Назвала міліцыянта «склізкім тыпам». Жыхарцы Бярозы далі два гады «хатняй хіміі»


Суд Бярозаўскага раёну 26 лютага разглядаў крымінальную справу ў дачыненні да мясцовай жыхаркі Валянціны Мядзведзь. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Валянціна Мядзведзь.
Фота: spring96.org

45-гадовую жыхарку Бярозы вінавацілі ў абразе міліцыянта пры выкананні ім службовых абавязкаў паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Паводле абвінавачання, ноччу 17 лістапада 2020 года жанчына змясціла ў Telegram-канале «Бяроза-97» паведамленне пра начальніка Інспекцыі па справах няпоўнагадовых Дзмітрыя Лішко. Яна напісала, што «Лішко сапраўды гнілы і склізкі тып…», параўнала яго з паліцаем і дадала яшчэ некалькі абразлівых слоў.

Лінгвістычная экспертыза ад 7 снежня выявіла ненарматыўную форму выказвання, якая мае на мэце абразіць супрацоўніка міліцыі і з’яўляецца публічнай знявагай прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў.

На допыце ў судзе Валянціна Мядзведзь патлумачыла, што ў жніўні Лішко вынес ёй папярэджанне «аб надапушчэнні супрацьпраўных дзеянняў». 7 верасня на яе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, хоць жанчына заяўляла, што ў той час была ў краме і суду паказала чэк пакупкі, прасіла праглядзець відэа, каб пераканацца што ў масавым мерапрыемстве не ўдзельнічала. Пасля яе аштрафавалі.

Дзмітрый Лішко.
Фота: spring96.org

На судзе пракурор Яфімаў запрасіў для Мядзведзь два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і прасіў суд задаволіць матэрыяльныя прэтэнзіі пацярпелага – 2000 рублёў.

У выніку суддзя Алена Нямкова прысудзіла адзінокай жанчыне, у якой на выхаванні няпоўнагадовае дзіця, два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Таксама яна павінна выплаціць пацярпеламу 1 500 рублёў кампенсацыі за «маральныя пакуты».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў