«Адмыцца ад свайго расейскага мінулага». Адзін з кіраўнікоў «Газпромбанка» пайшоў са зброяй бараніць Украіну


Віцэ-прэзідэнт расейскага «Газпромбанка» Ігар Валабуеў у інтэрв’ю выданню «The Insider» паведаміў, што зʼехаў з Расеі і ўступіў у кіеўскую тэрытарыяльную абарону, каб са зброяй у руках абараняць Украіну.

Ігар Валабуеў.
Фота: gazprom.ru

Валабуеў, які прапрацаваў у сістэме «Газпрома» 33 гады, распавёў, што сам ён украінец, нарадзіўся ў Ахтырцы Сумскай вобласці і «не мог больш назіраць збоку, што робіць Расея». У Расеі ён нікому не расказаў, куды зʼязджае і навошта. З Масквы вылецеў у Стамбул, потым пераляцеў у Рыгу і далей праз Польшчу трапіў ва Украіну.

«Гэты мой візіт – як пакаянне. Я хачу адмыцца ад свайго расейскага мінулага. Я хачу застацца ва Украіне да перамогі», – сказаў Валабуеў.

Вайна Расеі ва Украіне, паводле яго, – гэта «міжнароднае злачынства» з боку «Пуціна, расейскай улады і на самой справе расейскага народу»:

«Бо тут забівае ўкраінцаў не Пуцін, крадзе ўнітазы не Пуцін, гвалціць жанчын не Пуцін. Гэта і ёсць расейскі народ. І я, хоць паводле нацыянальнасці ўкраінец, таксама нясу за гэта адказнасць».

Таксама Валабуеў пракаментаваў смерць былога віцэ-прэзідэнта «Газпромбанка» Уладзіслава Аваева і ягонай сямʼі. Паводле СК РФ, топ-менеджар забіў жонку і дзіця, а потым скончыў жыццё самагубствам. На думку Валабуева, самагубства інсцэнізаванае:

«Ён быў не проста віцэ-прэзідэнт, ён быў першы прэзідэнт, праз адну пасаду. Я не ведаю, чым ён займаўся, ніколі не быў з ім знаёмы і нічога пра яго не чуў да таго. Таксама я ведаю, што на момант нібыта ягонага самагубства ён быў дзейным першым віцэ-прэзідэнтам «Газпромбанка». Не веру ў тое, што ён мог забіць жонку і дачку, лічу, што гэта інсцэнізацыя. Чаму? Складана сказаць. Можа быць, ён нешта ведаў і ўяўляў нейкую небяспеку».

Інтэрв’ю
Палітолаг аб сітуацыі ў Крамлі: «Немагчыма наогул дасягнуць ніякага пагаднення»
2022.04.25 15:21

Нягледзячы на тое, што ў Расеі часта гучаць думкі, што санкцыі ды эканамічная блакада не дзеюць, палітолаг Аляксандр Марозаў упэўнены, што гэта не так. Для доказу сваёй пазіцыі ён прыводзіць словы старшыні Цэнтральнага банку РФ Эльвіры Набіулінай, якая кажа, што ўжо да канца другога кварталу гэтага года Расея сутыкнецца са структурнаю трансфармацыяй эканомікі.

У гэты ж час эксперт пакуль не бачыць перспектываў для змены ўлады ў Расеі праз санкцыі, бо ў краіне яшчэ няма людзей сярод палітычнай эліты, гатовых узяць на сябе адказнасць за будучыню:

«Мы бачым пакуль толькі, што тыя ці іншыя людзі выступаюць з нязгодай у дачыненні ваенных дзеянняў або з негатыўнай ацэнкаю наступстваў для Расеі ўсяго гэтага. Мы бачылі Дзерыпаску, Цінькова, Чубайс з’ехаў – такіх прыкладаў вельмі шмат. Але не фармуецца пакуль ніякага адказнага альянсу. Гэта галоўны момант у сыходзе Пуціна».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў