«Я ўжо ўцёк з краіны, куды далей – зноў уцякаць?» Гісторыі беларусаў, якія засталіся ва Украіне, каб дапамагаць


У літоўскай сталіцы адбылася акцыя адзінства і салідарнасці з Украінай «Святло свабоды». На яе прыйшлі некалькі тысячаў чалавек. Вільня, Літва. 24 лютага 2022.
Фота: КК / Белсат

Максім, 27 гадоў. Жыве ў Кіеве

Я перабраўся ў Кіеў 5 студзеня 2021 года, пасля палітычнага крызісу ў Беларусі, з-за пагрозы ўласнай бяспецы.

Вайна для мяне не стала шокам, бо ў розны час называліся розныя даты, калі яна можа пачацца. Казалі і пра 16 лютага, казалі і пра 23 лютага, таму мы рыхтаваліся. Куплялі ежу, ваду, паперу. Глядзелі, дзе есць нейкія сховішчы. Але ўсё роўна спадзяваліся, што не нападуць, што будзе нейкая эскалацыя на Данбасе, але не па ўсёй краіне.

Яшчэ ў студзені, калі пайшлі навіны, што пачнецца вайна, я вырашыў для сябе, што я застаюся тут, бо адзін раз я ўжо ўцёк з краіны, і куды далей – зноў уцякаць? У Польшчу ці яшчэ куды? І вырашыў, што застануся тут, каб дапамагаць людзям тут, на месцы. Таму што гэта іхная зямля, таксама і мая зямля, мой бацька родам адсюль. І цяпер я ў Кіеве.

Кіеўскае метро, Украіна. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

У кожным раёне ёсць атрады тэрытарыяльнай абароны. Прыходзіш туды – патрэбны пашпарт, копія кантракту рэзерву Узброеных сілаў Украіны. Потым ідзеш, гэтыя дамовы рэгіструеш, а пасля ўжо атрымліваеш зброю, і цябе размяркоўваць у атрад. Я намагаўся зрабіць гэта, але ў мяне не атрымалася. Сказалі на рэгістрацыі, што беларусам зброю выдаваць не будуць.

Калі казаць пра збройную дапамогу, то ёсць яшчэ дабрабаты так званыя, да якіх можна далучыцца, калі ведаць кантакты. Таксама ведаю, што арганізоўваюць беларускі батальён.

Што датычыць добраахвотных батальёнаў, я скажу так, гэта не мой фармат. Гэта вельмі стрэсава, калі стаіш нават у той чарзе, каб атрымаць зброю. Гэта вялікае пытанне да кожнага: ці гатовы ты сапраўды ўзяць аўтамат і ісці бараніць, калі не ты не баец?

Я ўжо крыху дапамагаў людзям рэчамі, аддаў свае заплечнікі, медыкаменты. Пайду ў лякарню, там прапаную сваю дапамогу.

Аналітыка
Чаму Украіна ваюе адна, і чым ёй дапамагае Захад?
2022.02.26 21:25

Арына, 21 год. Жыве ў Івана-Франкоўску

Я пераехала ва Украіну ў ліпені 2021 года. Пераехала я таму, што мяне з маімі сябрамі затрымалі кдбшнікі і, натуральна, пагражалі турмой, калі я не з’еду.

Калі мы з сябрамі паехалі вандраваць і я ўбачыла Івана-Франкоўск, я вырашыла, што гэта горад, у якім бы я хацела б пажыць, закрыла ўсе свае справы ў Кіеве і роўна два тыдні таму нарэшце пераехала.

Здымкі даслала субяседніца / Белсат

Я прачнулася, але не ад выбухаў, якія былі ў Франкоўску, і пабачыла каментары ў Інстаграме: «Кіеў бамбяць, як ты там?» Я нікому асабліва не казала, што пераязджаю, таму шмат якія знаёмыя думалі, што я ў Кіеве, і занепакоіліся. Я спачатку падумала, што гэта нейкі пранк, стала праглядаць навіны і калі пабачыла навіны з такіх крыніц, як радыё «Свабода», зразумела, што гэта праўда. Я цяпер жыву са сваім сябрам, і я пабегла да яго ў пакой з крыкам: «Прачынайся, вайна пачалася!». Ён таксама спачатку падумаў, што гэта нейкі пранк.

Аналітыка
Чаму Украіна ваюе адна, і чым ёй дапамагае Захад?
2022.02.26 21:25

Я ўсё яшчэ застаюся ва Украіне. Івана-Франкоўск цяпер далёка ад баявых дзеянняў і блізкі да мяжы, я ў любы момант магу знайсці машыну і з’ехаць. Але я не хачу гэтага рабіць, проста цяжка патлумачыць, што не хачу.

Я патэлефанавала ў цэнтр здачы крыві ў Франкоўску, запытала, ці магу я здаць кроў, калі я беларуска. Мне адказалі, што калі маю дакументы, якія пацвярджаюць, што я жыву ва Украіне, то так. Я падумала, што гэта добрая ідэя, бо тут няма пакуль атрадаў тэрытарыяльнай абароны. І я вырашыла, што першае, што магу зрабіць, – здаць кроў. Там была велічэзная чарга, і мне гэта нагадала Менск 2020 года, бо было шмат валанцёраў, якія раздавалі ежу, ваду, гарбату, печыва, шакаладкі, піццу, каб людзі не галадалі, бо ў чарзе холадна і кроў здаваць трэба паеўшы.

Аналітыка
Расея год рыхтавала напад на Украіну. Хроніка падзеяў
2022.02.24 13:16

І мне было вельмі сорамна стаяць гэты час у чарзе, мяне моцна накрывала. Побач размаўлялі жанчыны, яны намагаліся далучыць мяне да размовы. Я, разумеючы, што не вельмі добра размаўляю па-ўкраінску, хвалявалася, як на мяне зірнуць, калі даведаюцца, што я з Беларусі. Я вельмі шмат разоў рэпетавала, як я буду пры ўсёй чарзе даставаць дакументы і прызнавацца, што я беларуска. Я прастаяла на вуліцы пяць гадзінаў. Я запытала ў медсястры: «Што рабіць, калі змерзла?» Яны адказалі, што тады не змогуць у мяне ўзяць кроў, гэта будзе складана. Але заўтра я зноў туды пайду.

Здымкі даслала суразмоўца / Белсат

Я б вельмі хацела б паехаць у Кіеў, каб быць побач з атрадамі самаабароны, але праблема ў тым, што я ніколі не хадзіла на ваенныя курсы і баюся, што буду толькі перашкаджаць. Мая справа – рабіць данаты, распаўсюджваць інфармацыю, здаваць кроў, пісаць пра тое, што можна здаваць. І калі тут будзе нешта фармавацца і мяне возьмуць туды, нягледзячы на тое, што я беларуска, то я абавязкова пайду.

МК, belsat.eu

Стужка навінаў