«Калегі не змаглі ахвяраваць куском хлеба, які нам і так кідаюць як сабакам». Сям'я тэатралаў – пра свае расчараванні


Андрэй i Дар’я Новік з сынам Ромай.
Фота: Агата Квятковская / Белсат

Яшчэ нядаўна Дар’я і Андрэй Новікі працавалі ў дзяржаўных тэатрах і адначасова займаліся некалькімі незалежнымі тэатральнымі праектамі. 26 кастрычніка Андрэй далучыўся да ўсеагульнай забастоўкі і звольніўся з любімага РТБД. Дар’я, салістка хору Вялікага тэатру оперы і балета, цяпер знаходзіцца ў дэкрэце, але не ўпэўненая, што пасля яго заканчэння зможа працаваць побач з калегамі, якія пагражалі ёй высяленнем з кватэры. Андрэй пайшоў у таксі. У сям’і, у рэшце рэшт, з’явіліся думкі пра пераезд у іншую краіну.

Нават у дэкрэце, калі ў жніўні пачаўся пратэставы рух, Дар’я актыўна ўдзельнічала ў працэсах, што адбываліся тады ў Вялікім, – размаўляла з кіраўніцтвам, падпісвала звароты, удзельнічала ў акцыях салідарнасці на прыступках ля тэатру.

«Я ўпэўненая, калі б не дэкрэт, я б ужо была звольненая разам з астатнімі. Але пасля звальнення першай скрыпкі Рэгіны Саркісавай і сама сышла б: лічу, што гэта злачынства перад мастацтвам, першая скрыпка і ёсць тэатр. У гэты момант я падумала, што не вярнуся ў оперны, калі там нічога не зменіцца, бо папросту не змагу працаваць там, адкуль выкінулі калег, з якімі я была ў адной лодцы.

Потым на маё імя ў тэатр прыйшоў ліст, маўляў, у мяне на акне вісіць бел-чырвона-белы сцяг і на мітынгу я была з дзіцяці, хаця апошняе – няпраўда. Па тэлефоне мне сказалі, што калі гэта будзе працягвацца, мяне выселяць з кватэры, з шасцімесячным сынам. Я адказала: «Вялікі дзякуй, калега». Гэта я таксама не магу прабачыць».

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Новікі жывуць у так званым арэндным жыллі – кватэру ў дзяржавы арандуюць ад Вялікага тэатру. Сума за месяц прыкладна роўная дэкрэтным выплатам. «Калі я ў 2014 годзе пачынаў у РТБД, мой заробак быў мільён семсот рублёў, а наша жыроўка – мільён восемсот», – кажа Андрэй.

«Я разумеў, што ў гэты момант усё залежыць ад нас»

Заява акцёра на звальненне была напісаная яшчэ ў жніўні. Андрэй папярэдзіў кіраўніцтва тэатру, што калі ў краіне нічога не зменіцца, яе прыйдзецца падпісаць. «Пасля выбараў я хадзіў на рэпетыцыі, граў спектаклі, але нічога не адчуваў. Як цяпер можна іграць тыя ж пастаноўкі, што і два гады таму, і намагацца знайсці ў іх нешта актуальнае? Я проста функцыянаваў і нічога не мог як актор, у мяне нічога не нараджалася».

Перад усеагульнай забастоўкай калектыў некалькі разоў збіраўся, каб вырашыць, што рабіць. Тады РТБД пагражалі закрыць, і калега спытаў у Андрэя, ці гатовы ён узяць адказнасць за ўсіх, калі з-за страйку тэатр распусцяць. Хлопец сказаў, што не гатовы, затое гатовы ўзяць адказнасць за сябе.

«У РТБД шмат людзей сталага ўзросту, страту тэатру яны, магчыма, не перажылі б. Але я разумеў, што ў гэты момант усё залежыць ад нас, таму альбо ты кажаш сваё слова, альбо маўчыш, пасля можа быць позна. Крывадушна патрабаваць забастоўкі ад заводаў, а самім ісці працаваць, наадварот, трэба, каб яны разумелі, што не адны. Калектыўнага рашэння не было, я некалькі дзён разважаў, што мне рабіць, нават калі 26-га ехаў на рэпетыцыю, яшчэ думаў. А калі прыехаў, замест рэпетыцыі пайшоў да мастацкага кіраўніка і сказаў, што ўсё ж такі не магу застацца».

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У той дзень актор вярнуўся дадому, калі Дар’я з сяброўкамі рэпетавалі. Ён зайшоў на кухню, дастаў з заплечніка бутэльку старкі, паставіў яе на стол і сказаў: «Я звольніўся». Жонка была да гэтага гатовая: «Канешне, было балюча, бо гэта столькі гадоў жыцця і мой любімы тэатр, але трэба нечым ахвяраваць».

«Тут нічога нельга рабіць, бо цябе альбо закрыюць, альбо арыштуюць»

Дар’я з Андрэем пазнаёміліся ў інтэрнаце Акадэміі мастацтваў. «Ён быў такі брутальны мэн, я ўбачыла яго і падумала: «Божа мой, набралі нейкі зброд, Акадэмія мастацтваў, называецца». Мы ж на другім курсе ўжо лічылі сябе народнымі артысткамі». Потым Андрэй паслізнуўся ў ваннай і да Дар’і давялося ісці па неабходныя медыкаменты. Разам пара ўжо дзевяць гадоў, іх сыну Раману год.

Цяпер тэатру ў іх жыцці амаль не засталося – абодва занятыя ў незалежных праектах, але, кажуць, гэта крыхі. «Асноўнае ўжо ліквідавана, – расказвае Андрэй. – Можна намагацца нешта рабіць па крупінках, але і гэта больш падобна на партызаншчыну: ты рэпетуеш і хоць не робіш нічога радыкальнага, усё роўна баішся, што нехта падумае, што ты робіш нешта не тое. Калі яшчэ напачатку пандэміі ў нас былі нейкія планы і надзеі, што яна скончыцца і па вясне ў сферы тэатру ўсё нармалізуецца, то цяпер мары развеяліся. Тут нічога нельга рабіць, бо цябе альбо закрыюць, альбо арыштуюць».

Фота: Агата Квятковская / Белсат

Дар’я лічыць, што з разбурэннем Купалаўскага быў разбураны беларускі тэатр увогуле, да таго ж ён больш неактуальны, таму што кожнае выказванне са сцэны кантралюецца. «Цэнзура раздражняла заўсёды, але раней, нягледзячы на тое, што нам затыкалі рот, нейкімі алегорыямі выказацца мы ўсё ж маглі. Цяпер незалежны тэатр папросту блакуюць, людзі пачынаюць баяцца.

Я ўпэўненая, калі так працягнецца, праз паўгады у тэатры будуць проста прыходзіць і загадваць: «Гэта вы ставіце, а гэта не ставіце, і чырвона-зялёны сцяг, калі ласка, на сцэне павесце».

Сёння асноўныя грошы ў сям’ю прыносіць праца ў таксі – Андрэй пайшоў туды на час, каб «падтрымаць штаны». Графік дазваляе не кідаць тэатр і замяняць Дар’ю, калі тая працуе. З калегамі і былымі калегамі сужэнцы амаль не камунікуюць.

«Я ўдзячная гадам у Вялікім, але заўсёды разумела, што заставацца тут да старасці не хачу: увесь калектыў працуе на дырэктара і дваццаць замаў, а да цябе няма ніякай павагі. Ты працуеш, аддаеш свае сілы, талент, голас і ведаеш, што калі будзеш зношаны, цябе проста выкінуць. Пры гэтым табе ўвесь час будуць тыкаць, што ты нейкі не такі і ўвогуле не вельмі добры. Іх быццам недзе гэтаму вучаць – прыніжаць твае вартасці, каб апраўдваць маленькі заробак і каб ты не рыпаўся са свайго месца».

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

На адным са збораў перад звальненнем Андрэй сказаў мастацкаму кіраўніку тэатру, маўляў, упершыню шкадуе, што ён не купалавец. «У нас у РТБД усё было цудоўна: дружны калектыў, сяброўскія стасункі з кіраўніцтвам і калегамі і самыя крутыя пастаноўкі. Але калі ўзнікла патрэба нешта рабіць, аказалася, меркаванні ва ўсіх розныя. Пасля таго, як я сышоў з тэатру, некаторыя калегі пісалі мне, што я здраднік».

