У Маскве праходзіць акцыя памяці забітага палітыка Барыса Нямцова


Кветкі на месцы гібелі Барыса Нямцова.
Фота: Анастасия Демидас / Vot Tak TV

У расейскай сталіцы актывісты і паслы замежных дзяржаў пачалі прыходзіць да месца забойства ў 2015 годзе апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова. На Вялікім Маскварэцкім мосце людзі ўскладаюць кветкі да імправізаванага мемарыяла. Відавочцы адзначаюць, што побач стаяць аўтазакі і дзяжурыць шмат супрацоўнікаў паліцыі.

Адным з першых на месцы гібелі палітыка з’явіўся амбасадар ЗША ў Расеі Джон Саліван. Кветкі таксама ўсклалі прадстаўнікі дыпмісяў Польшчы, Вялікай Брытаніі, Чэхіі, Партугаліі, Літвы. Пры гэтым праход на Красную плошчу зачынены з усіх бакоў, перадае «Вот Так».

Большасць прыхільнікаў палітыка мелі намер прыйсці на Вялікі Маскварэцкі мост каля 14:00 да маскоўскім часе.

Прыхільнікі загінулага апазіцыянера, палітыкі Міхаіл Касьянаў і Андрэй Зубаў памаліліся на месцы забойства.

«Заказчыкі і арганізатары так і не знойдзены, і не аддадзеныя правасуддзю. Я ўпэўнены ў тым, што за што Барыс змагаўся, а менавіта свабода расейскіх грамадзян, іх дабрабыт і годнае жыццё – хутка стане рэальнасцю», – заявіў былы старшыня расейскага ўраду Касьянаў.

Акцыі памяці Барыса Нямцова запланаваны яшчэ ў некалькіх гарадах Расеі, аднак у большасці выпадкаў мясцовыя чыноўнікі адмовіліся ўзгадняць іх. Як правіла, улады спасылаліся на абмежаванні праз пандэмію каронавіруса.

Раней маскоўская мэрыя паабяцала не перашкаджаць акцыі памяці палітыка Барыса Нямцова на 27 лютага. Пра гэта паведамілі сябры аргкамітэту маршу Нямцова Ілля Яшын і Дзмітрый Гудкоў. Аднак улады папрасілі выконваць дыстанцыю і выкарыстоўваць медычныя маскі.

Барыса Нямцова застрэлілі на Вялікім Маскварэцкім мосце ў Маскве 27 лютага 2015 года. У палітыка трапілі чатыры кулі, ён памёр на месцы. Выканаўцы злачынства атрымалі ад 11 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Аднак імя заказчыка не названае да гэтага часу. Кожны год у Маскве і многіх гарадах Расеі праходзяць акцыі памяці Нямцова.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў