Наталлю Любецкую назвалі «памагатай Макара». Яна з’ехала за мяжу і распавяла, як сядзела ў СІЗА КДБ з сяброўкай Бабарыкі


Наталля Любецкая, фота: асабісты архіў

Лекарку Наталлю Любецкую затрымалі 31 сакавіка на Партызанскім праспекце ў Менску. Дзяржаўная беларуская тэлевізія сцвярджае, што яе схапілі «з архівам у руках», а ў тым архіве – звесткі пра тое, што Ігар Макар, якога вінавацяць у тэрарызме, хацеў атрымаць «злітыя дакументы КДБ». З фільму «Манкурты. Пастскрыптум» не было зразумела, што гэта былі за дакументы і ў чым вінавацяць Наталлю.

25 красавіка Ігар Макар расказаў на сваім Youtube-канале, што Наталля разам з дзецьмі зляцела ў Нямеччыну. Супраць яе нібыта пачалі крымінальныя справы за «здраду радзіме» і «дапамагу ў дзяржаўнай здрадзе».

Сёння Наталля мусіла ісці на допыт у КДБ Беларусі. Яна расказала «Белсату» пра затрыманне і ўмовы ў СІЗА КДБ.

Так і не пабачыла «сакрэтных папераў»

Наталля кажа, што вучылася з Ігарам Макарам, жыла недалёка ад яго. Ён папрасіў яе «забраць важныя паперы» ў аднаго чалавека ў Горадні, з тым чалавекам яна не была знаёмая.

«Сакрэтных папераў» яна так і не пабачыла. Наталля кажа, што яе затрымалі «без прадмета злачынства».

«Я не трымала ў руках ніякіх папераў, я іх нават не бачыла», – сцвярджае Наталля.

Той чалавек быў удзельнікам «спецыяльнай аперацыі», а «торба з паперамі» была падрыхтаваная «для фільму», кажа Наталля. На Ігара Макара яна не крыўдуе – лічыць, што яго самога падставілі, каб распачаць супраць яго крымінальныя справы.

Абноўлена
КДБ дадаў у афіцыйны спіс тэрарыстаў Ціханоўскую, Латушку, Матольку і былых сілавікоў
2021.04.02 18:25

Тры дні трымалі ў СІЗА, не пускалі адваката, але давалі падазроную каву

У няволі з Наталляй размаўлялі людзі, якія не называліся. Яна мяркуе, што гэта былі не следчыя, а аператыўнікі. Яна патрабавала даць ёй адваката, але тыя рэагавалі на патрабаванне як на нешта неверагоднае: яе пыталі, ці разумее яна, «куды трапіла». Пра затрыманне не далі паведаміць родным.

Наталлю затрымалі позна ўвечары, прывялі на допыт а 23-й гадзіне. Спачатку ёй казалі, што яе апытваюць як сведку, але потым – як падазраваную. Першы допыт ішоў да 6-й ранку.

«Мне назвалі артыкулы і кінулі перада мной Крымінальна-працэсуальны і Крымінальны кодэксы, – згадвае Наталля. – Я як разгарнула і пачытала, была ў шоку. А мне сказалі: «Чаму вы так здзіўляецеся?» 31 сакавіка, калі мяне затрымалі, яны Ігара Макара абвінавацілі ў тэрарызме. Сказалі: «Вось, памагатая, у змове з тэрарыстам – вы ведаеце, што ён тэрарыст?» Я сказала, што не».

Яна прасіла даць ёй паспаць, бо стамілася, але ёй запарвалі каву. Таксама ёй прапанавалі кроплі для сэрца – тлумачылі, што гэта, «каб не стала блага на допыце». У каву маглі дадаваць нейкія рэчывы, мяркуе Наталля, бо яна незвычайна сябе адчувала нават праз 10 дзён пасля допыту: засынала, быў гул у вушах, амаль нічога не чула. Праз дзень па вызваленні яна трапіла адразу ў два дарожныя здарэнні, хоць раней ніколі не трапляла ў ДТЗ.

Праз тры дні допытаў яе адпусцілі без афіцыйных папераў, нават не далі паперы для тлумачэння адсутнасці на працы – толькі выдалі тлумачэнне правоў падазраванай і сказалі чакаць. Наталля мяркуе, што гэта адбылося праз тое, што з ёй не працаваў следчы, а падставаў затрымліваць яе больш як на 72 гадзіны не знайшлося.

Аказалася ў адной камеры з сяброўкай Бабарыкі

У СІЗА КДБ Наталлю пасадзілі ў трохмясцовую камеру, дзе ўжо былі тры жанчыны. Адна з тых жанчын – Святлана Купрэева, сяброўка сям’і Бабарыкаў і чалец ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Наталля згадвае яе як вельмі добрую жанчыну: «Яна мяне ўвесь час абдымала, валасы заплятала, падтрымлівала вельмі моцна».

Святлана ўжо 10 месяцаў «сядзіць ні за што», кажа Наталля: афіцыйнага абвінавачання так і не выставілі. Аднойчы ў лютым, пераказвае Наталля, Святлана палезла зачыніць фортку, упала і зламала рэбры, але ёй не надалі ніякай дапамогі.

«Я не ведаю, як людзі прыстасоўваюцца да гэтых жудасных умоваў, – кажа Наталля. – Там літаральна ствараюць такія ўмовы, каб ламаць людзей псіхічна і фізічна, псаваць здароўе. Там прымушаюць усіх зняволеных выпісваць газету «Советская Белоруссия», усе зняволеныя яе мнуць і падкладаюць пад танюсенькія матрацы, бо іначай на металічных рэйках спаць немагчыма».

Hавiны
Стала вядома, у чым вінавацяць сяброўку сям’і Бабарыкі Святлану Купрэеву
2020.06.18 15:04

Сябры, блізкія і сам Макар пераканалі з’ехаць. Далей – няпэўнасць

Свайго сапраўднага статусу ў справе Наталля так і не даведалася. Знаёмыя і сябры, а таксама сам Ігар Макар, пераканалі яе з’ехаць – і яна без праблемаў вылецела ў Нямеччыну разам з дзецьмі. Цяпер яна адчувае сябе ў бяспецы, але не ўпэўненая ў будучыні: давядзецца пачынаць жыццё «з нуля» ў іншай краіне, а ў Беларусі яна пакінула ўсё, што нажыла, і тут засталіся ўсе сябры. Пакуль яна не прасіла прытулку ў Нямеччыне.

«У дзяржаве, дзе парушаюцца ўсе законы і правы, я баялася, што пасля сённяшняга дня не выйду з турмы, — тлумачыць яна. На думку Наталлі, на яе месцы мог аказацца любы беларус, а супраць яе маглі б з’явіцца любыя «доказы віны». — Мне, канечне, вельмі цяжка прыйдзецца, але не цяжэй, чым магло быць у Беларусі. Як мне кінулі гэтыя КК і КПК: «Ды ты тут будзеш гніць гэтыя 7, 15 гадоў!»

Hавiны
«Гэта была адкрытая размова, запіс рассылаўся шмат каму». Ігар Макар адказаў на новыя абвінавачанні ўладаў
2021.04.18 17:47

АА belsat.eu

Стужка навінаў