Жыхары Кіева бароняць сталіцу


Жыхар Кіева Міхаіл Лукаш жыве ў раёне Траеччына, гэта аддалены ад цэнтру, даволі вядомы сваёй нефармальнай культурай раён. Міхаіл учора ўвечары спусціўся з жонкаю ў бамбасховішча, бо пра гэта прасілі жыхароў сталіцы. Пра тое, як прайшла ноч у Кіеве, ён распавёў у эфіры «Белсату».

Міхал Лукаш, які жыве ў Кіеве, распавёў пра мясцовую самаабарону ў сталіцы Украіны. Валанцёр кажа, што жыхарам выдалі зброю. Мужчыны і жанчыны цяпер актыўна дапамагаюць бараніць сталіцу. Толькі за мінулыя содні жыхары гораду выявілі 60 дыверсантаў. Людзі вельмі ўважліва сочаць за незнаёмымі.

«Калі чалавек штосьці фарбуе, яго хапаюць, а гэта Траеччына! І покуль чакаюць уладаў, яму выпадае туга, у лепшым выпадку абыходзяцца гузакамі. Учора на свае вочы бачылі, як добраахвотніцкія аб’яднанні вылавілі аднаго дыверсанта – малады хлопец. Яго паставілі галавой у сцяну, абвязалі скотчам і праверылі рэчы.

Мне здаецца, праект з дыверсантамі доўгатэрміновы. Імаверна, яны даўно жылі або здымалі жытло ў раёнах Кіева і іншых гарадах. І ў час «Ч» пачалі дзеяць – наносяць меткі для паражэння цэляў, арыентавання расейцаў», – кажа Міхаіл.

Таксама Міхаіл кажа, што Кіеў цяпер пакінуць цяжка, ягоны знаёмец не мог пераехаць на іншы бок Дняпра, бо ўкраінскія сілы чакалі працу дыверсійнай групы і блакавалі ўсе масты на рацэ, якая падзяляе горад на дзве часткі.

«Агулам наш настрой быў цяжкі два-тры дні таму. Цяпер чалавек звыклы да ўсяго. Мы з жонкаю вельмі цешымся поспехам і трываласці нашай арміі».

Напрыканцы Міхаіл распавёў, як абыходзяцца з расейскімі вайскоўцамі.

«Яны галодныя, халодныя, ідуць па хатах і просяць ежу. Нашыя жанчыны кормяць іх, але перад тым просяць аддаць бронекамізэлькі і зброю. А потым тэлефануюць СБУ або тэрабароне».

Шмат хто не мае нянавісці да расейцаў, беларусаў, але ёсць жаданне спыніць ворага, тлумачыць жыхар Украіны.

 

belsat.eu

Стужка навінаў