«Нашу ніву» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем


У тэлеграм-канале МУС Беларусі з’явілася паведамленне аб прызнанні экстрэмісцкім фармаваннем «групы грамадзянаў з ліку ПІУП «Суродзічы» (газета «Наша ніва»), аб’яднаную праз інтэрнэт-рэсурсы, у тым ліку сацыяльныя сеткі і мэсэнджары.

«Прызнанне «Нашай нівы» экстрэмісцкім фармаваннем больш гаворыць пра тых, хто прызнаў, чым пра «Нашу ніву». Стандарты журналістыкі «Нашай нівы» не зменяцца ні на ёту, мы гэта гарантуем, – пракаментавала Zerkalo.io рашэнне МУС дырэктарка выдання Анастасія Роўда. – Мы не прагназуем таксама падзення чытальнасці выдання – яна працягвае расці, трэнд нязменны ўсе апошнія гады».

Анастасія зазначыла: рэдакцыя верыць, што ўлады Беларусі зменяць курс і адменяць рашэнні, накіраваныя на абмежаванні правоў грамадзянаў, у тым ліку і рашэнне адносна «Нашай нівы».

У лістападзе 2021 года тэлеграм-канал «Нашай нівы» залучалі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

8 ліпеня 2021 года доступ да сайту nn.by абмежавалі. У той жа дзень у шэрагу работнікаў «Нашай нівы» адбыліся ператрусы. Паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя ці рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, ці ўдзел у іх») былі затрыманыя галоўны рэдактар газеты Ягор Марціновіч, кіраўнік аддзелу рэкламы Андрэй Скурко, галоўная бухгалтарка Вольга Раковіч і галоўны рэдактар часопісу «Наша гісторыя» Андрэй Дынько.

За кратамі дасюль застаюцца Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў