Гісторык пра скажэнні ў Законе аб генацыдзе: Нацысты ніколі не забівалі беларусаў за тое, што яны беларусы


У 2022 годзе ў Беларусі ўступіў у моц Закон аб генацыдзе беларускага народу, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за адмаўленне яго тэзісаў. Ізраільскі гісторык і адмыслоўца ў гісторыі габрэяў Беларусі Леанід Смілавіцкі паразмаўляў з «Белсатам» пра гістарычныя неадпаведнасці або скажэнні ў новым законе і сапраўдныя прычыны яго прыняцця, а таксама распавёў пра генацыд, Галакост і лёс габрэяў нашай краіны.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Фота з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту»

«Колькі ж страціла Беларусь у выніку нацысцкага генацыду?»

Да лета 1941 года габрэйскае насельніцтва Беларусі разам з уцекачамі з Польшчы складала каля 1 мільёна чалавек, ці 10 % насельніцтва БССР. Пасля акупацыі нацысты стварылі сотні гета, а потым пачаліся планамерныя забойствы габрэяў. Паводле доктара Леаніда Смілавіцкага, у выніку Беларусь страціла 800 тысяч габрэяў, якіх закатавалі, расстралялі ці спалілі да 1944 года. Гэтая карціна павінна быць дапоўненая ўлікам стратаў сярод габрэяў-вайскоўцаў. У Чырвоную армію былі прызваныя і ўступілі добраахвотна 110 тысяч габрэяў Беларусі. З агульнай колькасці салдатаў і афіцэраў габрэяў, якія змагаліся з нацыстамі, загінулі 216 тысяч габрэяў, з якіх 48 тысяч габрэяў склалі нарадзінцы БССР.

«Калі прыняць да ўвагі, што да вайны габрэі складалі не менш за 60 % гарадскога насельніцтва рэспублікі, а лекары, інжынеры, аграномы, канструктары, фінансавыя работнікі, мастакі, музыкі, пісьменнікі, партыйныя і савецкія кадры – да 80 %, дык колькі ж страціла Беларусь у выніку нацысцкага генацыду?»

«Хто больш зрабіў для Беларусі: старажытныя грэкі, рымляне ці габрэі?»

«Усё, што напісана сёння пра Галакост у Беларусі, – гэта прыватная ініцыятыва даследчыкаў без падтрымання дзяржавы. З 500 помнікаў ахвярам Галакосту ніводзін з іх не паставіла дзяржава – толькі за кошт сваякоў расстраляных габрэяў і міжнародных спонсараў», – звяртае ўвагу Леанід Смілавіцкі.

Гісторык заўважае, што ў сучасных школьных падручніках у Беларусі тэме Галакосту без перабольшання адвялі… паўстаронкі.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Фота з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту»

Разам з тым у Беларусі няма ніводнага помніку праведнікам народаў свету, якія ў гады вайны ратавалі габрэяў, рызыкуючы ўласным жыццём (цяпер вядома пра 960 чалавек), дый шукаць іх сталі толькі пасля адкрыцця пасольства Ізраілю ў Беларусі ў 1993 годзе.

Паводле інфармацыі адмыслоўца, за 30 гадоў у Беларусі не прайшло ніводнай габрэйскай навуковай канферэнцыі пад эгідаю дзяржавы. Урад не вылучае грантаў, дасюль няма музею гісторыі габрэяў Беларусі, гісторыі Менскага гета, гісторыі Галакосту, а ў новым Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны няма нават залы Галакосту, замест яе ёсць невялікі прахадны пакой.

«Хто больш зрабіў для Беларусі: старажытныя грэкі, рымляне ці габрэі? Здавалася б, гэта простае пытанне, але не. Растлумачце мне тады, чаму кафедры гісторыі старажытнага свету ёсць у любым універсітэце Беларусі, а кафедры гісторыі габрэяў няма», – задаецца пытаннем гісторык Леанід Смілавіцкі.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Фота з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту»

Адзінай навукова-адукацыйнай установай у Менску, занятай вывучэннем трагедыі габрэяў у Беларусі, застаецца Гістарычная майстэрня Менскага гета, адкрытая ў 2002 годзе на нямецкія грошы. Яна месціцца на тэрыторыі былога гета. Будынак застаецца ва ўласнасці дзяржавы, за яго спаганяецца штомесячны муніцыпальны падатак памерам 5 тысяч еўраў. Толькі нядаўна Менскі гарвыканкам прапанаваў Нямеччыне выкупіць гэты будынак – аднапавярховы барак – за рынкавы кошт 200 тысяч еўраў.

«Нацысты не забівалі беларусаў за тое, што яны беларусы, і заўжды забівалі габрэяў за тое, што яны нарадзіліся габрэямі»

Ідэя генацыду беларускага народу ў гады нацысцкага нашэсця праймае ў Беларусі ўсю тэму савецка-нямецкай вайны, пачынаючы ад школьных падручнікаў, курсаў лекцыяў у ВНУ і канчаючы дысертацыямі. Гэты тэзіс быў успрыняты ад савецкай гісторыі ды працягвае выкарыстоўвацца пасля распаду СССР і набыцця незалежнасці ў 1991 годзе. На сёння Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе дасюль афіцыйна ставіцца знак роўнасці паміж тэрорам і генацыдам. Леанід Смілавіцкі настойвае на тым, што гэта зусім розныя паняткі.

«Тэрор нацыстаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі – гэта палітыка адплаты ворага ў адказ на дзеянні партызанаў. Палітыка ж генацыду была спланаваная ў Берліне загадзя ў дачыненні габрэяў і цыганоў ды метадычна ажыццяўлялася з моманту нападу Нямеччыны на СССР у 1941 годзе».

На думку гісторыка, небяспеку, што пагражала габрэям, ніякім чынам не можна параўнаць з небяспекаю для беларусаў.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Фота з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту»

«Нацысты ніколі не забівалі беларусаў за тое, што яны беларусы, і заўжды забівалі габрэяў за тое, што яны нарадзіліся габрэямі. Выключэнні не дапускаліся. У сувязі з гэтым сцвярджаць, што «нас таксама забівалі», абсалютна неправамерна».

У якасці доказу Леанід Смілавіцкі прыводзіць канкрэтныя прыклады з гісторыі.

25 лістапада 1941 года былі расстраляныя 1500 габрэяў Рэчыцы Гомельскай вобласці, але мясцовых беларусаў і расейцаў гэта не закранула, бо Рэчыца не трапіла ў зону карных аперацыяў нацыстаў. Захаваўся горад і ўсе яго даваенныя жыхары-негабрэі.

Больш вядомы прыклад з гісторыі – знішчэнне 149 жыхароў Хатыні. Гэтая карная аперацыя стала рэакцыяй немцаў на дзеянні партызанаў, але наступствы партызанскай вайны для цывільнага насельніцтва Беларусі да ўвагі не прымаліся кіраўніцтвам з Масквы.

«22 сакавіка 1943 года партызаны атраду «Мсціўца» брыгады Дзядзькі Васі зладзілі засаду ў лесе. У перастрэлцы немцы страцілі трох чалавек, уключаючы гаўптмана Ганса Вёльке, які ў 1936 годзе стаў чэмпіёнам Алімпійскіх гульняў у штурханні ядра і быў асабіста знаёмы з Гітлерам. У адказ карнікі з 118-га ўкраінскага паліцэйскага батальёну і карнікі СС Оскара Дырлевангера сагналі ўсё насельніцтва Хатыні ў калгасную адрыну, замкнулі і падпалілі. Здарылася б гэтая трагедыя, калі б партызаны не забілі трох немцаў?»

Здымак ілюстрацыйнага характару. Фота з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту»

Яшчэ адзін прыклад – Менскае гета, у якім загінулі больш за 100 тысяч вязняў. Гэтае месца даўно стала сімвалам катастрофы ўсяго беларускага габрэйства, яно праіснавала даўжэй за іншых і было знішчанае адным з апошніх. Расстрэл астатніх дзесяці тысяч габрэяў у канцы кастрычніка 1943 года паскорыла забойства гаўляйтара Беларусі Вільгэльма Кубэ.

«Гэтую акцыю на загад Сталіна выканала дыверсійная група НКДБ СССР пры актыўным удзеле беларускіх партызанаў. Але пры гэтым ніхто не захацеў прыняць да ўвагі, як гэта адаб’ецца на лёсе вязняў гета, хаця наступствы былі прадказальныя».

«Няма ні слова пра габрэяў ці Галакост, якіх проста раствараюць у абстрактным беларускім народзе»

У пачатку 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон аб генацыдзе беларускага народу. Адмысловец у гісторыі габрэяў у Беларусі Леанід Смілавіцкі выказвае прэтэнзіі да зместу гэтага дакументу:

«У законе няма ні слова пра габрэяў ці Галакост, якіх проста раствараюць у абстрактным беларускім народзе. У гэтае ж паняцце ўключылі і цыганоў, пра трагедыю якіх у Беларусі ўвогуле не згадваюць, і нават савецкіх ваеннапалонных, якія воляю лёсу апынуліся ў чэрвені 1941 года на тэрыторыі гэтай савецкай рэспублікі ў складзе частак Чырвонай арміі».

Акрамя гэтага, ў Законе аб генацыдзе беларускага народу нічога не гаворыцца пра савецкую анексіі 1939–41 гадоў, сталінскіх рэпрэсіях і дэпартацыях беларусаў, габрэяў, палякаў ды іншых народаў, калі ў Сібір вывезлі дзясяткі тысяч асобаў разам з семʼямі.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Фота з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту»

На думку гісторыка Леаніда Смілавіцкага, прыняцце Закону аб генацыдзе беларускага народу мае і выразную палітычную матывацыю.

«Новы закон – гэта не што іншае, як дадатковы інструмент для здушэння грамадзянскай супольнасці Беларусі пасля вядомых падзеяў жніўня 2020 года. Улады ў Менску спрабуюць заявіць: маўляў, вы, апазіцыя, размахваеце бел-чырвона-белым сцягам, якім карысталіся беларускія памагатыя нацыстаў, таму вы такія ж фашысты, і калі вы адмаўляеце гэта, то адкажаце паводле закону».

Новы закон прымаўся спехам, без абавязковай у такіх выпадках навуковай экспертызы. Паводле доктара Леаніда Смілавіцкага, у Беларусі пасля падзеяў 2020 года адсутнічае незалежная навуковая думка, у выніку чаго чорнае называецца белым, а белае – чорным.

Такі псеўдазакон абавязкова стане кайданамі і для беларускіх навукоўцаў. Цяпер любога гісторыка за непажаданыя рэжыму высновы можна будзе пасадзіць за краты.

«У законе сказана, што ён не мае тэрміну даўніны. Іншымі словамі, калі нават 5–10 гадоў таму вы напісалі тое, што сёння не спадабаецца ўзурпатару, вас пасадзяць у турму. Больш за тое, фактычна цяпер у сучаснай Беларусі пры адсутнасці свабоды слова, асабістай недатыкальнасці, незалежнага суда пад закон аб адмаўленні генацыду беларускага народу можна падвесці любога чалавека з незалежнымі поглядамі».

Здымак ілюстрацыйнага характару. Фота з кнігі Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту»

 

Леанід Смілавіцкі – ізраільскі гісторык родам з Рэчыцы, адмысловец у гісторыі габрэяў Беларусі, доктар філасофіі па гісторыі. З 1984 да 1992 года займаў пасаду дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, СССР і замежных краінаў Беларускага ўніверсітэту культуры ў Менску. У 1992 годзе рэпатрыяваўся ў Ізраіль, дзе ў 1993-м паступіў на працу ў архіў Нацыянальнага інстытуту памяці ахвяраў нацызму і герояў супраціўлення Яд ва-Шэм. Адначасова браў удзел у працы фонду Стывэна Спілбэрга для збору відэасведчанняў людзей, якія перажылі Галакост.

Даведка
Кніга Леаніда Смілавіцкага «Габрэі Беларусі ў гады Галакосту». Фота ад аўтара

З 1995 года – навуковы супрацоўнік (з 2000 года – старэйшы навуковы супрацоўнік) Цэнтру вывучэння габрэйскай дыяспары пры Тэль-Авіўскім універсітэце. Аўтар 450 артыкулаў і 8 манаграфіяў, у тым ліку – «Габрэі Беларусі: з нашай агульнай гісторыі, 1905–1953 гг.», Менск 1999 г., «Катастрофа габрэяў у Беларусі», Тэль-Авіў 2000 г.; «Габрэі ў Тураве. Гісторыя мястэчка Мазырскага ўезду», Іерусалім 2008 г.; «Жыццё габрэяў у Беларусі. Апошняе дзесяцігоддзе сталінскага рэжыму: 1944–1953», Нью-Ёрк – Будапэшт 2014; «Цэнзура ў БССР: пасляваенныя гады», Іерусалім 2015 г.; «Леў Смілавіцкі. З досведу перажытага», Іерусалім, 1988–2016 гг.; «Габрэі Беларусі да і пасля Галакосту». Іерусалім, 2020 г.; «Габрэі ў гады Галакосту», Тэль-Авіў, 2021 г.

ВК/МГ Belsat.

Стужка навінаў