Сярод захварэлых на COVID-19 у Менску ў большасці – штам о-мікрон


У Менску ў хворых на COVID-19 пераважае штам о-мікрон: яго выявілі ў 80% выпадкаў, піша інфармацыйнае агенцтва «Минск-новости».

Галоўная доктарка Менскага гарадскога цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Святлана Ярмак папярэджвае, што ў лютым о-мікрон выцесніць іншыя штамы каронавіруснай інфекцыі.

Раней намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова распавядала, што о-мікрон вельмі хутка распаўсюджваецца па Беларусі.

«Паводле апошніх звестак эпідэміёлагаў, за апошні тыдзень сярод штамаў каронавіруса, якія цыркулююць па Менску, гэта ўжо больш за 50 % менавіта о-мікрон. Па рэгіёнах удзельная вага о-мікрона ніжэйшая, але гэта справа часу. Таму о-мікрон у нас ёсць, пакуль сказаць, што ён адзіны, не можам. Цыркулююць о-мікрон, дэльта, таксама ў нас ёсць грып», – казала намесніца міністра.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на дзень 26 студзеня больш за 5 276 000 беларускіх грамадзянаў атрымалі адну дозу вакцыны супраць COVID-19. З іх больш за 4 387 000 чалавек прайшлі поўны курс вакцынацыі.

Першую дозу вакцыны атрымалі больш за 28,2 тысячы падлеткаў векам ад 12 да 17 гадоў. Больш за 1400 дзяцей прайшлі поўны курс вакцынацыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў