20 кіламетраў да мяжы з трохгадовым дзiцём. Як я прайшла праз усю чаргу да пераходу на польскі бок


Калі мы пад’ехалі да памежнага пераходу на украінска-польскай мяжы, чарга цягнулася ўжо больш чым на 20 кіламетраў. За некалькі гадзін, што мы стаялі ў чарзе, я зразумела, што з дзіцём, якое ўжо два дні прасядзела ў машыне, мы не вытрываем доўгага чакання.

Фота: МГМ / Белсат

Наважыцца на гэты рывок было складана і страшна, але з’явілася інфармацыя, што мужчынаў прапускаюць з меншай ахвотай, чым жанчын з дзецьмі. Таму мы перапакавалі рэчы, я ўзяла самае неабходнае, дачку, і мы пайшлі. Даць рады з 20 кіламетрамі за дзень з трохгадовым дзіцёнкам – гэта быў выклік.

Мы пачалі рух ранкам і цэлы дзень ішлі ўздоўж чаргі з машын. Машын з людзьмі розных узростаў, з дзецьмі, сабакамі і коцікамі, у кожнага, хто завяз у заторы, была амаль што аднолькавая гісторыя пра тое, як яны кідалі майно і збіралі рэчы першай неабходнасці.

Фота: МГМ / Белсат

«Даволі простая мэта: перабіраць нагамі наперад»

Праз некалькі гадзін хады знік адчай, бо была даволі простая мэта: перабіраць нагамі наперад. Часам дачка ішла сама, але збольшага я несла яе на руках. Вельмі цешыла, як мясцовыя людзі самаарганізоўваліся, каб дапамагчы ўцекачам.

У краме прадавачка адразу пазнала па гаворцы, што я з Беларусі, і я ўжо спужалася, што яна пачне лаяцца і абвінавачваць мяне за тое, што расейскія танкі прыехалі ва Украіну з боку беларускай мяжы. Але не, яна наліла мне бясплатна гарбаты, дазволіла падсілкаваць тэлефон і паказала, дзе можна памыць бутэльку для малака. Мілая пані, дзякуй вам шчыры за разуменне.

Hавiны
Выпрабавана на сабе: бясплатныя булачкі, адсутнасць паліва і бясконцы затор
2022.02.26 07:43

Калі мы спыніліся ля крамы, да нас падышоў мужчына і прапанаваў падвезці. Ён вельмі перапрашаў, што можа падвезці нас толькі 2 кіламетры, бо далей яго не пускаюць, але нават такі невялікі кавалак шляху на машыне для нас быў сапраўдным падарункам лёсу. У яго мікрааўтобус селі разам з намі людзі з Англіі. Пані Ханна распавяла, што прыехала ва Украіну год таму, і для яе стала вялікім шокам, што ў XXI стагоддзі ў Еўропе магчыма вайна. Яна раіла нам пасля мяжы ляцець у Ірландыю, якая адкрыла межы для ўцекачоў з Украіны, і вельмі раіла ірландскія пабы.

Размова пра пабы падавалася нерэальнай у сітуацыі, калі ты нават не ведаеш, ці выпадзе табе папіць, калі скончыцца сціплы запас вады, што нясеш на сабе.

Падчас нашага паходу мы напаткалі некалькі добраахвотнікаў, якія раздавалі ежу тым, хто захрас у чарзе на пераход мяжы. Першымі былі два хлопцы, што нарабілі лусцянёў і запарылі гарбаты. Яны проста перасоўваліся ўздоўж калоны і раздавалі харчаванне. Часцей за ўсё людзі прасілі ў іх вады, бо былі зачыненыя ў сваіх машынах ужо не першы дзень.

Фота: МГМ / Белсат

Бліжэй да абеду мы спыніліся адпачыць на прыпынку, разгаварыліся з хлопцамі, што сядзелі побач са сваймі машынамі, і так даведаліся, што праходзім міма людзей, якія чакаюць чаргі больш за содні.

Вялікая праблема, чым заняць дзяцей. Рухлівым малым складана сядзець на месцы доўгі час, таму на ўскрайках дарогі мы бачылі малюнкі, зробленыя галінкамі, а ў некаторых месцах разварочваліся сапраўдныя баталіі ў крыжыкі-нулікі.

«Боршч вяртаў мінакоў да жыцця»

Пасля абеду мы пабачылі пункт раздачы ежы і гарбаты. Хлопцы і дзяўчаты стаялі каля імправізаванага вогнішча, а да іх падыходзілі сядзельцы машын і такія ж пешаходы, як і мы. Арганізаваў гэты пункт мясцовы святар. Ён не толькі падвозіў харчаванне, але і гутарыў з людзьмі, суцяшаў іх. Вельмі прыгожы ксёндз не захацеў фоткацца, бо вайна і раптам што. Затое ягоны боршч літаральна вяртаў мінакоў да жыцця. Смачнейшага баршчу мне не выпадала есці ва Украіне ніколі.

Фота: МГМ / Белсат

Яшчэ адзін мясцовы жыхар намагаўся нас падвезці. Проста пабачыў, што мы з маленькім дзіцем шыбуем уздоўж дарогі, і прапанаваў дапамагчы. Аднак мы праехалі літаральна метраў сто, як яго спынілі мужчыны з аўтачаргі, пачалі сварыцца і патрабаваць, каб мы пакінулі машыну. Я падзякавала кіроўцу за добрае сэрца, а мужчыны пачалі тады скандаліць, чаму я ім не дзякую за добрую службу і навядзенне парадку. Цікава, чаму тыя, хто нясе службу не ў форме, такія злыя. Але праз пару гадзін адзін з гэтых «службоўцаў» нагнаў нас на машыне і прасіўся ў паставога вайскоўца, каб той прапусціў іх з’ездзіць па ваду. Каб гэтая машына ехала назад, я не бачыла. Вось такая служба.

Цягам усяго нашага паходу мой унутраны эколаг галасіў: чым бліжэй мы падыходзілі да мяжы, там больш смецця валялася на ўскрайку дарогі. Асабліва балюча было бачыць дзіцячыя цацкі, якія аказаліся лішнімі падчас эвакуацыі, а мо маленькія гаспадары проста забыліся на іх, калі калона пачала рухацца.

Фота: МГМ / Белсат

Калона машын прасоўвалася вельмі павольна, і бліжэй да вечара мы ўжо міналі аўтамабілі, якія стаялі ў чарзе другія содні.

Нам сказалі, што наперадзе, хвілінаў праз 30 хады, ёсць аўтобус валанцёраў, які падвозіць людзей з дзецьмі бліжэй да мяжы. Да гэтага аўтобуса мы ішлі гадзіны дзве, бо маіх сіл ужо не ставала, каб несці малое з хуткасцю звычайнай хады дарослага чалавека.

Hавiны
«Уцекачы разумеюць, што беларусы не хочуць вайны»: валанцёрка – пра дапамогу на ўкраінска-польскай мяжы
2022.02.27 13:26

«Загадвала дачцэ аддаць цацкі назад»

За гэты час мы сустрэлі некалькі чалавек з розных краінаў, якія намагаліся падарыць маёй дачцэ цацкі. Але я разумела, што гэты цацкі прыйдзецца несці мне і загадвала дачцэ аддаць іх назад. Складаней за ўсё ёй далося расставанне з мяккім мядзведзікам, якога яна адразу пачала абдымаць.

Нехта згубіў ключы. Чамусьці гэтая выява падалася мне асабліва красамоўнай у складзенай сітуацыі, калі людзі гублялі ўсё нажытае, намагаючыся выратаваць сваё жыццё і сваіх блізкіх.

Фота: МГМ / Белсат

Жоўты аўтобус з надпісам «дзеці» з’явіўся раптоўна з-за кустоў. Там было ўжо багата народу, але кіроўца, пабачыўшы нас з дачкой, пачаў махаць, каб мы паспяшаліся на гэты ягоны рэйс. Мы ехалі з дзецьмі на каленях праз нейкія таемныя лясныя сцежкі, каб скараціць шлях і аб’ехаць затор. Агулам мы скарацілі нашу дарогу кіламетры на тры-чатыры.

Ад прыпынку пакрочылі далей паўз фуры, машыны і аўтобусы, якія тут стаялі ўжо ў некалькі шэрагаў на дарозе. Пераход быў недзе за кіламетр ад месца, дзе нас высадзілі. Разуменне таго, што наша мэта ўжо блізка, надавала моцы.

«Селі на траву і пачалі чакаць»

Каля самага пераходу стаяла ўжо настолькі шмат людзей, што зразумець, ці ёсць нейкая арганізацыя, было вельмі складана. Таму мы проста селі на траву і пачалі чакаць. З аднаго боку ад нас уцекачы расклалі вогнішча і грэліся, бо з надыходам вечара зрабілася халодна, а калі ты прайшоў пешкі дзясяткі кіламетраў, то дрыжыкі, натуральна, прабіраюць да костак.

Фота: МГМ / Белсат

З другога боку сядзела пані сталага веку і ела батон. Я прапанавала ёй вараную сардэльку да батона, а ў яе навярнуліся слёзы на вочы, і яна прызналася, што нічога ўжо не хоча, бо дужа даўно тут сядзіць.

Нам вельмі пашчасціла, бо літаральна праз гадзіну, як мы прыйшлі, валанцёры пачалі збіраць людзей з дзецьмі, арганізоўваць іх у групы і заводзіць на прапускны пункт. У валанцёраў і памежнікаў ужо былі сарваныя галасы, яны выглядалі вельмі стомленымі, але працягвалі неяк сістэматызаваць броўнаўскі рух людзей каля прапускнога пункту. Іх намаганняў відавочна не хапала, бо людзей прыбывала значна больш, чым маглі апрацаваць супрацоўнікі КПП на ўкраінскім і польскім баку.

Украінскія службы праверылі нашыя дакументы даволі хутка, а польскі бок больш уважліва ставіўся да папер, чарга там рухалася павольней. Каб паскорыць працэс, адкрылі некалькі пунктаў праверкі. А каб людзі ў чарзе не адчайваліся, супрацоўнікі памежнай службы прыносілі печыва, ваду, сокі і шакаладкі.

Фота: МГМ / Белсат

Пакуль мы стаялі ў чарзе, адна пані пытала, ці ўсіх нас сустракаюць на польскім баку. Калі нехта прызнаваўся, што яго не сустракаюць, яна тэлефанавала валанцёрам і знаходзіла вольную машыну. Таму людзі, якія сустракалі ўцекачоў на польскім баку і прапаноўвалі падвесці ў любы польскі горад, стаялі доўга, пешых уцекачоў ім не даставалася.

На выхадзе з памежнага пункту польскія валанцёры разгарнулі цэлы бясплатны кірмаш рэчаў першай неабходнасці: там была ежа, вада, сокі, печыва, брэндавыя пакеты сетак харчавання, гігіенічныя сродкі і нават харч для сабакаў.

Фота: МГМ / Белсат

Мяне асабліва ўсцешыла, што сярод усяго была ежа і сродкі для дзяцей. Навучаная досведам польская пані першым чынам уручыла мне пакет і амаль сама мне яго сабрала. Дзякуй шчыры і ёй.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў