Жыхара Баранавічаў судзілі наўпрост на фабрыцы, дзе ён працуе


Як стала вядома праваабаронцам, 20 снежня на мэблевай фабрыцы «Лагуна» у Баранавічах прайшоў выязны суд над працаўніком прадпрыемства. 27-гадовага Сяргея Карпеню абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі.

Сяргей Карпеня.
Фота: скрыншот сюжэту на тэлеканале «Беларусь-4. Брест»

Паводле следства, Сяргей Карпеня 17 верасня 2020 году «з мэтай нанясення шкоды гонару і годнасці прэзідэнта РБ» у тэлеграм-канале «Барановичи-97%» пакінуў паведамленне з ненарматыўнай лексікай. Што менавіта было напісана – не паведамляецца.

Абвінавачаны цалкам прызнаў на судзе сваю віну і раскаяўся.

Суддзя Іна Паўлоўская пакарала мужчыну двума гадамі «хіміі» з накіраваннем у ПУАТ. Менавіта такі від адказнасці запрошваў пракурор Вадзім Карачун. Таксама суддзя пастанавіла канфіскаваць на карысць дзяржавы мабільны тэлефон абвінавачанага.

Суд праходзіў наўпрост на мэблевай фабрыцы «Лагуна», дзе працуе Сяргей Карпеня. Пасля паседжання пракурор Карачун растлумачыў кіраўніцтву і працаўнікам фабрыкі магчымыя прававыя наступствы «супрацьпраўных паводзінаў» у інтэрнэце.

Сяргей Карпеня на выязным судовым паседжанні.
Фота: скрыншот сюжэту на тэлеканале «Беларусь-4. Брест»

Вядома, што выязныя судовыя паседжанні рэгулярна праходзяць у розных гарадах Беларусі. Так, раней паведамлялася пра паказальныя суды ў Гомлі (судзілі ў РАУСе і універсітэце – філіяле МІТСО), Менску (паседжанне ва ўніверсітэце МІТСО арганізавала кафедра крымінальна-прававых дысцыплінаў адмыслова для студэнтаў юрыдычнага факультэту, каб яны «змаглі азнаёміцца з парадкам правядзення і стадыямі судовага разбіральніцтва»).

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў