У Віцебску затрымалі двух мужчынаў – іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы «масавых беспарадкаў»


Следчы камітэт паведаміў, што двое жыхароў Віцебску з лістапада 2020 года па 9 лютага 2021 года нібыта «стварылі ўмовы для свайго ўдзелу і ўдзелу іншых людзей у масавых беспарадках».

Як сцвярджаюць у СК, 38-гадовы і 43-гадовы жыхары Віцебску «набылі шкляныя бутэлькі, фрагменты пенапласту і бутэлькі з гаручай вадкасцю, падрыхтавалі іх для выкарыстання і захоўвалі ў сябе ў гаражы». Падчас ператрусу ў аднаго з затрыманых нібыта знайшлі 5 грамаў марыхуаны.

Фота – sk.gov.by

У дачыненні затрыманых распачатыя крымінальныя справы па ч.1 арт.328 («незаконны абарот наркотыкаў») і ч.1 арт.13, ч.1 арт.293 («падрыхтоўка масавых беспарадкаў») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У СК падкрэсліваюць, што абвінавачаныя ў 2020 годзе неаднаразова прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці па арт.23.34 («парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») КаАП за ўдзел у пратэстах.

Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Са жніўня былі распачатыя больш за 2400 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі, 302 чалавека па стане на 26 сакавіка прызнаныя палітвязнямі. Тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, больш за 33 тысячы чалавек былі затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Паводле розных ацэнак, ад 4 да 10 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў