Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?


Пасля ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну і выкарыстання Беларусі як плацдарму для нападу развярнулася вялікая дыскусія і спрэчкі наконт таго, ці павінны беларусы адчуваць віну і сорам за тое, што яны беларусы, і браць на сябе адказнасць за тое, на што яны персанальна ніяк паўплываць не могуць. Адныя просяць прабачэння ва ўкраінцаў і кажуць: нам сорамна, мы вінаватыя ў тым, што дапусцілі ўсё гэта. Другія ў процівагу кажуць: нам няма чаго саромецца, ёсць абставіны, мацнейшыя за нас і нашыя жаданні. Падлівае алею ў агонь крытыка беларусаў з боку ўкраінцаў.

Акцыя супраць вайны Расеі ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Насамрэч такая рэакцыя ўсіх бакоў цалкам натуральная – ва ўмовах, калі з намі адбываюцца настолькі драматычныя падзеі. Беларусам жа вельмі важна знайсці пункт сыходжання дзвюх, на першы погляд, супрацьлеглых пазіцый.

Пра гэта ў каментары «Белсату» распавяла філосаф, прафесар ЕГУ Таццяна Шчытцова.

Не трэба віну ператвараць у прысуд

«Шмат хто з беларусаў, і тых, хто застаўся ў краіне, і тых, хто з’ехаў у эміграцыю, хто ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года і мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, цяпер піша пра адчуванне віны. Не трэба лічыць гэта чымсьці дзіўным ці памылковым. Гэта абсалютна зразумелае пачуццё, калі не імкнуцца адразу пераўтвараць яго ў нейкі прысуд. Пачуцце віны сведчыць пра тое, што, застаючыся грамадзянкай Беларусі, я вельмі шкадую, што не магу нічога змяніць, не магу спыніць таго, што з тэрыторыі маёй краіны Расея вядзе вайну супраць Украіны. Гэта пачуццё бяссілля цісне на мяне, і гэты ціск мы называем віной. То бок сам феномен адчування віны ў гэтых абставінах сведчыць аб вострым перажыванні датычнасці да таго, што адбываецца на нашай зямлі. Датычнасці не ў тым сэнсе, што гэта я, мы зрабілі, а ў тым сэнсе, што я ўсведамляю сябе грамадзянкай нашай краіны, часткай нашай грамадзянскай супольнасці», – кажа спадарыня Таццяна.

Адныя просяць прабачэння ва ўкраінцаў і кажуць: нам сорамна, мы вінаватыя ў тым, што дапусцілі ўсё гэта. Другія ў процівагу кажуць: нам няма чаго саромецца, ёсць абставіны, мацнейшыя за нас і нашыя жаданні. Паводле Таццяны, патрэбна памятаць: тое, што адбываецца, гэта кульмінацыя існавання аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.

Акцыя супраць вайны Расеі ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

«У 2020 годзе Лукашэнка паказаў, што дзеля захавання ўлады ён гатовы пайсці на кроў і рэпрэсіі ў дачыненні сваіх грамадзянаў. Цяпер мы бачым, што Лукашэнка гатовы абмяняць суверэнітэт дзяржавы на сваю ўладу. Гэта гісторыя пачалася яшчэ з рэферэндуму 1996 года, і цяпер адбываецца кульмінацыя гэтага працэсу», – адзначае экспертка.

«Нам трэба захоўваць пачуццё супольнай адказнасці»

На думку Таццяны Шчытцовай, у 2020 годзе беларуская грамадзянская супольнасць паказала ўсяму свету і ў першую чаргу самім сабе, што мы гатовыя ўзяць адказнасць за сваю краіну. Істотным было тое, што з’явілася агульнае пачуццё «мы» – мы беларусы, мы супраць аўтарытарнага рэжыму. І гэтае пачуццё было для нас палітычнай і маральнай каштоўнасцю. Таму тое, што цяпер адбываецца, мы мусім разглядаць і разумець менавіта ў кантэксце гэтага новага пачуцця супольнай адказнасці, якое з’явілася ў 2020-м.

Менавіта пасля 2020 года з’явіліся падставы для такога феномену, як калектыўная адказнасць і калектыўная віна. Мы, кожны з нас, сталі рэфлексіўна суадносіць сябе з канкрэтнай супольнасцю, з нацыяй. Калі мы кажам пра калектыўную адказнасць, то маем на ўвазе менавіта гэтую супольнасць грамадзянаў, якія прызнаюць каштоўнасцю магчымасць самім адказваць за развіццё сваёй краіны, то бок далучаюцца да нашай новай палітычнай гісторыі, якая распачалася ў 2020-м.

