«Мой выбар – гэта выбар сумлення»: консул Беларусі ў Італіі падае ў адстаўку


Ганаровы консул Беларусі ў італьянскім рэгіёне Эмілья-Рамання, грамадзянін Італіі Антоньё Сатыле заявіў, што падае ў адстаўку. Як паведамляе італьянская газета «Gazzetta di Reggio», дыпламат з’язджае з Рэджа-Эмільі праз палітыку Лукашэнкі.

Падаць у адстаўку Антоньё Сатыле заахвоцілі жорсткія рэпрэсіі супраць беларускага народу, які мірнымі маршамі пратэставаў супраць фальсіфікацыі выбараў, усхваляючы дэмакратыю і свабоду. Ён сказаў, што выбірае павагу да правоў чалавека, таму больш не хоча мець нічога супольнага з Лукашэнкам.

Антоньё Сатыле.
Фота: «Gazzetta di Reggio»

На пытанне, чаму консул пастанавіў падаць у адстаўку, ён адказаў:

«Я размаўляў з апаратам міністра замежных справаў Італіі Люіджы Ды Маё і з амбасадаю Беларусі ў Італіі. Мой выбар – гэта выбар сумлення, бо я цвёрда веру ў тыя каштоўнасці, якія далі мне бацькі і якія я перадаю сваім траім дзецям: дэмакратыя, свабода, павага да правоў чалавека і негвалтоўнасць. У Беларусі больш за 27 000 чалавек былі арыштаваныя і зазналі запалохванне, пераслед і катаванні. Дзясяткі чалавек зніклі без вестак, пяцёра загінулі, абараняючы свае правы».

Падводзячы вынікі сваёй консульскай працы, Антоньё Сатыле сказаў, што быў консулам амаль дзесяць гадоў і выканаў свой мандат з максімальнаю прыхільнасцю і справядлівасцю як з эканамічна-камерцыйнага пункту гледзішча, развіваючы бізнес у Беларусі з італьянскімі кампаніямі, так і з гуманітарнага гледзішча. Ён арганізоўваў з рознымі асацыяцыямі прыём чарнобыльскіх дзяцей у італьянскія сем’і.

«Гэта праект, які напаўняў мяне радасцю, бо ў Італіі гэтыя дзеці могуць скінуць больш за 50 % радыяцыі ў арганізме», – дадаў дыпламат.

Спадар Сатыле распавёў, што шмат ягоных сяброў застаюцца ў Беларусі, і цяпер ён з гонарам можа сказаць, што ўпершыню беларусы сталі не аб’ектам, а суб’ектам гісторыі, параіў і далей мірна дэманстраваць свабоду.

Антоньё Сатыле быў ганаровым консулам Беларусі ў рэгіёне з лістапада 2011 года.

АД, belsat.eu

 

Стужка навінаў