Вайскоўца-кантрактніка асудзілі на два гады «хіміі» за каментар пра пракурора, які хадзіў «прамываць мазгі»


Пракурорка хацела, каб яго пасадзілі ў калонію – вайсковец на судзе страціў прытомнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень адчыненых дзвярэй у Вайсковай акадэміі Беларусі. 30 студзеня 2021 года.
Фота: Таццяна Грыгаран / mil.by

Лідчанін, імя якога не называюць у мэтах бяспекі, расказаў гісторыю свайго зняволення за каментар праваабарончаму цэнтру «Вясна».

Мужчына тры гады служыў паводле кантракту ў вайсковых частках Ліды і Навагрудка, звольніўся ў канцы 2021 года. У вайсковую частку 75158 прыходзіў з ідэалагічнымі лекцыямі пракурор Аляксандр Шляжко, расказвае зняволены: маніпуляцыйна заклікаў дапамагаць міліцыі разганяць пратэстоўцаў, але вайскоўцы з Наваградка адмовіліся і не ўдзельнічалі ў разгонах.

Суразмоўца «Вясны» восенню 2020 года пабачыў у Telegram-канале «Каратели Беларуси», што супраць іншага вайскоўца распачалі крымінальную справу за абразу Шляжко, і напісаў каментар: «Этот урод приходил к нам в часть в Новогрудке».

Праз год, 9 кастрычніка 2021 года, яму спачатку патэлефанаваў камандзір і расказаў, што яго шукае асаблівы аддзел, а потым яго выклікалі ў міліцыю нібыта на апазнанне ў якасці падазраванага ў збіванні чалавека. Але міліцыянтаў цікавіў ягоны тэлефон і ў прыватнасці ID у Telegram. Дапыталі, абшукалі, забралі рэчы, павезлі ў Следчы камітэт і паставілі ўльтыматум: або ўсё расказвае, або яго садзяць.

Пасля допытаў яго вызвалілі, забралі тэлефон. Хацелі звольніць з войска задняй датай. У выніку супраць яго распачалі крымінальную справу , правялі ператрус удома. Калі ён сам звольніўся з войска, у яго зноў правялі ператрус і зноў не знайшлі нічога.

Hавiны
Гісторыя аднаго звальнення з войска: На пытанне пра «страляць у людзей» камандзір не адказаў
2020.09.05 16:08

Судзілі вайскоўца ў першыя дні снежня ў Дзятлаве. Пракурорка Ірына Забеліна прасіла пакараць яго двума гадамі калоніі за адно слова – мужчыну зрабілася блага, ён страціў прытомнасць, суд адклалі на адзін дзень. Суддзя Наталля Лобан выбрала больш мяккае пакаранне: два гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу за адно слова.

«Калі я знепрытомнеў, у іх ніякага шкадавання не было, – расказаў зняволены. – Прыкрываліся тым, што гэта «нашая праца». А то, што я думаў тады, што сэрца лопне, то гэта нікога не хвалявала.

Мне потым расказалі, што гэта [прысуд] быў загад зверху. Мала таго, што мяне давялі, дык яшчэ і маці. На судзе казалі, што гэта дзяржаўнае злачынства. З мяне рабілі ледзь не тэрарыста, хоць паводле абвінавачвання абразіў пракурора».

Hавiны
Даносчыка на сцягі ў вокнах публічна ўзнагародзілі. Гэта новая норма? Спыталі сацыёлага
2022.01.27 11:35

АА belsat.eu

Стужка навінаў