламенту Айдос Сарым.

Нурсултан Назарбаеў.
Фота: novayagazeta.ru

Паводле яго, юрысты з групы, што рыхтуе змены і папраўкі ў Канстытуцыю, задаліся пытаннем, ці ў свеце ёсць права на абсалютную бясспрэчнасць, перадае «Orda».

«У Брунеі вось ёсць, у Канстытуцыі Брунею запісана, што султан Болкіях не можа памыляцца», – сам жа адказаў на гэтае пытанне дэпутат, дадаўшы, што ў Казахстане, «калі шчыра», было менавіта так.

У выніку чальцы канстытуцыйнай групы прыйшлі да высновы, што заканадаўчыя нормы аб «прывілеях, імунітэтах і эксклюзівах» першага прэзідэнта супярэчаць і духу, і літары Канстытуцыі. Таму іх прапануецца выдаліць.

«Адпаведна, калі гэтыя нормы сыходзяць з Канстытуцыі, то сыходзяць і законы, напісаныя на іх падставе: Закон аб елбасы, Закон аб першым прэзідэнту, як вы разумееце», – растлумачыў Сарым.

Паводле яго, «Назарбаеў пераходзіць у разрад гісторыі, і на яго будуць распаўсюджвацца роўна тыя ж патрабаванні, якія будуць распаўсюджвацца і на другога, і на восьмага, і на 101-га прэзідэнта».

Hавiны
Такаеў адмяніў папраўку аб старшынёўстве Назарбаева ў Савеце бяспекі
2022.02.07 15:03

Нагадаем, што ў лютым прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў падпісаў заканадаўчыя папраўкі, якія адмяняюць пажыццёвае старшынёўства першага прэзідэнта рэспублікі Нурсултана Назарбаева ў Асамблеі народу Казахстану (АНК) і Савеце бяспекі.

ПС belsat.eu

Стужка навінаў