«Гэты рэжым абрынецца». Генерал-маёр запасу СБУ – пра наступствы ўдзелу Беларусі ў канфлікце ва Украіне


Улады Расеі і Беларусі працягваюць весці агрэсіўную рыторыку адносна Украіны. Пра магчымасць рэальнага канфлікту паміж краінамі, гатовасць усіх бакоў і наступствы ў эфіры праграмы «Студыя «Белсат» распавёў генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун.

Генерал-маёр запасу СБУ Віктар Ягун адзначае: не зважаючы на жаданне рэжыму Лукашэнкі арганізаваць паніку ва ўкраінскім грамадстве, гэта слаба адбіваецца на рэальных настроях у краіне. Не верыць эксперт і ў дату 20 лютага, якую вельмі часта называюць магчымым пачаткам чарговага канфлікту:

«Калі мы ведаем дату нападу, то яго дакладна не будзе ў гэты час, гэта аксіёма. Так, у нас ёсць дата 20 лютага 2014 года, у нас таксама ёсць зімовая Алімпіяда ў Сочы і ёсць паўтарэнне сітуацыі з Алімпіядай у Пекіне, толькі 20 лютага. Я не думаю, што так проста супадуць зоркі, і ён наважыцца на такі наступ. Трэба проста аналізаваць цяперашні інфармацыйны напад».

Разам з тым Віктар Ягун упэўнены, што захаванне міру ў рэгіёне ўсё яшчэ магчымае, што ў асноўным залежыць ад дзеянняў Уладзіміра Пуціна, але ён усё больш заганяе сябе ў безвыходнае становішча.

«Сам агрэсар сябе загнаў у такую сітуацыю, што ён можа атрымаць нейкага выніку. Бо тыя стаўкі, якія ён выставіў і падняў, проста павінны неяк рэалізавацца. Я разумею, што ў асноўным гэта ўсё накіравана на ўнутранага спажыўца, але тым часам сваймі геапалітычнымі гульнямі ён паставіў мір на мяжы ўва ўсім свеце.

Уся Еўропа не разумее, як выйсці з гэтай сітуацыі, асноўныя сусветныя гульцы не разумеюць, што адбываецца. Але, я думаю, ёсць магчымасць спыніць магчымую гарачую фазу гэтага канфлікту. Ці пойдзе на гэта Пуцін, няясна».

Hавiны
Новая дата нападу, расейскія марпехі ў Беларусі і ўзмацненне сілаў NATO. Хронікі вайсковай эскалацыі
2022.01.26 01:13

Паводле Віктара Ягуна, калі ўзброены канфлікт паміж краінамі ўсё ж пачнецца, Украіна будзе да яго гатовая значна лепш, чымся гэта было ў 2014 годзе:

«Украіна за апошнія два тыдні атрымала такую вялікую колькасць узбраення, найперш, супрацьтанкавага, якое не проста можа спыніць, яно можа кардынальна змяніць сітуацыю ў магчымым канфлікце. У нас ёсць рэальна матываваныя часткі, якія прайшлі баявое рыхтаванне ва ўмовах канфлікту.

У нас ёсць вялізны рэзерв, каля 350 тысячаў чалавек, які мае досвед баявых дзеянняў. Я не веру ў тое, што ўдар будзе вельмі хуткім і смяротным. Думаю, мы гатовыя да яго».

Акрамя таго, Віктар Ягун перакананы, што Расея і Беларусь не гатовыя да сур’ёзнага і поўнамаштабнага наступу на Украіну, а само гэтае дзеянне можа прывесці да зрынання рэжыму Лукашэнкі:

«Калі сапраўды падкантрольныя дыктатару Беларусі часткі паспрабуюць увайсці на тэрыторыю Украіну, я думаю, для яго вялікім здзіўленнем стане тое, што насупраць гэтых частак зʼявяцца патрыёты Беларусі, якія ўжо ставяць пытанне наконт стварэння частак вызваленчага беларускага войска.

І будзе вельмі цікавы факт, калі гэты рэжым абрынецца не таму, што недзе нешта не так зрабіў у сябе на тэрыторыі, а зрабіў неабдуманы крок, увайшоўшы ва Украіну».

Поўную размову з генерал-маёрам СБУ Віктарам Ягуном можна паглядзець тут.

Аналітыка
«Надыходзіць час адступаць». Як мяняецца рыторыка расейскай прапаганды
2022.01.25 16:56

ВК, Belsat

Стужка навінаў