«ByPol» заявіў, што раскрыў нанятага забіць Паўла Латушку. Мы паразмаўлялі з тым, каго назвалі кілерам


Аб’яднанне былых сілавікоў Беларусі «ByPol» працягвае сваю барацьбу з рэжымам Лукашэнкі, раскрываючы ягоных памагатых. Ці часам абвінавачвае невінаватых? Паразмаўлялі з «ByPol» і з тым, каго назвалі патэнцыйным забойцам Латушкам.

У эфіры перадачы «Студыя Белсат» падпалкоўнік Аляксандр Азараў распавёў пра дзейнасць Вячаслава Быстрова, які, паводле расследавання «ByPol», быў адпраўлены ў Польшчу ў якасці беларускага агента для фізічнай ліквідацыі былых сілавікоў і Паўла Латушкі.

Паводле Азарава, у Беларусі агент Быстроў быў шматразова судзімы і выкарыстоўваўся для распрацоўкі палітычных зняволеных і тых, хто праходзіў у найбольш значных крымінальных справах па лініі ГУБАЗіК. Першапачаткова планавалася, што Быстрова закінуты агентам у Румынію, але той у апошні момант учыніў крадзеж, за што і атрымаў чарговы тэрмін.

«Ён наркаман, ужывае наркотыкі і перыядычна трапляе ў месцы пазбаўлення волі, дзе і займаецца сваёй гэтай бруднай справай, ён займаецца распрацоўкай арыштаваных, – распавядае Азараў. – Бедункевіч (начальнік трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК у супрацьдзеянні экстрэмізму) і Чамаданаў (начальнік першага ўпраўлення) былі частымі яго гасцямі, яны ўвесь час да яго хадзілі, паднімалі яго з камеры, прыносілі яму цыгарэты, прадукты харчавання і абмяркоўвалі планы – якім чынам ён павінен ламаць людзей».

ВІДЭА
Крымінальнікі Аляксандра Лукашэнкі супраць Паўла Латушкі. Раскрываем твары, імёны, схемы
2021.10.28 16:40

Сам Вячаслаў Быстроў у размове з «Белсатам» не адмаўляе сваіх судзімасцяў, але ўсяляк абвяргае інфармацыю аб працы на спецслужбы Беларусі.

Прадстаўнік «ByPol» Аляксандр Азараў упэўнены, што гэта хітрыкі, паколькі нават у СІЗА № 1 Менску практычна ўсе ведалі, што Быстроў з’яўляецца агентам ГУБАЗіК. Там ён знаходзіўся ў асаблівым становішчы: перамяшчаўся па калідорах, паднімаўся да аператыўных супрацоўнікаў, адкуль вяртаўся з торбамі прадуктаў. Яго трымалі асобна ад звычайных зняволеных паводле крымінальных артыкулаў – ён знаходзіўся ў жаночым блоку. У гэты ж час яго падсаджвалі да эканамічных злачынцаў і да тых, хто праходзіў па лініі «экстрэмізму».

«Ён датычны да распрацоўкі, я думаю, і анархістаў, і ўсіх палітычных зняволеных, – лічыць Азараў. – Ён тут знаходзіцца, таму што там усе гэтыя людзі сядзяць: яны прайшлі СІЗА, атрымалі тэрміны вялікія, сядзяць у лагерах. І таму ён, не баючыся, прыехаў сюды. Мы атрымалі гэтую інфармацыю ад нашых крыніцаў, заняліся яго пошукам і мы яго знайшлі ў лагеры. Правялі праверку і вырашылі апублікаваць, каб людзі ведалі, бо ён пачаў укараняцца».

Паводле інфармацыі «ByPol», прыбыўшы на тэрыторыю Польшчы, Быстроў пачаў укараняцца ў давер да мясцовых беларусаў: ён наведваў усе мітынгі, уступаў у чаты і хадзіў у беларускую царкву. Задачамі агента, сцвярджае арганізацыя, была ліквідацыя лідараў абʼяднання былых сілавікоў, а таксама палітыка Паўла Латушкі. Менавіта таму асобу Быстрова было вырашана раскрыць, і зараз ім будуць займацца польскія спецслужбы.

«У нас няма юрысдыкцыі, праводзіць нейкія тут мерапрыемствы, – тлумачыць Азараў. – Польскія спецслужбы не будуць афішаваць сваю цікавасць да яго, яны праводзяць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненні да яго, дакументуюць яго злачынную дзейнасць. І польскія спецслужбы разбяруцца і самі прымуць рашэнне, што з ім рабіць».

Артыкулы
«ByPol» заявіў пра выкрыццё двух беларускіх выведнікаў у Польшчы
2022.01.13 09:25

ВК belsat.eu

Стужка навінаў