Сілавікі, спецтэхніка, затрыманні. Што адбываецца ў Менску 27 сакавіка


Прыхільнікі пераменаў плануюць правесці 27 сакавіка ў Менску вялікую акцыю пратэсту. Сілавікі з раніцы сцягваюць у цэнтр гораду спецтэхніку. Belsat.eu вядзе стрым, прысвечаны сённяшнім падзеям.

18.00. Telegram-канал @spiski_okrestina паведамляе, што Наталля Дуліна на волі.

17.55. Згодна са звесткамі валанцёраў, некаторых затрыманых сёння адпускалі з РУУС. У прыватнасці, з Партызанскага выпусцілі ўсіх студэнтаў.

17.50. «РИА Новости» са спасылкаю на МУС Беларусі паведамляе, што сёння ў аддзяленні міліцыі прывезлі больш як 100 затрыманых.

17.21. Камуністы фатаграфуюцца разам з прапагандыстам Грыгорам Азаронкам і Канстанцінам Прыдыбайла каля помніка на плошчы Перамогі.



17.10. Валанцёры спісаў паведамляюць, што трох чалавек адпусцілі з Партызанскага РУУС.

16.55. Сілавікі вяртаюцца ў Ваенны гарадок, паведамляюць чытачы.

16.50. МУС паведамляе пра затрыманне ў раёне метро «Пушкінская» мужчыны з газавым і сігнальным пісталетамі. Яшчэ ў яго нібыта знайшлі патроны, лазерную ўказку ды сцізорык (раскладны нож).

Мужчыне, згодна са звесткамі МУС, 30 гадоў. Ён жыхар Вілейскага раёну.

16.46. Відавочцы паведамляюць, што большая частка сілавікоў з’ехала з раёну плошчы Бангалор.

16.30. Валанцёрам вядома пра як мінімум 30 затрыманых у Менску.

16.10. На Кульман з боку «Манеткі» хапаюць людзей з заплечнікамі. Затрымалі некалькіх маладзёнаў, якія проста чакалі замоўленую шаурму ў чарзе.

16.05. Паведамляюць пра затрыманне фатографаў «Спутника» і БелТЫ.

15.51. У Менску на праўладным аўтапрабегу заўважылі машыны са сцягамі ДНР.

15.47. Шмат тэхнікі з сілавікамі рухаецца ў бок Камароўкі.

15.40. Затрымана карэспандэнтка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая.

15.34. Затрымалі сяброўку Каардынацыйнае рады Наталлю Дуліну.

15.28. Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і фатографку Надзею Бужан затрымалі ў раёне плошчы Бангалор. Іх спынілі ДАІшнікі.

15.15. Паведамляюць, што ў раёне Бангалору апроч аўтазакаў і бусаў праходзіць аўтапрабег на дарагіх аўтамабілях з чырвона-зялёнымі сцягамі. На некаторых аўтамабілях нават заўважылі расейскія сцягі.

15.10. ГЦ «Еўропа» зачынілі, усіх людзей выгналі на вуліцу. Шмат людзей на скрыжаванні каля «Рыгі», а таксама ў бок Камароўкі па Куйбышава.

15.05. Вялізарны БЧБ-сцяг заўважаны ў раёне Уручча.

15.00. У Менску перакрываюць Кастрычніцкую плошчу, паведамляюць падпісанты.

14.58. Затрыманая таксама рэдактарка TUT.BY Галіна Уласік. Яна знаходзілася ў раёне плошчы Бангалор у адной з установаў грамадскага харчавання, паведамляе @tutby_official.

14.34. Паведамляюць пра перакрыццё вул. Сурганава. Імаверна будзе зачыстка. Таксама ідзе хапун на Багдановіча.

14.32. У Менску затрымалі рэдактарку TUT.by Ганну Калтыгіну, паведамляе @tutby_official

14.16. Відавочцы паведамляюць пра затрыманні ў раёне плошчы Бангалор ля «Макдональдса».

13.46.

12:52. Акцыя пратэсту яшчэ не пачалася, але Следчы камітэт ужо распачаў крымінальную справу і абяцае пасадзіць усіх, хто выйдзе сёння на вуліцу.

Як піша БелТА, УСК па горадзе Менску распачало крымінальную справу па факце размяшчэння заклікаў у Telegram-каналах да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 27 сакавіка.

Крымінальная вытворчасць адкрыта на падставе арт. 342 КК («арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Следчы камітэт пагражае, што асобы, якія прымуць удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці.

12:33. У Менску ўжо пачаліся першыя затрыманні. Паведамляецца пра затрыманне каля метро «Пушкінская». Людзей на вуліцах выбарачна спыняюць і даглядаюць мабільныя тэлефоны. На плошчы Дзяржаўнага сцяга, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Лукашэнкі, прыбыла тэхніка сілавікоў з асабістым складам.

Каардынацыю сённяшняй акцыі ўзяла на сябе ініцыятыва былых сілавікоў ByPol і шэраг пратэставых тэлеграм-каналаў. Кропкай канчатковага збору была абвешчана плошча Бангалор, пачатак – а 14-й.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў