26-галовы футбаліст і жаласныя кнігі адлбыканкаму


Цікавая забава – выбіраць слова года. Вясёлая! Сёння ў нас – моўны кур’ёз года. Пасмяемся разам?

Згаданую калегай Серебряную пуговицу (насамрэч па-расейску кнопку) ад YouTube можна было б смела намінаваць на моўны кур’ёз года. Але мы разглядаем тую пуговицу як пазітыўную інтэрвенцыю ў чужую мову. Курʼёзы ж пашукаем у сваёй.

Кожнаму абырвалгу – па адлбыканкаме

Савецкая моўная спадчына ўчэпіста трымаецца за нашае жыццё. На вуліцах сталіцы месцяцца ўстановы з невымаўляльнымі, але красамоўнымі камісарскімі назвамі: «Галоўдзяржбудэкспертыза», «Белкацёлачыстка», «Белчыгунзаб», «Белсельэлектрасеткібуд» і нават «Белаўтасертыка» (і гэта не жарт, гэта сурʼёзная назва выпрабавальнай лабараторыі транспартных сродкаў ад філіялу БНТУ).

Малюнак: Дэ Лёс

Таму не дзівяць і нашчадкі Абырвалгаў (Главрыбы) у тэкстах журналістаў: «Размова з намеснікам старшыні Гарадзенскага адлбыканкаму», – дасылае калега цітр на праверку. І напраўду ж няважна, які набор зычных паставіць у сярэдзіне гэтага слова, беларускай мовы ў ім ні менш, ні больш не стане – вось ён, курʼёз года. Таксама гэта сапраўдны саветызм года, слова сумнеўнай будовы, якое абазначае такі ж расплывісты, што да функцыяў, панятак.

З запапасу моўнай службы

А цяпер – проста пасмяемся. І будзем памятаць, што памыляюцца нават слоўнікі. Але і ім, і нам варта імкнуцца да дасканаласці.

«Людзі скардзяцца пастаянна, людзі пішуць у жаласныя кнігі на аўтавакзале. Але ніяк не рэагуюць улады нашага гораду на гэтую праблему», – кажа Ганна. Хто ж яшчэ нам паспагадае, як не кніга. Уладам то справы ні да чаго няма.

Hавiны
Гонар года. Белсатаўскае слова 2019-га – гузік (срэбны!)
2019.12.23 09:47

«26-галовы футбаліст перажыў бурныя 12 месяцаў на «Стэмфард Брыдж», прыйшоўшы сюды акурат з «Атлетыка» і правёўшы 16 мячоў у 47 матчах». Усё ясна: чым больш галоў, тым больш галоў. Закон пераходу галавы ў гол у родным склоне множнага ліку.

«Беларусь тэхнічна здольная далей выконваць свае транзітныя функцыі», – паведаміў намеснік старшыні канцэрту «Белнафтахім». Калі ЗША кіраваў актор Роналд Рэйган, то чаму нафтавымі справамі ў Беларусі не могуць апекавацца артысты?

«Цяжэй за ўсё летнюю спёку пераносіць у закатаваным у асфальце Менску». Не, не катуй мяне, мяне – ратуй, мяне-e! – просіць нас сталіца голасам Лявона Вольскага.

Hавiны
Разыграўца. Спартовае слова года ад «Белсату»
2019.12.25 15:15

А вось яшчэ нетрывіяльная падзея: «Фільм заснаваны на сапраўднай гісторыі Сэндры Лэнг, паўднёваафрыканскай дзяўчыны, якая нарадзілася каляровай у сямі белых бацькоў у Паўднёваафрыканскай Рэспубліцы часоў апартэіду».

«Сёння Магілёўскі аэрапорт круглы год абслугоўвае транзітныя паветраныя суды, апрацоўвае грузы». Судзяць у нашай краіне не толькі на зямлі, а і нябесным судом. Ну а ў тых, хто абслугоўвае такія суды, дзень ідзе за (круглы) год.

А вось і подпіс: «Мікалай К., падпалкоўнік міліцыі ў запапасе». Каням – папас, падпалкоўнікам – запапас.

Hавiны
Інтэграцыя – (анты)слова года
2019.12.24 10:42

«Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына збіраецца пайсці ў адстаўку ўвесну 2121 года». Моўная служба не верыць у бессмяротнасць чыноўнікаў, таму ў эфір пайшоў 2021 год.

«Скарбніцу нашых нячысцікаў Яўген напаўняе самастойна. Крыніцы – гэта мастацкія творы кшталту «Шляхціца Завальні» Лявона Баршчэўскага». Моўная служба не верыць таксама ў бессмяротнасць творчых асобаў, нават такіх шаноўных і таленавітых, як спадар Лявон. Таму мы пазначылі аўтарам твору, пісанага ў сярэдзіне XIX стагоддзя, іншага Баршчэўскага, Яна.

Няхай сурʼёзнае робіцца смешным без жаласных наступстваў, а мы налета назбіраем вам яшчэ цікавага з нашага запапасу.

Падрыхтавала Настасся Вікулава Belsat.eu

Стужка навінаў