«Калі б у Менску прайшоў чэмпіянат свету па хакеі, то не было б санкцыяў». Аляксандр Апейкін – пра вынікі 2021 года


Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін у размове з «Белсатам» падсумоўвае 2021 год. Размаўляем пра спорт, Алімпіяду ў Токіа і планы налета правесці NFT-аукцыён.

Александр Опейкин, директор Белорусского фонда спортивной солидарности в студии Белсата
Аляксандр Апейкін, дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці, ў варшаўскай студыі «Belsat TV». Варшава, Польшча. 21 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

– Больш за год таму, 17 снежня 2020-га, вы правялі онлайн прэс-канферэнцыю, на якой абвесцілі кампанію па пераносе чэмпіянату свету па хакеі – 2021 з Менску. І ўжо праз месяц турнір афіцыйна ў Беларусі забралі. Спадарожныя абставіны спрыялі: нацыянальныя зборныя, найперш, скандынаўскія, блакавалі візіт у Менск, генеральныя спонсары адмаўляліся падтрымліваць беларускую частку чэмпіянату, Латвія выказала гатовасць самастойна прыняць сусветнае першынство. Але ці была небяспека, што Міжнародная федэрацыя хакею ўсё ж паступіць па-свойму?

– Перанос чэмпіянату свету па хакеі – гэта таксама гістарычны момант, які, напэўна, трэба будзе адлюстраваць у асобным літаратурным творы, бо гэтая гісторыя – нароўні з дэтэктывам. Такой колькасці інсайдарскай якаснай працы, увядзення рычагоў розных я не згадаю. Нашыя дзеянні складаліся з вялікай колькасці блокаў, трэба было кантактаваць з абсалютна рознымі групамі.

Трэба разумець, што пытанне пераносу чэмпіянату свету па хакеі – гэта пытанне вялікіх грошай. І калі б чэмпіянат прайшоў у Менску, то старонка была б перагорнутая. Не было б і самалёта з Пратасевічам, не было бы ні чацвёртага, ні пятага пакету санкцыяў Нічога не было б. Увогуле гэта было тлустым пунктам легітымізацыі. Так ці інакш да цябе прыязджаюць замежныя зборныя, адмыслоўцы, заўзятары, для якіх няцяжка стварыць мілую карцінку міру і спакою ў краіне. Бо там, дзе ўсё дрэнна, чэмпіянаты свету не праходзяць. І Рэнэ Фазэль не хацеў пераносіць, разумеючы, якія расходы будуць узнікаць у сувязі з гэтым. А колькі грошай ужо было ўкладзена.

Мы ж не ведаем яшчэ, якія інвестыцыі непразрыстыя былі з боку Беларусі. А пасля ўсяго шуму гарантыяў правядзення спаборніцтваў у Беларусі міжнародная федэрацыя даць не магла.

Але Міжнародная федэрацыя хакею – гэта структура, у выканкаме якой дастаткова шмат скандынаваў, былі чальцы выканкаму са Злучаных Штатаў Амерыкі, з Даніі, Швецыі ды Фінляндыі. Калерва Кумала, напрыклад, вельмі актыўны чалец выканкаму. А ў скандынаўскіх краінах пытанне Беларусі стаяла дастаткова востра. І гэта дапамагло. Там спрацавалі два важныя элементы: першы – ціск на спонсараў, якія адмовіліся фінансаваць (гэта быў першы званочак, але не самы яшчэ вызначальны), а другі – адмова скандынаўскіх краінаў браць удзел. Яны дамовіліся дзеяць салідарна.

Іншымі словамі, калі б адная скандынаўская зборная не паехала, то і ўсе астатнія далучаліся б да гэтага байкоту. Данія адмовілася першая, потым аўтаматам фіны, шведы, нарвежцы. Ужо ясна было, што чэмпіянат будзе пераносіцца. Насамрэч там вельмі шмат памылак зрабіў сам Фазэль, пачынаючы з абдымкаў з Лукашэнкам.

Былі і іншыя рэчы, якіх не хачу агучваць. Бачна было, што ён разгубіўся, не разумеў, што рабіць, і, адпаведна, шматкроць памыляўся. Гэтая гісторыя стала вельмі павучальнаю для нас, каб разумець, як працуе адваротны бок буйной спартовай федэрацыі, якая колькасць лабістаў вакол гэтага.

Зборная Беларусі па хакеі трэнуецца на «Чыжоўка-Арэне».
Фота: Белсат

– Але барацьба за перанос з Менску летняга чэмпіянату Еўропы па велатрэку была больш працяглаю. Расцягнулася на тры месяцы. Там яшчэ было і змаганне з моцным расейскім лобі ў Еўрапейскім Звязе сярод раварыстаў…

– Тут мы дзеялі паводле таго ж алгарытму, як і з чэмпіянатам свету па хакеі. Але сутыкнуліся з шэрагам абставінаў, якія гэты працэс ускладнялі.

Рэч у тым, што роварны трэк – не той від спорту, які рэальна цікавіць шырокія масы. Таму і несур’ёзна было падключаць еўрапарламентароў для развязання гэтага пытання.

Я тры гады прапрацаваў у веласпорце, і мне гэтая тэма была цудоўна знаёмая. Ведаў усіх арганізатараў. Каб чэмпіянат Еўропы па трэку праходзіў у звычайны час, яго б увогуле ніхто не заўважыў. У найлепшым выпадку там бы школьнікаў нагналі ці бээрэсэмаўцаў, каб запоўніць трыбуны. Дапамагла вялікая праца дацкага журналіста нацыянальнай штодзённай газеты з Капэнгагену «Berlingske» Эміл Ротбёл. Ён правёў цудоўнае расследаванне, дзе вельмі тонка выбудаваў гэтыя ўзаемасувязі паміж выканкамам і бізнэсоўцам Макаравым (Ігар Макараў, расейскі алігарх, кіраўнік кампаніі «Ітэру», чалец кіроўнага камітэту Міжнароднага звязу раварыстаў ад Еўропы), а таксама Гусятнікавым (Аляксандр Гусятнікаў, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага звязу раварыстаў UEC), што адразу стала ясна каму і дзеля чаго патрэбны чэмпіянат Еўропы па трэку ў Менску.

Агульна кажучы, гэта была б праца на прапагандыстаў і найперш на PR Лукашэнкі. Але таксама пачалі зборныя адмаўляцца, Аўстрыя, Данія, а потым здарыўся інцыдэнт з самалётам і пытанне пра перанос ЧЕ па велатрэку з Менску практычна было развязанае.

– Беларускі фонд спартовай салідарнасці вельмі шмат зрабіў, каб улады Беларусі пры падрыхтоўцы да Алімпіяды прынялі і тых, хто не падпісваўся за іх. Каб у Токіа спартоўцы ці прымірыліся, ці выступалі пад нейтральным сцягам. Вольных спартоўцаў усё ж пусцілі ў каманду. Але агулам усё засталося на мінулым узроўні: той жа непрызнаны Міжнародным Алімпійскім камітэтам Віктар Лукашэнка, як прэзідэнт НАК Беларусі і, па суінасці, тыя ж праблемы. Цяпер зборныя па відах спорту рыхтуюцца да выступу на Белай Алімпіядзе ў Пекіне пад чырвона-зялёным сцягам, усцяж у камандзе фрыстайлістаў няма экс-чэмпіёнкі свету Аляксандры Раманоўскай, а на капітанскім мастку – галоўнага трэнера Мікалая Казекі. Чаму Міжнародны алімпійскі камітэт дасюль не дапамог даць рады з ціскам дзяржавы на тых, хто жадае зменаў у краіне?

– Мы атрымалі зваротную сувязь з МАК з нагоды гэтай сітуацыі. Але рэч у тым, што ў свеце, акрамя Беларусі, існуе яшчэ 200 краінаў, у кожнай з якіх ёсць свае праблемы ў алімпійскім руху. І Беларусь наагул не нейкі прыярытэт, каб яе праблемы развязваліся ў першую чаргу ў міжнародных спартовых асацыяцыях, арганізацыях, федэрацыях. Яны не кідаюць усяго і не пачынаюць тэрмінова пераймацца беларускім пытаннем. Займаюцца ўсім у рабочым парадку.

І ўсе заявы, апеляцыі, якія ідуць у міжнародныя спартовыя арганізацыі, разглядаюцца тэрмінам ад паўгода да года, нават да паўтара года. І гэта нармальны тэрмін. Давайце згадаем прыклад са старшынём ФХРБ: расследаванне пачалося ў снежні 2020 года, а санкцыі супраць Баскава агучылі толькі ў верасні 2021-га. Але пытанне са сцягам і са статусам беларускага НАК усё яшчэ вісіць. Мы чакаем, што фінальнае рашэнне аб Беларусі будзе прынятае пасля таго, як Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі падасць у МАК звесткі расследавання ў справе Крысціны Ціманоўскай. І трэба ўлічваць, што акрамя Ціманоўскай там яшчэ некалькі дадатковых кейсаў аб парушэнні правоў спартоўцаў.

Усё гэта ў сукупнасці можа прывесці да таго, што Беларусь застанецца без сваіх колераў і на наступныя Алімпійскія гульні паедзе пад алімпійскім сцягам. Пакуль міжнародныя арганізацыі жывуць паводле ўласных правілаў: разумеюць нашыя праблемы, але адмыслова не прыспешваюцца.

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская пазірую для партрэта. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

– Падводзячы вынікі года, што б вы згадалі акрамя поспехаў для дзейнасці Беларускага фонду спартовай салідарнасці?

– Па-першае, у нас проста фізічна не хапіла часу дамагчыся адмены этапу Кубка свету па фрыстайле. Уся ўвага была аддадзеная пераносу хакейнага чэмпіянату планеты. Таксама нам не ўдалося пакуль давесці справы да канца з УЕФА. Гэта ўвогуле быў асобны фронт працы, неверагоднай сваймі аб’ёмамі, надта вялікай паводле фінансавых затратаў. І гэта непрабівальная карупцыйная сцяна.

Нам падавалася, што маем пераканальныя козыры ў руках, што імі можна проста гуляць, і вынік будзе стоадсоткавы. Але аказалася не так. Увогуле аніякай рэакцыі. То бок усе нашыя заявы, апеляцыі не прымаюцца да разгляду. Дакладней, хутка разглядаюць і адразу адмаўляюць. У самым пачатку дысцыплінарнага працэсу. Хаця быццам бы доказная база ўся ёсць, міжнародныя юрысты вельмі моцныя і дасведчаныя з намі працуюць, то бок, юрыдычная аргументацыя надзейная, а ўсе чальцы выканкаму УЕФА цудоўна ведаюць, што адбываецца ў Беларусі.

Не сумняюся, Александэр Чэфэрын (прэзідэнт УЕФА) сам усё бачыць. Але вось прынятая негалосная пастанова беларускага пытання не развязваць. Проста рабіць выгляд, што яго не існуе. Мы ў выніку па іерархіі дайшлі да Арбітражнага суда ў Лазане, і калі і там праўды не знойдзем, значыць, праўды няма.

Нам выставілі рахунак – 22,5 тысячы еўраў з тэрмінам аплаты да 7 студзеня. І толькі пасля гэтага CAS пачне разглядаць справу. За такі кароткі тэрмін знайсці гэткія немалыя грошы для нас вельмі праблематычна. А адступаць не тое што не хочацца. Нельга ніякім чынам. І мы абвесцілі для ўсіх неабыякавых людзей збор сродкаў (старонка фонду). Нам цудоўна бачыцца вялізная колькасць парушэнняў, карупцыя, маніпуляцыя вынікамі, уплыў на вынікі, наўпроставае ўмяшанне дзяржавы ў працу федэрацыі… Гэта ўсё ў комплексе найгрубейшым чынам парушае Статут УЕФА. Найгрубейшым! Але рэакцыі аніякай. Я спадзяюся, нам удасца перамагчы ў наступным годзе.

Працэс яшчэ ідзе. І шанцы ёсць. Вельмі неблагія.

Hавiны
«Не месца ў цывілізаваным свеце». Дэпартацыя Базанава як новыя рэаліі беларускага спорту і чынавенства
2021.12.01 19:48

– І гісторыя з прыгодамі Базанава вам на руку. Як удалося дамагчыся такога сораму для кіраўніка Беларускай федэрацыі футболу?

– Сітуацыя і тут вельмі цікавая. Насамрэч там ёсць адзін вельмі хітры інструмент абыходу санкцыйных спісаў: выезд праз службовыя пашпарты, дзе звесткі (імя і прозвішча) праз транслітарацыю змяняецца, а такое паняцце, як асабісты нумар нівелюецца, з’яўляецца іншы асабісты нумар. І гэта дазваляе абыходзіць спіс неўязных.

Па-другое, Базанава ўнеслі ў спісы трох краінаў Балтыі, але не было ягонага прозвішча ў агульных спісах Еўразвязу, хаця санкцыйнае ўключэнне асобы на уезд хаця б у адну краіну Еўразвязу – гэта ўжо падстава не выдаваць візы. І тут таксама прасочваецца яскравы карупцыйны след. Бо яму візу выдавалі ў вугорскай амбасадзе паводле запрашэння УЕФА.

Цяжка сказаць, нашто ён увогуле туды паехаў. Атрымалася, што ягоны выезд падчапіў зусім іншага роду наступствы. Бо пасля прыйшоў спіс на запыт усіх непажаданых асобаў ад беларускага спорту ў Еўразвязе. Там проста не жадаюць больш бачыць такіх інцыдэнтаў. А таму яны загадзя перастрахоўваюцца, зацвярджаючы агульны спіс для ўсіх, хто датычны да рэпрэсіяў. Атрымалася, што кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу такім чынам усім сваім калегам падклаў свінню. А ў Еўропе зноў звярнулі ўвагу на тое, што адбываецца ў беларускім футболе.

– Чым фонд заканчвае год, з чаго будзе распачынаць 2022-і?

– У нас у плане ў канцы снежня правесці дабрачынную шахматную партыю Гары КаспараўУладзіслаў Кавалёў. Каспараў пацвердзіў, што гатовы правесці такую партыю. І гэта будзе транслявацца на ўвесь свет. Пройдзе прэс-канферэнцыя. Матчам мы патрымаем барацьбу за правы чалавека, за свабоду.

Ну а налета ў нас вельмі шмат даволі грунтоўных планаў. Я пакуль не магу казаць. Але там будуць вельмі сур’ёзныя інфападставы. Канечне, не малаважна, што нам неабходна і зарабляць. Трэба разумець, што фонд на 80 % фінансуецца са сродкаў, прыцягнутых прыватным парадкам. У тым ліку і з аўкцыёнаў.

Зразумела, дзейнасць, звязаная з юрыдычным супрацьстаяннем такім буйным арганізацыям, як УЕФА, з’ядае вельмі шмат сродкаў. А ў нас яшчэ ёсць адчувальна расходная частка – гэта вольныя спартоўцы, якія выязджаюць на зборы.

Мы дапамагаем ім працягваць кар’еру, аказваючы пачатковую падтрымку, арганізацыйную і матэрыяльную. Тых, хто яе патрабуе -нямала. Аўкцыёны мы будзем працягваць, але рабіць іх у мадыфікаваным варыянце, як NFT-аукцыён. Цяпер гэта вельмі папулярна ў свеце. Неўзаемазамяняльныя такены, якія растуць у цане. І вось праз іх будзем арганізоўваць інвестыцыі. 3D-мадэль лота. Якога – пакуль таямніца.

2022 год будзе вельмі цікавы. Шмат праектаў, шмат ідэяў. І ніякага адчування стомленасці, адчаю. Баявы дух у спартоўцаў выдатны. Бо, калі выключыцца, то гэта будзе прыпынак за паўкроку ад перамогі. Гэта будзе стратэгічная памылка. Бо калі ўжо нямала праінвеставаў са сваіх рэсурсаў – эмацыйных, фізічных, рэсурсаў часу – то ўжо ідзеш да выніку. Ты яго бачыш.

Няхай у нас менш магчымасцяў фінансавых, затое значна шмат рэсурсаў чалавечых. І на зусім кароткай дыстанцыі мы хутка выйдзем наперад.

Інтэрв’ю
«Беларусь уцягваецца ў архаіку.». Гендырэктар «Tribuna Digital» пра перспектывы беларускага спорту
2021.12.04 12:36

АП belsat.eu

Стужка навінаў