Які ўплыў меў Макей у сістэме Лукашэнкі і хто яго заменіць? Разважае Павел Латушка


Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей раптоўна памёр 26 лістапада. Прычыны смерці не паведамляюць. Пра Макея «Белсату» расказаў Павел Латушка – колішні міністр культуры Беларусі і колішні амбасадар у розных краінах, які ў 2020 годзе перайшоў на бок пратэсту, а цяпер уваходзіць у Аб’яднаны пераходны кабінет Святланы Ціханоўскай.

Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей на фестывалі для дыпламатаў у Менску. 5 ліпеня 2019 года.
Фота: МЗС Беларусі

Макей быў вельмі набліжаным да Лукашэнкі, але страціў уплыў

Павел Латушка ў каментары «Белсату» кажа, што  Уладзімір Макей «ведаў больш за ўсіх» пра сістэму ўлады Беларусі. Да таго, як Макей на 10 гадоў заняў пасаду міністра замежных справаў Беларусі, ён 4 гады ўзначальваў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, перад тым 8 гадоў быў першым памочнікам Лукашэнкі.

«Што такое першы памочнік Лукашэнкі? Гэта значыць, той чалавек, які 24 гадзіны на дзень, 7 дзён на тыдзень мае прамы непасрэдны доступ да цела Лукашэнкі. Гэта той чалавек, які ведае, з кім Лукашэнка сустракаецца, якія, прабачце, прыязджаюць да яго жанчыны, з кім ён п’е гарэлку і гэтак далей, лятаў з персанальнымі даручэннямі Лукашэнкі», – тлумачыць Латушка.

Латушка згадвае: калі працаваў амбасадарам Беларусі ў Парыжы і Мадрыдзе ў 2018 годзе замежныя дыпламаты пыталі яго, ці можа Уладзімір Макей стаць кандыдатам у прэзідэнты на выбарах-2020. Латушка адказаў станоўча.

«Мне падаецца, што ў 2020 годзе Макей здрадзіў сам сабе, – згадвае Латушка. – Ён той чалавек, які ўсё ж такі з’яўляўся беларускім хлопцам. Але!.. І тут шмат але».

Калі падчас пратэстаў-2020 паўстала пытанне аб тым, ці пяройдзе Макей на бок народу, Латушка кажа, што «быў вельмі скептычны»: Макей «вельмі шмат ведаў».

Павел Латушка. Баброўнікі, Польшча. 5 чэрвеня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Што да прычынаў смерці Макея, Латушка не ўзяўся выказваць здагадак. Ды пацвердзіў: ягоныя крыніцы ў МЗС казалі, што Макей «спрабаваў знайсці выхад з цяжкага псіхалагічнага становішча» ў алкаголі.

Пасля 2020 года Макей перастаў быць уплывовай асобай, Лукашэнка перастаў да яго прыслухоўвацца, кажа Латушка. Як сцвярджае Латушка, калі цэнтральны апарат МЗС вырашылі скараціць на 5 % у межах агульных скарачэнняў дзяржаўнага апарату, Макей напісаў Лукашэнку службовую запіску аб сваёй нязгодзе. Лукашэнка адказаў рэзалюцыяй: скараціць не на 5 %, а на 25 %.

Макей цяжка перажываў страту ўплыву, мяркуе Латушка. Сярод іншага яго зневажала тое, што Лукашэнка не браў яго на замежныя візіты ў свой самалёт і прымушаў лятаць рэйсавымі. А апошні візіт Макея наогул быў у Ерэван на ваенна-транспартным самалёце, не прыстасаваным да пасажырскіх перавозак.

Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей ляціць на саміт АДКБ у Ерэван на ваенна-транспартным самалёце. 22 лістапада 2022 года.
Фота: БелТА / Telegram

Макей адказны за рэпрэсіі як у МЗС, так і агулам у Беларусі

На думку Латушкі, Макей «гуляў у сваю гульню», але ў гэтай гульні падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку, хоць лічыў, што будзе мець шанец «перасесці ў іншае крэсла». Макей змог калісьці пабудаваць сабе імідж «прабеларускага чалавека», таму шмат хто пагадзіўся б на тое, каб ён узначаліў краіну, мяркуе Латушка.

Ды Латушка нагадвае, што Макей «праз усю сваю біяграфію» быў адказным за рэпрэсіі супраць беларусаў. У 2010 годзе ён быў кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі, а тады былі здушаныя масавыя мірныя пратэсты – Макей гэтым «фактычна кіраваў», кажа Латушка. Макей трапіў у спіс «непажаданых асобаў» Еўрапейскага звязу, дыпламаты дамагліся яго выключэння з таго спісу толькі пасля таго, як той стаў міністрам.

Уладзімір Макей «першы ў чарзе» да Аляксандра Лукашэнкі пасля саміту ЕАЭС. 20 траўня 2020 года.
Фота: Пул первого / Telegram

У 2020 годзе Макей быў чальцом Савету бяспекі пры Лукашэнку, удзельнічаў у прапагандысцкай кампаніі перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне і расейскім уварваннем ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Таксама Макей падтрымліваў «зачыстку» няўрадавых арганізацыяў, асабіста прымаў рашэнні аб палітычных звальненнях у МЗС. На думку Латушкі, Макей «у складзе арганізаванай злачыннай групы» ладзіў штучны міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краінах Еўразвязу, а той крызіс прывёў да шматлікіх ахвяраў сярод мігрантаў.

«Я памятаю, калісьці міністр замежных справаў [Сяргей] Мартынаў сказаў мне: ніколі не верце Макею, ён схлусіць, – распавядае Латушка. – Я скажу так: гэта пацвярджалася не аднойчы».

Латушка сцвярджае, што Макей справакаваў канфлікт між ім як міністрам культуры і тагачаснай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Наталляй Пяткевіч. Канфлікт здарыўся праз тое, што прадстаўніка Ізраілю выключылі з фестывалю «Славянскі базар», і прывёў да «бюракратычнай вайны». Макей «падкідаў масла ў агонь», калі нагадваў Лукашэнку аб словах Латушкі пра тое, што беларускія трактары ламаюцца на прэзентацыях у Францыі. Ды Макей станавіўся на бок Латушкі, калі яго «атакавалі» за арганізацыю культурных імпрэзаў у Францыі і Іспаніі.

Хто заменіць Макея?

Паводле крыніцаў Латушкі, ужо пару месяцаў ходзяць чуткі аб тым, што Макея можа замяніць ягоны першы намеснік і блізкі сябра Сяргей Алейнік. Гэта чалавек «абсалютна пралукашэнкаўскі» і «абсалютна не праеўрапейскі», які «не мае сваёй пазіцыі», кажа Латушка. Калі прызначаць яго, гэта будзе «шэры міністр, які будзе выконваць загады Лукашэнкі».

Ёсць і кандыдатура намесніка міністра замежных справаў Юрыя Амбразевіча. Гэта, кажа Латушка, «прадстаўнік рускага міру», які праславіўся скандаламі, у тым ліку казаў, што «прынцыпу правоў чалавека не існуе, трэба ад гэтага адмаўляцца». Калі яго прызначаць міністрам, Амбразевіч «будзе рабіць усё, каб менавіта руская, нават не расейская палітыка была прыярытэтам вонкавай палітыкі Беларусі».

Каментар
«Ён запомніцца шчырай працай на дыктатара». Валер Кавалеўскі назваў Макея часткай рэпрэсіўнага рэжыму
2022.11.26 19:08

belsat.eu

Стужка навінаў