26 лютага Беларусь можа чакаць транспартны калапс і рост коштаў на маршруткі


Фота: slutsk-gorod.by

У панядзелак уступяць у сілу папраўкі да закона «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», які не дазваляе прыватным перавозчыкам працаваць па старых правілах. На новыя прыватныя перавозчыкі не пагаджаюцца.

Набыць квіткі на міжгароднюю маршрутку на 26 лютага нельга – іх не прадаюць.

23 лютага на change.org з’явілася петыцыя, у якой прыватныя перавозчыкі патрабуюць унесці папраўкі ў новую рэдакцыю закона «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».

Цяпер трэба ўзгадняць маршрут з дзяржорганамі

Галоўная прэтэнзія «маршрутчкаў» – прыбраць абавязак узгадняць маршрут з дзяржорганамі, як гэта прадугледжвае новая рэдакцыя закону.

«Месяц таму «нерэгуляршчыкі» пачалі атрымліваць лісты ад Транспартнай інспекцыі. У іх паведамлялася, што па выніках праведзенага маніторынгу іхныя аўтобусы ездзяць па вызначаных маршрутах рэгулярна – у вызначаныя дні і паводле раскладу, але пры гэтым дамоваў на такія віды перавозак у маршрутчыкаў няма – а гэта парушэнне Закона «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках», – гаворыцца ў петыцыі прыватных перавозчыкаў.

Абноўлены закон патрабуе ад прыватных перавозчыкаў заключыць дамовы з «мясцовымі аператарамі на ажыццяўленне транспартных перавозак».

Маршруткі будуць ездзіць з вакзалаў

Паводле новых правілаў «маршрутчыкі» абавязаныя адпраўляцца з вакзалу, ездзіць па вызначаным маршруце і спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках, а таксама распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў, колькасць рэйсаў па маршруце.

Новыя правілы перавозкі пасажыраў прывядуць да росту коштаў за праезд.

«Перавозчыкі павінны будуць плаціць за паслугі аператару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу», – тлумачаць аўтары петыцыі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў