Лёгкаатлет Андрэй Краўчанка пачаў галадоўку салідарнасці з палітвязнямі


Беларускі фонд спартовай салідарнасці паведаміў, што лёгкаатлет і срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка 27 красавіка распачаў 10-дзённае галадаванне.

Беларускі лёгкаатлет і срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў Андрэй Краўчанка галадуе на знак салідарнасці з палітвязнямі.

«Я ні да чаго не заклікаю і не раю паўтараць, але мне вельмі цяжка страваваць гэтую жахлівую беларускую рэальнасць», — патлумачыў свой чын у размове з «Белсатам» Андрэй Краўчанка.

Акрамя таго, спартовец вырашыў выставіць на дабрачынны аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы па сяміборстве ў памяшканні. Краўчанка адзначае, што медаль яму асабліва дарагі, бо ён заваяваў яго з сур’ёзнай траўмай: маўляў, тады было балюча, але цяпер баліць у сто разоў мацней.

Краўчанку затрымлівалі 8 лістапада 2020 года ў цэнтры Менску. Ён кажа, «дасталі проста з машыны», пасля быў удар у скронь, «боль ад сцяжак на руках, 15 гадзінаў тварам да сцяны ў РУУСе і паездка ў Жодзіна», чатыры дні без сувязі з адвакатам. Спартоўца пакаралі 10-дзённым арыштам. За кратамі ён прапусціў першы дзень нараджэння дачкі і захварэў на каранавірусную інфекцыю.

«Мяне пужае тое, што арышты ператварыліся ў штодзённасць, сталі руцінай, – дадае Краўчанка. – А за кратамі проста цяпер сядзяць сапраўдныя людзі – гэта іх рэальныя жыцці, гэта паламаныя жыцці іх сем’яў. Ніхто не верне ім гэтага часу, яго ніколі нельга будзе нагнаць. І я не магу змірыцца з гэтым».

 

Hавiны
Следчы камітэт абвясціў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна ў вышук
2021.04.22 19:38

АА belsat.eu

Стужка навінаў