Эксперт у пытаннях энергетыкі: ЕЗ можа існаваць без расейскага паліва, і пры гэтым эканоміка не абваліцца


З 27 красавіка Расея прыпыніла экспарт прыроднага газу ў Польшчу і Балгарыю. Такую захаду ў Маскве патлумачылі тым, што гэтыя краіны не аплацілі ранейшых паставак у расейскіх рублях, як патрабуе ўказ Пуціна. У Еўразвязе лічаць, што Крэмль такім чынам вырашыў шантажаваць ЕЗ. Гучаць заклікі адмовіцца ад расейскіх энерганосьбітаў. «Белсат» разам з экспертамі ў энергетычнай галіне высвятляў, ці можа Еўропа дазволіць сабе такі крок.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

«Газпром» прыпыніў пастаўкі прыроднага газу для балгарскай кампаніі «Булгаргаз» і польскай PGNiG. Расейцы заявілі, што не атрымалі ад гэтых краінаў красавіцкіх плацяжоў у рублях, як прадугледжвае ўказ Уладзіміра Пуціна. Еўразвяз адмаўляецца плаціць за газ у рублях.

«Гэта такі выклік з боку Крамля. Пуцін імкнецца дабіцца ад краінаў ЕЗ разлікаў у расейскіх рублях за пастаўлены прыродны газ. Еўразвяз адказвае, што такі крок стане парушэннем санкцыяў, якія ён увёў раней, і адмаўляецца ад такой формы аплаты. Пабачым, чым гэта скончыцца. ЕЗ прапаноўвае іншыя механізмы аплаты, але выглядае, што Пуцін не жадае кампрамісу», – кажа Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца.

Абноўлена
«Газпром» цалкам спыніў пастаўкі ў Балгарыю і Польшчу. Еўразвяз плануе адказаць
2022.04.27 13:01

Эксперт нагадвае, што амаль 40 % газу ў Еўропе – гэта расейскі газ. І добра, што цяпер за акном не зіма. Бо хутка знайсці альтэрнатыву – складана. Тым не менш, Польшча рыхтавалася да адмовы ад газу з Расеі.

«У Польшчы разглядаюцца альтэрнатыўныя пастаўкі газу, сярод якіх той Ямальскі газаправод, але ў адваротным кірунку. Гэта значыць, газ паступіць з Нямеччыны ў Польшчу аб’ёмам 5,5 млрд кубічных метраў. Каля 6,5 млрд кубаметраў газу паступіць у порт у Сьвінауйсьці (Świnoujście), чакаецца пастаўка з Славаччыны. У траўні сёлета будзе адкрыты зусім новы газаправод з Літвы, дзякуючы якому Польшча зможа экспартаваць газ з літоўскага тэрміналу аб’ёмам 2,5 млрд кубаметраў паліва. У лістападзе будзе створаны таксама новы газаправод, праз які паступіць каля 5,5 млрд кубічных метраў газу. Гэта ўсё дазволіць цалкам замяніць расейскі газ», – кажа Мацей Заневіч (Maciej Zaniewicz), эксперт у пытаннях энергетыкі з Польскага інстытуту міжнародных справаў.

Польшча, паводле ранейшых кантрактаў, набывала ў Расеі каля 9 млрд кубаметраў газу, што складала палову ад неабходнага. Кантракт яшчэ не закончыўся. Таму адмена паставак газу стала нечаканай для Варшавы, кажа польскі эксперт. Бо да гэтага часу Расея выконвала свае абавязкі. Але цяпер у Крамлі не клапоцяцца пра статус надзейнага партнёра.

Эканамістка Таццяна Манёнак кажа, што Еўразвяз намагаецца забяспечыць альтэрнатыўныя пастаўкі газу. У выніку гэта можа стаць сур’ёзнай праблемай для самой Расеі.

«Трэба разумець, што прыпыненне і абмежаванне паставак газу – таксама праблема і для Расеі. Гэта зусім не нафта, здабычу якой можна прыпыніць на некаторы час. А тут тэхналагічна працэс неперарыўны. Таму тут мы бачым такі палітычны выклік краінам ЕЗ», – кажа Таццяна Манёнак.

І выглядае, што ў ЕЗ гэты выклік прынялі. Кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен (Ursula von der Leyen) назвала рашэнне «Газпрому» спробаю Расеі шантажаваць Еўразвяз газам:

«Гэта неапраўдана і недапушчальна. І гэта яшчэ раз сведчыць пра ненадзейнасць Расеі як пастаўляльніка газу. Мы гатовыя да такога сцэнара. Мы шчыльна кантактуем з усімі дзяржавамі-чальцамі. Мы працуем над забеспячэннем альтэрнатыўных паставак і лепшых магчымых узроўняў захоўвання па ўсім ЕЗ».

Кіраўніца Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля (Roberta Metsola Tedesco Triccas) таксама агучыла сваю пазіцыю:

«ЕЗ не дапусціць шантажу. Мы не баімся Пуціна. Польшча, Балгарыя ды іншыя дзяржавы могуць разлічваць на нашае падтрыманне. Еўрапарламент заклікае да неадкладнага агульнаеўрапейскага эмбарга на пастаўкі энергіі, якія кантралююцца Крамлём. Прыйшоў час раз і назаўжды скараціць нашу залежнасць ад аўтакратаў».

Еўразвяз можа функцыянаваць і без расейскага газу

Эканамісты пагаджаюцца з тым, што Еўразвяз сапраўды можа адмовіцца ад расейскага газу.

«Тое, што можа зрабіць сёлета Еўразвяз, – гэта цалкам адмовіцца ад расейскай нафты. Гэта будзе даволі балюча для Крамля. Але Расея імкнецца пазбегчы гэтага і вырашыла адключыць газ, што для Еўропы даволі балючы ўдар. Праблема ў тым, што няма магчымасці, каб краіны ЕЗ увялі эмбарга на пастаўкі расейскага газу ўжо сёлета. Залежнасць краінаў ЕЗ даволі вялікая ад расейскага паліва. Альтэрнатыўных крыніцаў практычна няма. Да таго ж некаторыя краіны Еўразвязу раней не глядзелі на залежнасць ад Масквы ў справе паставак энерганосьбітаў як на праблему, але лічылі гэта развязаннем праблемы. Цяпер жа клопатаў стала яшчэ больш», – кажа Мацей Заневіч.

Эканаміст выказвае меркаванне, што калі б Расея ўжо цяпер адключыла газ для краінаў Еўропы, то гэта і стала б развязаннем праблемы, бо цяпер такой палітычнай волі ў краінах ЕЗ няма.

Пры гэтым эксперт перакананы, што нават сёння Еўропа цалкам можа існаваць без расейскага паліва, і пры гэтым эканоміка не абваліцца. Еўразвяз цяпер імпартуе каля 150 млрд кубічных метраў газу з Расеі за год.

«Паводле падлікаў Еўракамісіі, краіны ЕЗ могуць ужо сёлета адмовіцца ад 100 млрд кубаметраў расейскага паліва. Але 50 млрд застаюцца. Таму, безумоўна, гэтая адмова выкліча рост коштаў, рост інфляцыі. Яна ўжо цяпер на ўзроўні 10 %. Была б эканамічная стагнацыя, але цалкам прагназаваць уплыў адмовы даволі складана», – кажа эксперт.

Найбольш залежныя ў Еўропе ад расейскага газу – Аўстрыя і Нямеччына. Еўропа цяпер актыўна выкарыстоўвае энергію з аднаўляльных крыніцаў.

Шчыра кажучы
Наколькі эфектыўна дзеіць ваенная прапаганда ў Беларусі, Расеі ды Украіне?
2022.04.27 17:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў