Масавыя забойствы, катаванні, згвалтаванні. Ваенныя злачынствы расейцаў ва Украіне за два месяцы вайны


З уварвання Расеі ва Украіну прайшло ўжо 63 дні. За гэты час Офіс генеральнага пракурора Украіны зарэгістраваў 8488 ваенных злачынстваў расейцаў. Гэта афіцыйныя лічбы, і яны штодня павялічваецца. Мы паглядзелі, чым расейскія войскі «адзначыліся» на ўкраінскай зямлі за час вайны.

Забойствы мірных жыхароў

Паводле звестак Управы вярхоўнага камісара ААН на дзень 21 красавіка 2022 года, з пачатку ўварвання Расеі ва Украіну загінулі 2435 мірных жыхароў, яшчэ каля 3 тысячаў былі параненыя. Але ў той жа час ААН прызнае, што рэальная колькасць загінулых можа быць значна большай.

Пошукавая група шукае целы ў масавым пахаванні каля царквы ў Бучы, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Так, толькі пасля вызвалення Кіеўскай вобласці ад расейскай акупацыі былі знойдзеныя целы 1084 мірных жыхароў. Гэтыя людзі былі забітыя пераважна са стралковай зброі: кулямёт, снайперская вінтоўка або аўтамат.

У Марыупалі, які застаецца пад акупацыяй ужо два месяцы, колькасць забітых цывільных можа сягаць 22 000 чалавек, паводле дадзеных мясцовай гарадской рады.

Hавiны
Дарадца мэра: У Марыупалі загінулі не менш як 22 тыс. чалавек
2022.04.26 10:50

За 20 кіламетраў ад Марыупалю, у пасёлку Мангуш, знайшлі вялізную брацкую магілу. Радыё «Свабода» апублікавала спадарожнікавыя здымкі, на якіх бачная траншэя даўжынёй больш за 300 метраў. Яна з’явілася ў Мангушы напрыканцы сакавіка.

У Марыупальскай гарадской радзе лічаць, што ў гэтым паселішчы расейскія вайскоўцы зладзілі масавае пахаванне загінулых марыупальцаў, і ў магіле можа быць ад 3000 да 9000 тысяч целаў жыхароў гораду. Да такой высновы ўлады прыйшлі, калі параўналі памеры траншэі з брацкай магілай у Бучы, дзе ў 14-метровай брацкай магіле знайшлі целы 70 забітых. Памер траншэі ў Мангушы ў 20 разоў большы за магілу ў Бучы.

«У Марыупалі здзейсненае найбуйнейшае ваеннае злачынства ХХІ стагоддзя. Гэта новы Бабін Яр. Тады Гітлер забіваў габрэяў, ромаў і славянаў. А цяпер Пуцін знішчае ўкраінцаў», – заявіў мэр Марыупалю Вадзім Бойчанка.

У выніку расейскай агрэсіі ва Украіне гінуць таксама дзеці. На дзень 27 красавіка, паводле інфармацыі Офісу генеральнага пракурора Украіны, загінулі 217 дзяцей, былі параненыя – больш за 393.

Разня ў Бучы і Барадзянцы

На пачатку сакавіка расейцы акупавалі Кіеўшчыну. Каля гораду Буча ўкраінская армія спрабавала даць адпор (разам з украінцамі там ваявалі і беларусы, і там жа загінуў добраахвотнік з Беларусі Ілля Ліцвін), аднак сілы акупантаў аказаліся большымі. У выніку амаль месяц мястэчкі Кіеўскай вобласці былі пад акупацыяй.

31 сакавіка расейскія вайскоўцы сышлі з Бучы і Барадзянкі, 1 красавіка туды ўвайшла ўкраінская армія. Свет скалануўся ад страшных сведчанняў таго, што адбылося за час акупацыі – у Бучы дзясяткі мірных жыхароў ляжалі забітыя проста на вуліцах, некаторыя – са звязанымі рукамі. Былі знойдзеныя голыя целы жанчын з яўнымі слядамі таго, што іх спрабавалі спаліць. Паводле відавочцаў, горад быў проста «засеяны трупамі».

Гісторыі
«Цэлае пекла мы перажылі». Паразмаўлялі з жыхаркамі Бучы, якія перажылі расейскую акупацыю
2022.04.08 11:00

Васямнаццаць знявечаных целаў забітых мужчынаў, жанчын і дзяцей са слядамі катаванняў знайшлі ў сутарэнні аднаго з дамоў. Асаблівая жорсткасць была выяўлена за апошнія дні акупацыі, непасрэдна перад адступленнем – у акупаваным горадзе былі забітыя амаль усе мужчыны ад 18 да 60 гадоў.

У горадзе былі знойдзеныя брацкія магілы, з якіх дасталі дзясяткі забітых.

Украінскія ўлады заявілі, што ў Бучы загінулі больш за 420 чалавек, назвалі разню генацыдам і папрасілі Міжнародны крымінальны суд расследаваць падзеі.

Экскаватар загружае абломкі ў грузавік. У Барадзянцы працягваюць разбор завалаў. Барадзянка, Кіеўская вобласць, Украіна. 12 красавіка 2022 года.
Фота: Белсат

Падобная карціна адкрылася свету і ў пасёлку Барадзянка. Паводле мясцовых уладаў, мінімум 200 асобаў у Барадзянцы лічацца зніклымі без вестак.

Прымусовая дэпартацыя, фільтрацыйныя лагеры

Расейцы сілай вывозяць украінцаў з акупаваных тэрыторыяў у ДНР, ЛНР ці Расею. Ёсць сведчанні, што дэпартаваным прапаноўваюць уступаць ва Узброеныя сілы Расеі.

Паводле омбудсвумен Украіны Людмілы Дэнісавай, людзей вывозяць падманным шляхам, папярэдне пасеяўшы паніку: напрыклад, пагражаючы абстрэламі мірных кварталаў, як гэта было ў Мэлітопалі.

У паселішчы Вялікая Аляксандраўка Херсонскай вобласці, які застаецца пад акупацыяй, расейскія войскі загадалі мясцовым жыхарам пакінуць свае дамы да 28 красавіка, інакш іх дэпартуюць прымусова.

Дэпартаваных украінцаў накіроўваюць у фільтрацыйныя лагеры. У ваколіцах Марыупалю ёсць чатыры фільтрацыйныя лагеры, у якіх людзей трымаюць перад вывазам у Расею. Цяпер там перабываюць больш за 30 тысячаў чалавек. У лагерах украінцаў дапытваюць, правяраюць дакументы, тэлефоны, асабістыя рэчы, фатаграфуюць, здымаюць адбіткі пальцаў. Тыя, хто прайшоў праз лагеры, распавядаюць, што людзей прымушаюць распранацца, прычым жанчын у прысутнасці мужчынаў.

Агулам з захопленых тэрыторыяў Украіны ў Расею вывезлі больш за 878 000 чалавек, кажа обмудсвумен.

Гісторыі
«Прайшлі праз фільтрацыю». Гісторыі ўцекачоў з Марыупалю
2022.04.14 21:04

Жыхарка Марыупалю Людміла, якая прайшла праз «фільтрацыю», распавядала, што ў ДНР ва ўкраінцаў бралі адбіткі пальцаў, рабілі флюараграфію, рэгістравалі іх.

Пра фільтрацыю распавёў таксама іншы ўцякач з Марыупалю, Аляксандр, які з жонкай цяпер жыве ў Вільні:

«У людзей не проста запісвалі звесткі (імя, прозвішча, месца жыхарства), але яшчэ і адбіралі паводле пэўных прыкметаў – напрыклад, здаровых мужчынаў да 65 гадоў. Людзей абшуквалі, уважліва шукалі татуіроўкі. Пасля фільтрацыі людзей адпраўлялі ў розныя гарады Расеі».

Блакада Марыупалю

Цягам двух месяцаў у блакадзе застаецца Марыупаль. Горад амаль цалкам знішчаны. Каля 160 тысяч чалавек жывуць без доступу да камунікацыяў, вады, ежы, лекаў. Расейцы сістэматычна зрываюць спробы эвакуацыі мірнага насельніцтва.

Расейскія войскі скінулі некалькі звышмагутных бомбаў на дзіцячы шпіталь, знішчылі адзін з карпусоў гарадскога шпіталю № 1. Там жыўцом згарэлі амаль 50 чалавек. Яшчэ адну бомбу скінулі на будынак Драматычнага тэатру, пад якім ад абстрэлаў хаваліся больш за 900 чалавек. Пад заваламі загінулі не менш за 300 чалавек.

Гісторыі
Па той бок пекла. Марыупаль: другі месяц у блакадзе
2022.04.05 08:40

На сённяшні дзень у Марыупалі з дапамогай спадарожнікавых здымкаў атрымалася пацвердзіць прынамсі тры масавыя пахаванні ахвяраў расейскай акупацыі. Пра гэта ў эфіры «Студыі «Белсат» расказаў Пятро Андрушчанка, дарадца мэра Марыупалю. Паводле яго, таксама пацверджаная праца прынамсі двух мабільных крэматорыяў. Украінская выведка кажа пра 13 мабільных крэматорыяў, якія дапамагаюць хаваць сляды злачынстваў.

Цяпер у Марыупалі не менш за 2000 мірных жыхароў застаюцца на «Азоўсталі». Яны не маюць доступу да медыкаментаў, катастрафічная сітуацыя з вадой і ежай.

Знішчаная сістэма аховы здароўя

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, ва Усходняй Украіне амаль цалкам знішчаная сістэма аховы здароўя. Місія ААН ва Украіне зафіксавала прынамсі 114 нападаў на медычныя ўстановы. У сувязі з парушэннем абслугоўвання ў шэрагу акупаваных гарадоў і паселішчаў вырасла і агульная смяротнасць сярод мірнага насельніцтва. Загінулі прынамсі 3000 мірных жыхароў, якіх расейскія вайскоўцы змушалі заставацца ў сутарэннях або забаранялі пакідаць свае дамы некалькі дзён ці тыдняў.

Медычныя работнікі Федэральнага медыка-біялагічнага агенцтва Расеі (ФМБА) накладваюць павязку параненаму. Марыупаль, Украіна. 19 красавіка 2022 года.
Фота: Сяргей Бобылеў / Sergei Bobylev / TASS / Forum

Згвалтаванні

Услед за фотаздымкамі з Бучы і Барадзянкі свет ускалыхнулі гісторыі пра згвалтаванні, якіх робіцца ўсё больш. Расейцы масава гвалцяць жанчын на акупаваных тэрыторыях, ёсць выпадкі згвалтавання дзяцей. Але дакладную колькасць гэтых злачынстваў пакуль падлічыць цяжка, кажа омбудсвумен Украіны Людміла Дэнісава.

Падчас працы гарачай лініі для ахвяраў гвалту па дапамогу звярнуліся больш за 400 чалавек. Большасць званкоў – ад жыхароў вызваленых гарадоў у Кіеўскай вобласці: Бучы, Ірпіня, Гастомэлю.

Інтэрв’ю
«Разумела, што калі закрычу, нас перастраляюць». Гісторыя ўкраінкі, згвалтаванай расейскім вайскоўцам
2022.04.23 14:36

З пачатку вайны зафіксавана 11 выпадкаў, калі жанчыны зацяжаралі ад гвалтаўнікоў. Пацверджаны факт згвалтавання ў Бучы 14-гадовай дзяўчыны. Яна зацяжарала. Цяпер з дзяўчынай працуюць псіхолагі. Яна збіраецца пакінуць дзіця, бо лекары кажуць, што ў выпадку аборту рызыкуе больш не мець дзяцей.

Таксама ў Бучы расейскія вайскоўцы згвалтавалі 11-гадовага хлопчыка, і зрабілі гэта на вачах у ягонай мамы – яе прывязалі да крэсла і прымушалі глядзець.

Выкраданне людзей і ўзяцце закладнікаў

Затрыманне цывільных асобаў сталася шырока распаўсюджанаю практыкай у раёнах, якія кантралююцца расейскімі ўзброенымі сіламі і звязанымі з імі ўзброенымі фармаваннямі, паведамляла місія ААН. З 24 лютага былі зафіксаваныя 155 такіх выпадкаў у дачыненні мясцовых чыноўнікаў, журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў ды іншых. Некаторыя з іх зазнавалі катаванні або жорсткае абыходжанне, іх пакідалі без ежы і вады. Пяць ахвяраў выкраданняў былі знойдзеныя мёртвымі.

Агулам ва Украіне лічацца зніклымі без вестак 16 тысячаў чалавек, распавяла ў інтэрв’ю Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Людміла Дэнісава.

Вёска Шаўчэнкава, за 20 км ад Мікалаева па дарозе на Херсон, зазнала жорсткія абстрэлы з боку расейскіх вайскоўцаў, якія таксама скралі мэра. 31 сакавіка 2022 года.
Фота: Gilles Bader / Zuma Press / Forum

Вядома пра выпадкі патрабавання расейцамі выкупу за ўкраінцаў, якіх яны ўтрымліваюць у палоне. Украінскага салдата 109-й брыгады тэрытарыяльнай абароны Данецкай вобласці Аляксея Новікава 23 красавіка скралі расейскія вайскоўцы. Яны гатовыя яго адпусціць, але патрабуюць ад маці салдата выкуп 5 тысяч еўраў. Тэрмін жанчыне ставілі да панядзелка 25 красавіка, інакш салдата паабяцалі забіць і даслаць ягонай маці відэа з запісам забойства. Таксама скралі сына кіраўніка Запарожскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алега Бурака. Факты кіднэпінгу расейцамі зафіксаваныя міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.

Марадзёрства і крадзяжы

Расейцы масава крадуць рэчы ўкраінцаў на акупаванай тэрыторыі, вывозяць іх у Расею ці спрабуюць прадаць, у тым ліку, у Беларусі.

Паводле ўкраінскай выведкі, у беларускім горадзе Нароўля расейскія вайскоўцы стварылі базар для продажу нарабаванай ва Украіне маёмасці. Асартымент на гэтым базары – пральныя і пасудамыйныя машыны, лядоўні, ювелірныя вырабы, аўтамабілі, ровары, матацыклы, посуд, дываны, творы мастацтва, дзіцячыя цацкі, касметыка. То бок усё, што расейцы здабылі праз марадзёрства і рабаванне мірных жыхароў Украіны.

Аналітыка
Чым рабаванне адрозніваецца ад марадзёрства, разбіраемся разам з экспертамі
2022.04.05 12:52

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што расейскія салдаты ў Мазыры адпраўляюць у Расею шмат рэчаў. Робяць яны гэта праз аддзяленне расейскай службы экспрэс-дастаўкі СДЭК.

Эксперты зазначаюць, што паводле ўкраінскага Крымінальнага кодэксу гэта не марадзёрства, а рабунак, бо марадзёрства – гэта выкраданне рэчаў загінулых на полі бою людзей. Расейцы ж рабуюць не толькі мёртвых, але і пад пагрозай зброі забіраюць рэчы ў цывільных.

Захоп і абстрэл АЭС

24 лютага расейскія вайскоўцы захапілі Чарнобыльскую АЭС. Гэта першы выпадак сілавога захопу АЭС у гісторыі. Доўгі час на станцыі не маглі змяніць персанал, які там працаваў. Былі перабоі з электразабеспячэннем.

31 сакавіка расейскія захопнікі пакінулі тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС. Пры гэтым, як паведамляе ўкраінскае Дзяржаўнае агенцтва кіравання зонай адчужэння, падчас выхаду яны разрабавалі памяшканні, скралі тэхніку і іншыя каштоўныя рэчы.

Вядома, што расейскія вайскоўцы рабілі акопы ў Рудым лесе, дзе атрымалі дозы радыяцыйнага апраменьвання.

Каментар
Першы ў гісторыі сілавы захоп АЭС: што будзе далей?
2022.03.04 15:25

3 сакавіка расейскія войскі ва Украіне атакавалі Запарожскую АЭС – найбуйнейшую атамную станцыю ў Еўропе. На тэрыторыі станцыі пачаўся пажар, доўгі час туды не пускалі пажарнікаў.

Выкарыстанне забароненай зброі

Расея выкарыстоўвала ва Украіне вакуумныя бомбы, гіпергукавыя ракеты, фосфарныя і тэрмабарычныя боепрыпасы, касетныя снарады, асабліва небяспечныя супрацьпяхотныя міны. Уся гэтая зброя забароненая міжнароднымі канвенцыямі.

Пра ўжыванне гіпергукавых крылатых ракетаў «Кінжал» паведамляла Расейскае міністэрства абароны яшчэ 19 сакавіка. Гэта пацвердзіла брытанская выведка.

Расейскія вайскоўцы пазіруюць ля танка Т-80 на пазіцыі недалёка ад лініі фронту ля «Азоўсталі». Марыупаль, Украіна. 18 красавіка 2022 года.
Фота: Maximilian Clarke / Zuma Press / Forum

Таксама было неаднаразова зафіксавана выкарыстанне ва Украіне фосфарных боепрыпасаў. Акрамя наўпроставых раненняў, выкліканых аскепкамі гільзаў, боепрыпасы з белага фосфару могуць нанесці пашкоджанні двума асноўнымі спосабамі: апёкамі ці праз удыханне пароў. Зброя, якая ўтрымлівае белы фосфар, паводле міжнародных пагадненняў (Пратакол ІІІ да Канвенцыі аб канкрэтных відах звычайнай зброі) забароненая для выкарыстання супраць вайсковых цэляў, размешчаных унутры ці ў ваколіцах населеных вобласцяў.

11 красавіка полк «Азоў» паведамляў у «Тэлеграме», што ў Марыупалі расейскія войскі выкарысталі супраць украінцаў невядомае атрутнае рэчыва. Яго скінулі з беспілотніка. У пацярпелых назіралася дыхальная няздатнасць і вестыбула-атактычны сіндром. Выкарыстанне хімічнай зброі, аднак, не пацвердзілася, Міністэрства абароны Украіны выказвала меркаванне, што гэта магло быць уздзеянне фосфарных боепрыпасаў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра хімічную зброю і пагрозу яе выкарыстання ва Украіне
2022.04.12 18:32

Касетныя снарады ўтрымліваюць кантэйнер са шматлікімі аднатыповымі касетнымі баявымі элементамі. Такія снарады небяспечныя, бо могуць паражаць вялікую плошчу ў параўнанні з асобным боепрыпасам-монаблокам. Канвенцыя пра касетныя боепрыпасы ад 2008 года забараняе іх выкарыстанне ў баявых дзеяннях. Расейскія войскі ўжываюць касетныя снарады з 2014 года, калі імі абстрэльвалі Данбас, і цяпер выкарыстоўвае іх, пачынаючы з лютага, распавядалі даследчыкі «Bellingcat».

Супрацьпяхотныя міны паражаюць людзей прадуктамі выбуху (фугасныя) ці аскепкамі (аскепачныя). Выкарыстанне гэтых боепрыпасаў забаронена Атаўская канвенцыяй 1997 года.

Ганна Ганчар, belsat.eu

 

Стужка навінаў