«У цябе няма часу на свае праекты, бо ты ўколваеш, каб пракарміцца»

Цяпер Дар’я вучыць англійскую мову, а Андрэй разглядае варыянты, куды можна з’ехаць, калі прыйдзецца рабіць гэта хутка.

«Мы будзем бадацца да апошняга, пакуль не акажамся ў небяспецы альбо я проста не зразумею, што ў гэтай краіне больш не магу забяспечыць сям’ю. Зрэшты, мы і цяпер балансуем ледзь не на пражытачным мінімуме – хапае купіць ежы, падгузнікі і заправіць машыну, прытым што ў таксі я зарабляю больш, чым у тэатры».

У свой час сужэнцы атрымлівалі прапановы аб пераездзе за мяжу, але прынялі рашэнне застацца. «Мы неяк прыехалі дадому, селі, абмеркавалі, з’язджаць ці не, і прыйшлі да таго, што хочам нешта рабіць тут. Прайшло шэсць гадоў, і я разумею, што нічога так і не зрабіў, хіба крупінкі: у цябе фізічна няма часу на свае праекты, таму што ты ўколваеш, каб пракарміцца».

Фота: Агата Квятковская / Белсат

Праз сённяшняе зацісканне культуры Дар’я прыйшла да высновы, што пры гэтай уладзе яе сям’і жыць у Беларусі амаль немагчыма. І адзіны пратэст, які яны яшчэ могуць зрабіць, гэта з’ехаць, каб не карміць рэжым.

«Мая мама ўсё жыццё прапрацавала дырэктарам фабрыкі – яны была з сумленных кіраўнікоў, нічога лішняга ніколі не брала, нават кватэру сабе не пабудавала. Яна працавала без адпачынкаў, помню, як я плакала і прасіла яе вызваліцца хаця б на пару дзён, а яна адказвала, што не можа. У выніку яна выйшла на пенсію і жыве на гэтыя крыхі. Я гляджу на гэта, і мне сумна, мы разам марылі, што вось калі-небудзь што-небудзь, а яно так і не адбылося. Мне хочацца, калі ў яе нечага не атрымалася, самой гэтага дасягнуць, а цяпер яна яшчэ і нам дапамагае».

«Я з пачатку вучобы ўсё марыў: зараз я зраблю, зараблю, што-небудзь прыдумаю, пайду ў рэжысуру ці бізнес і пабудую бацькам дом, – працягвае Андрэй. – Гэта была мая мара, я прама бачыў перад сном, як адпраўляю маці на курорт, яна вяртаецца і ўжо дом стаіць. Зараз я ёй званю і кажу: «Мама, можа, у цябе ёсць пазычыць? Мне трэба заплаціць за «Халву». Цяпер у нас запушчана існаванне ў чаканні, і як доўга гэта працягнецца, я не ведаю. Але я са страхам думаю, што нічога не зменіцца, і калі мне самому давядзецца выходзіць на пенсію, я буду жыць так жа, як жывуць пенсіянеры цяпер. Я так не хачу і не хачу ўсяго гэтага для свайго сына».

Дар’я і Андрэй ігралі спектаклі нават увосень, калі ў краіне былі жорсткія хапуны, – дзяцёнак, бывала, быў з хросным побач у калясцы. Кажуць, балюча, што калі справа дайшла да забастоўкі, калегі «не змаглі ахвяраваць куском хлеба, які нам і так кідаюць як сабакам».

Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

«Калі ў нас былі кансалідацыя і адзінства, я адмятаў усе думкі аб пераездзе: так, цяжка, але будзем стаяць да канца, да перамогі, – расказвае Андрэй. – Але ў большасці, якая хоча перамен, калі справа даходзіць да дзеянняў, хата аказваецца з краю. Забастоўка магла б спрацаваць, гэта тая самая мірная барацьба без крыві, але трэба было нечым ахвяраваць. А калі чалавек не гатовы нічым ахвяраваць, значыць, ён варты таго, каб жыць у нашых сённяшніх умовах».

Сужэнцы мяркуюць з’ехаць з арэнднай кватэры і пераехаць да бацькоў, і гэта будзе значыць, што іх будучыня ўжо звязаная з іншай краінай. Але калі вярнуцца назад, яны зрабілі б усё тое самае.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў