Дапамога медыям і адказнасць Лукашэнкі. Офіс Ціханоўскай падвёў вынікі візіту ў Нямеччыну


Падчас візіту ў Нямеччыну Святлана Ціханоўская, Таццяна Хоміч і Вераніка Цапкала сустрэліся з прэзідэнтам Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам, мэрам Берліну Францыскаю Гіфай, спікерам Бундэстагу Бэрбэль Бас і лідарамі парламенцкіх фракцыяў. Офіс беларускай лідаркі падвёў вынікі візіту.

Святлана Ціханоўская і Франк-Вальтэр Штайнмаер.
Фота: Белсат

Як адзначаюць, бліжэйшым часам Нямеччына прэзентуе пакет дапамогі беларускім студэнтам, медыям, праваабарончым ды іншым ініцыятывам. Фінансаванне беларускай праграмы «Deutsche Welle» працягнецца. Асобна дапамогуць беларускім незалежным прафсаюзам, якія трапілі пад рэпрэсіі.

Таксама распрацоўваюць праграму рэабілітацыі для дзяцей палітвязняў, каб яны маглі наведаць Берлін. Таксама Нямеччына аптымізуе працэс прыняцця беларускіх уцекачоў з Беларусі і Украіны.

«Пытанне Беларусі і яе ролі ў вайне ва Украіне будзе ўзнімацца на бліжэйшых міжнародных форумах і шматбаковых сустрэчах. Нямеччына выразна адрознівае дзеянні Лукашэнкі і беларускі народ», – адзначылі ў офісе.

Апроч таго, дэпутаты Бундэстагу ўзнімуць пытанне прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасці ў межах міжнародных інстытуцыяў і Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе.

Асобна на сустрэчы з прэзідэнтам Штайнмаерам абмяркоўвалі магчымасць надаць гарантыі бяспекі новай Беларусі і ўдзел Беларусі ў перамовах пра бяспеку ў рэгіёне, калі такія адбудуцца.

Hавiны
Ціханоўская, Хоміч і Цапкала пачалі афіцыйны візіт у Берлін
2022.04.26 13:25

ПС belsat.eu

Стужка навінаў