Аляксей Пятроўскі ходзіць па Мазыры з шасціканцовай зоркаю. «Гэта намёк, што мы ў гета фактычна»


71-гадовы мазыранін – удзельнік паслявыбарчых пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў. Тры разы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, нібыта за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах паводле арт. 23.34 КаАП РБ. Быў аштрафаваны агулам на 100 базавых велічыняў. Штодня ходзіць па горадзе ў белай куртцы і белых нагавіцах, з бела-чырвонымі шалікам і бейсболкай, у руках – калонка з улюбёнай музыкай. На грудзях і спіне – шасціканцовая бела-чырвоная зорка.

Аляксей Пятроўскі з шасціканцовай зоркаю.
Фота: Ганна Кавальчук / Белсат

З хваляваннем чакаў галасавання

У 1990-я гады актывіст браў удзел у некалькіх грамадска-палітычных кампаніях, але апошнія некалькі дзесяцігоддзяў палітыкаю не цікавіўся. Усё памянялася з пачаткам леташняй выбарнай кампаніі, калі спадар Аляксей пабачыў цікаўнасць людзей да выбараў і падтрыманне альтэрнатыўных кандыдатаў падчас збору подпісаў. З хваляваннем ён чакаў галасавання. Назіральнікам афіцыйным не быў, але штодня стаяў некалькі гадзінаў ля свайго выбарнага ўчастку і лічыў выбарцаў, якія прыйшлі галасаваць датэрмінова.

«Напярэдадні асноўнага дня галасавання ЦВК адрапартавала, што на Гомельшчыне прагаласавала 54 % выбарцаў, – згадвае спадар Аляксей. – Гэта мяне проста абурыла. Падчас датэрміновага галасавання я штодня ўвечары быў ля школы № 10, стаяў і назіраў, колькі прыходзіць людзей. Я не тое што паловы выбарцаў не ўбачыў – у будні прыходзілі лічаныя людзі і нават у суботу, у выходны, было вельмі мала чалавек на ўчастку».

Гісторыі
«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду
2021.04.25 18:31

У дзень асноўнага галасавання Аляксей Пятроўскі з жонкаю Тамарай прагаласавалі, сфатаграфавалі свае выбарчыя бюлетэні, кінулі ў скрыню, склаўшы іх гармонікам. Фотаздымак пазней даслалі на платформу «Голас».

Увечары пенсіянер быў у цэнтры Мазыра. Ён пабачыў там некалькі соцень людзей, пераважна маладзёнаў. Да іх падышоў міліцыянт і загадаў разысціся. Людзі пыталіся, навошта, чаму яны не могуць радавацца жыццю і адзначаць перамогу свайго кандыдата ў цэнтры гораду. Міліцыянт прапанаваў працягнуць святкаванне каля помніка Леніна. Калі спадар Аляксей ішоў дадому, яму насустрач ехаў аўтазак.

«На раніцу я прачытаў навіну, што моладзь каля помніка Леніна вінцілі, і не проста вінцілі, а яшчэ і збівалі. Мяне гэта шакавала, – з хваляваннем кажа спадар Аляксей. – Яны спачатку падалей ад сведак і людскіх вачэй прагналі моладзь, а потым падлянку зладзілі. Маладзёны ж нічога не рабілі: песні пелі, забаўляліся, крычалі: «Міліцыя з народам». Падумаў тады, што народ павінны збунтавацца – дзяцей збілі, шмат каго арыштавалі».

Аляксей Пятроўскі.
Фота: Ганна Кавальчук / Белсат

«Суддзя спытала, ці я на фотаздымку, і больш нічога не пыталася»

На наступны дзень Аляксей зноў быў у цэнтры, дзе ён чакаў убачыць натоўп абураных брутальнымі дзеяннямі сілавікоў бацькоў і сваякоў маладзёнаў, якіх ні за што жорстка збілі. Але апроч маладых людзей, ён зноў нікога не пабачыў, ані пенсіянераў, ані людзей сярэдняга веку. Але былі, вядома, сілавікі.

«Карціна алеем: пад’язджае міліцэйскі транспарт, адтуль вывальвае АМАП, шыхтуецца ўздоўж універмагу і пачынае ляпаць па шчытах, – прыгадвае вечар 10 жніўня пенсіянер. – Маладзёны пачалі разбягацца, нехта пабег па лесвіцы ўгару, нехта ў бок Леніна. Спыніліся на лесвіцы і крычаць: «Міліцыя з народам!» Я пачуў каманду, і гэтыя апрычнікі, іншага слова не маю, панесліся за маладзёнамі. Тыя ўрассыпную. Каго паспелі – схапілі і пацягнулі па прыступках уніз. І пры гэтым білі. А тыя ж нічога не зрабілі, нават крычалі, што міліцыя з народам. А іх пачалі біць самым зверскім чынам. На маіх вачах амапавец з міліцыянтам збівалі на горкі яблык хлопца, я падбег і закрычаў: «Што вы робіце, сынкі?» Хоць хацелася не сынкамі іх назваць, а галаварэзамі. Яны спыніліся».

Гісторыі
«Яна пайшла абараняць скрадзеныя галасы». Сярод 80 падсудных за масавыя беспарадкі ў Берасці – адзіная дзяўчына
2021.04.16 21:25

Пасля ўключэння інтэрнэту ў сераду, 12 жніўня, склалася карціна падзеяў першых дзён пасля пратэстаў у Беларусі. Абураны гвалтам сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў Аляксей Пятроўскі зрабіў плакат «Карнікаў – да адказу» і выйшаў да крамы «Светач». Калі пачаліся маршы пратэсту, хадзіў разам з усімі, выступаў на мітынгах.

«Мяне дзівіць, як за гэтыя 25 гадоў выгадавалі такую псярню ў чорных намордніках і ў чорнай спецвопратцы, якая з азвярэннем б’е сваіх жа грамадзянаў. У гэтым вінаватая не толькі сістэма, але і мы – старэйшае пакаленне, бо на нашым сумленні – нашае маўчанне і тое, што мы трывалі гэтых настаўнікаў-фальсіфікатараў. Вось таму і з’явіліся такія манкурты».

За ўдзел у маршах пратэсту на пенсіянера склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП РБ («Парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў»), а суд аштрафаваў на 30 базавых велічыняў.

Другі пратакол на яго склалі за фотаздымак з бел-чырвона-белым сцяжком разам з іншымі людзьмі каля «Еўраопту».

Аляксей Пятроўскі з жонкай і паплечніцаю Тамарай.
Фота: Ганна Кавальчук / Белсат

«Я быў на гэтым дзіка несанкцыянаваным «мітынгу» агулам мо дзесяць ці пятнаццаць хвілінаў, – распавядае спадар Аляксей. – Я казаў міліцыянтам, што гэта была нядзеля, дзіцячая пляцоўка, я меў права там быць, і ніякага мітынгу там не адбывалася, але гэтыя довады міліцыянтам былі не цікавыя»

Чарговы суд прызначыў Аляксею Пятроўскаму зноў 30 базавых велічыняў штрафу, нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Суд быў хуткі, мо хвілінаў дзесяць, – распавядае спадар Аляксей. – Суддзя спытала, ці на фотаздымку я, і больш нічога не пыталася. 30 базавых штрафу. Пасля суда я цвёрда вырашыў не падстаўляцца, каб не карміць гэтую зграю».

«Трэба мужыкам стаць мужыкамі, а жанчыны ў нас і так гераіні»

Аляксей Пятроўскі штодня стаў выпраўляцца на шпацыры са сваім сабакам, музычнай калонкай, маленькім бел-чырвона-белым сцяжком, у бела-чырвоным адзенні. Аднойчы ля яго спынілася белая машына, з якой выйшлі тры міліцыянты, прапанавалі сесці ў машыну, давезці да дому. Замест дому павезлі ў мясцовы РАУС, дзе нехта Канопліч склаў чарговы пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, нібыта спадар Аляксей ладзіў несанкцыянаваны мітынг.

Hавiны
«Фінансаў надта няма». У палітвязня са Жлобіна ўдома засталася цяжарная жонка
2021.04.09 13:52

«У пратаколе напісалі, што я рабіў мітынг, – кажа са смехам спадар Пятроўскі, – дзе я быў адзіным удзельнікам. Гэта пры тым, што я проста ішоў, слухаў музыку, ні з кім не размаўляў. У радыусе сарака метраў не было ніводнага чалавека».

Міліцыянты канфіскавалі калонку, кнопкавы тэлефон і сцяжок – «самую галоўную прыладу злачынства», – іранізуе пенсіянер. Суд Мазырскага раёну пакараў яго чарговым штрафам. Гэтым разам на 40 базавых велічыняў. Суддзя Ярмоленка адмовіла пенсіянеру ў тым, каб штраф вылічвалі часткамі з пенсіі.

Аляксей Пятроўскі з шасціканцовай зоркаю.
Фота: Ганна Кавальчук / Белсат

Пасля апошняга суда Аляксей Пятроўскі намаляваў шасцікутную бел-чырвоную зорку, павесіў яе на грудзях і спіне і гэтак ходзіць па горадзе.

«Гэта намёк на тое, што мы – тыя, хто не згодны, – у гета фактычна, як у свой час габрэі, якіх такімі зоркамі пазначалі нацысты», – тлумачыць спадар Аляксей.

З гэтымі зоркамі Аляксей Пятроўскі хадзіў і ў пракуратуру, дзе ён атрымаў пракурорскае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закону «Аб масавых мерапрыемствах».

Кожны дзень, нягледзячы на пераслед, Аляксей Пятроўскі ў БЧБ-адзенні шпацыруе па горадзе.

«Людзі, беларусы, мазыране, – заклікае пенсіянер, – апранайцеся такім жа чынам: святочна і з намёкам на сімволіку нашую. Чаму вы так баіцеся? Дык мы – народ ці быдла? Нам трэба быць салідарнымі. Бо ў нас нейкая авечая пакора. Нас на бойню вядуць, а мы пакорліва ідзем, схіліўшы галовы. Трэба ўсё ж вываліць усім і не сыходзіць, не здаваць адзін аднаго, зрабіцца людзьмі нарэшце: мужыкам стаць мужыкамі, а жанчыны ў нас і так гераіні».

Ганна Кавальчук, belsat.eu

Стужка навінаў