«Нам трэба гэтае пачуццё супольнай адказнасці захоўваць. Тое, што беларусы – не толькі ў эміграцыі, але і ў самой краіне – выказваюць салідарнасць з украінцамі і розным чынам падтрымліваюць іх, гэта сведчыць, што мы застаемся вернымі новай гісторыі нашай нацыі, якая пачалася ў 2020 годзе. Гэта якраз тое пазітыўнае і канструктыўнае, што можна вынесці з таго, што мы яго адчуваем», – падкрэсліла экспертка.

Акцыя супраць вайны Расеі ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Здвоеная акупацыя Беларусі і цвярозы погляд на рэчы

Паводле Шчытцовай, важна лічыцца з абставінамі, у якіх мы перабываем. Беларусь сёння фактычна застаецца ў сітуацыі здвоенай акупацыі. У 2020 годзе пачалася ўнутраная акупацыя нелегітымным рэжымам, які гвалтам і сілай рэпрэсаваў грамадзянаў, каб заставацца ва ўладзе. Цяпер да ўнутранай акупацыі далучылася вонкавая. Расейскія войскі, якія прысутнічаюць на тэрыторыі Беларусі, у змове з унутраным акупантам – рэжымам Лукашэнкі – распачалі з нашай зямлі агрэсію супраць Украіны. І цяпер беларусы адчуваюць віну праз тое, што не знаходзяць магчымасцяў арганізаваць моцны шматлюдны антываенны пратэст, так, як бы хацелася, але немагчыма са зразумелых прычынаў.

«Рэпрэсіі – гэта не адзіная прычына. Напрыклад, у адрозненне ад Польшчы часу «Салідарнасці», у Беларусі не распрацаваная інфраструктура, інстытуцыі, якія маглі б арганізаваць падпольны пратэсны рух. Разам з тым я вельмі радуюся і ганаруся, калі з’яўляецца інфармацыя, што дзе-нідзе ў Беларусі ўсё ж праходзяць сімвалічныя кропкавыя антываенныя акцыі», – кажа спадарыня Таццяна.

Пачуццё віны адкідвае назад, калектыўная адказнасць – штурхае наперад

Гэта выклікае драматычнае пачуццё бяссілля, калі ты нічога не можаш зрабіць.

«Я вельмі добра ведаю гэтае пачуццё. Я пакінула Беларусь напрыканцы жніўня 2021 года, і я памятаю гэту атмасферу: краіна рэпрэсаваная, няма ніякіх акцыяў, ты выходзіш на вуліцу, а вакол ідзе звычайнае жыццё, нібыта нічога не здарылася. Толькі ў інтэрнэце альтэрнатыўная Беларусь і адбываецца. І тут вельмі важна, каб з намі не здарылася небяспечная памылка. Пачуццё віны вельмі небяспечнае, бо калі праваліцца ў яго, ёсць рызыка адкату назад, калі беларусы былі меланхалічна-дэпрэсіўнай нацыяй, якая шкадавала аб тым, што з ёй не здарылася (чым яна не здолела стаць) у траўматычным мінулым. Гэта скоўвае. Пачуццё калектыўнай адказнасці больш канструктыўнае. На першы план трэба выводзіць менавіта яго, бо калі мы гаворым пра калектыўную адказнасць, мы глядзім не ў мінулае, як тыя, хто правальваецца ў пачуццё віны, а наперад», – падкрэслівае Таццяна Шчытцова.

Яна бачыць цалкам нармальным, калі беларусы, якія адчуваюць адказнасць за тое, што адбываецца ў нашай краіне, просяць прабачэння ва ўкраінцаў за тое, што мы не можам падтрымаць іх у такім маштабе, у якім бы нам хацелася. Гэта этычна і не мае ніякага дачынення да прымітыўных абвінавачанняў (пакінем гэта «ботам»). Але нават цяпер, нягледзячы на радыкальныя абмежаванні ўнутры Беларусі, беларусы ў Менску прыходзілі да ўкраінскай амбасады з кветкамі, беларусы збіраюць сродкі, надаюць дапамогу канкрэтным людзям і ўцекачам з Украіны. Беларуская інтэлігенцыя запусціла збор подпісаў пад адкрытым зваротам супраць вайны, пад якім падпісаліся ўжо больш за 650 чалавек. А ў дзень псеўдарэферэндуму, нягледзячы на рызыку быць затрыманымі (з верагоднасцю 100 %), на вуліцы з пратэстам супраць вайны выйшлі сотні беларусаў у розных гарадах. Хтосьці прастаяў у адзіночным пікеце літаральна некалькі хвілінаў і быў затрыманы. Беларусы ў эміграцыі робяць яшчэ больш, каб дапамагчы Украіне.

У літоўскай сталіцы адбылася акцыя адзінства і салідарнасці з Украінай «Святло свабоды». На яе прыйшлі некалькі тысяч чалавек. Вільня, Літва. 24 лютага 2022.
Фота: КК / Белсат

«Мы разумеем нашую абмежаванасць, але казаць пра тое, што беларусы наогул нічога не робяць і маўчаць, не выказваюцца супраць вайны – нельга.

Такім чынам, нам трэба прызнаць і прыняць нашую абмежаванасць у магчымасцях. Але не правальвацца ў пачуццё віны, а думаць, як мы можам рэалізаваць нашую калектыўную адказнасць за тое, што адбываецца з нашай краінай, і нашу этычную адказнасць перад украінскім народам. Уключаць ініцыятыву, прыдумляць лакальныя і інтэрнацыянальныя формы падтрымкі, рабіць канкрэтныя крокі дапамогі ўкраінцам.

Я спадзяюся, што людзі, якія маюць вострае пачуццё віны, здолеюць не праваліцца ў яго, што мы не станем зноў закладнікамі нашага мінулага, а будзем прытрымлівацца і акцэнтавацца больш на пачуцці супольнай адказнасці, камунікаваць адзін з адным і прыдумляць новыя формы, як падтрымаць украінцаў і адзін аднаго», – кажа экспертка.

Трэба вярнуцца да таго, што нас аб’ядноўвае

Грамадзянская супольнасць у Беларусі аддзялілася ад рэжыму. Згодна даследаванням, пакуль каля 20 % грамадства падтрымлівае Лукашэнку, і ёсць вельмі вялікая частка, так званая «шэрая зона», якая ніяк сябе не абазначае. Яе з’яўленне цалкам тлумачыцца працяглымі рэпрэсіямі. Варта разумець, што гэта людзі, якія не за Лукашэнку, яны жадалі б пераменаў у грамадстве, але нават у ананімным апытанні не рызыкуюць сказаць штосьці палітычна адназначнае. Але нават па такіх апытаннях відавочна, што большасць грамадства супраць унутранага і знешняга гвалту, супраць таго каб Беларусь удзельнічала ў вайне і мела да яе дачыненне, за спыненне рэпрэсіяў і вызваленне людзей з-за кратаў.

«Я вельмі шкадую, што не знаходзіцца дастатковых магчымасцяў, сілаў для актыўных формаў антываеннага пратэсту. Мне сорамна перад украінцамі, але не за тое, што я беларуска, а за тое, што мы не можам зрабіць больш. Гэта пачуццё немагчыма абагульніць, да яго немагчыма заклікаць, яно персанальнае. Гэты сорам – перш за ўсё этычны, але і палітычны феномен. Мне сорамна, бо я назіраю, як украінцы гінуць і пакутуюць – у тым ліку праз Беларусь, да якой я як частка нашая грамадзянскай супольнасці маю канкрэтнае дачыненне. І калі я чытаю, што нехта, хто застаўся ў Беларусі, таксама дзеліцца гэтым пачуццём, я вельмі добра разумею, што яму ці ёй яшчэ цяжэй», – кажа экспертка.

Акцыя супраць вайны Расеі ва Украіне. Вільня, Літва. 27 лютага 2022 года.
Фота: КК / Белсат

Калі разабрацца, паміж усімі, хто спрачаецца, няма антаганізму. Гэтая спрэчка – хутчэй лінгвістычная ды эмацыйная пастка. Трэба вярнуцца да таго, што нас аб’ядноўвае: да спачування ўкраінцам, да згоды з тым, што лёс нашай краіны мае быць пытаннем нашай супольнай адказнасці. Трэба як мінімум размаўляць пра гэта са сваімі сваякамі, калегамі. Важна не маўчаць і выказвацца там, дзе гэта магчыма.

«Цяперашняя сітуацыя патрабуе ад усіх нас зноў і зноў узаемадзейнічаць і вызначацца наконт нашых магчымасцяў. Гісторыя вельмі добра паказвае, што супольныя высілкі маюць цудоўную здольнасць рабіць немагчымае магчымым», – падсумоўвае Таццяна Шчытцова.

Фота
«Супраць!» Акцыі ў Варшаве і Вільні
2022.02.27 18:23

 

ВК, Belsat.eu

Стужка навінаў