Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 26 лістапада


«Белсат» падводзіць вынікі 276-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 26 лістапада чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі танк на вуліцы Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Цягам апошніх содняў працягваліся пазіцыйныя баі ў паўночна-ўсходняй частцы Харкаўскай вобласці і на захадзе Луганскай. Міністэрства абароны РФ паведамляе пра адбіццё ўкраінскіх атак каля населеных пунктаў Каламыйчыха і Плашчанка, а таксама пра зрыў атакі Збройных сілаў Украіны каля Навасёлаўскага. Пры гэтым апошні населены пункт, нягледзячы на ўчорашнія заявы, па-ранейшаму знаходзіцца ў так званай шэрай зоне, пра што сведчыць інтэрактыўная карта вайны ва Украіне Deepstatemap. Імаверна, расейскія вайскоўцы толькі зайшлі ва ўсходнюю частку сяла і спыніліся па лініі мясцовай чыгункі, заняўшы пры гэтым зусім нязначную частку Навасёлаўскага.

Ваенкор Сямён Пегаў піша пра спробы войскаў РФ атакаваць каля Дзіброва і Стэльмахоўкі.

Украінскі Генштаб у сваю чаргу паведамляе, што праціўнік вядзе актыўную абарону, а таксама праводзіць перагрупаванне сваіх войскаў на ліманскім кірунку.

Пры гэтым тэлеграм-канал «Иди и смотри» мяркуе, што Збройныя сілы Украіны рыхтуюць вялікі наступ у бок Сватава, дзеля чаго цяпер у Харкаўскую вобласць перакідаюцца дадатковыя сілы. Разам з тым ЗСУ будуюць лінію абароны на мяжы з Белгародскай вобласцю РФ, імаверна, каб пазбегнуць расейскага ўдару ў тыл.

У Данецкай вобласці сілы абароны Украіны адбілі расейскія атакі каля населеных пунктаў Якаўлеўка, Салядар, Бахмуцкае, Бахмут, Вопытнае, Первамайскае, Краснагораўка і Невельскае. Пры гэтым самыя ЗСУ атакавалі каля Белагораўкі, Якаўлеўкі, Кляшчэеўкі, Новаміхайлаўкі, Нікольскага і Урэмаўка.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях цягам содняў заставалася нязменнай – ніводны з бакоў канфлікту не паведамляе аб правядзенні наземных аперацыяў. Пры гэтым у Запарожскай і Херсонскай вобласцях расейцы працягваюць масіраваныя абстрэлы з артылерыі.

Салдаты страляюць з мінамёту недалёка ад Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 16 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

Сямён Пегаў гаворыць пра вулічныя баі ў Мар’інцы і Бахмуце, пры гэтым ваенкор адзначае, што ЗСУ не збіраюцца здаваць свае пазіцыі. 

Паводле Генеральнага штабу ЗСУ, за содні было знішчана каля 560 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 86 710 чалавек.

Таксама 26 лістапада адбыўся чарговы абмен ваеннапалоннымі – гэтым разам у фармаце 12 на 12.

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны мяркуюць, што расейскае камандаванне магло павялічыць колькасць абменаў палоннымі, каб пазбегнуць крытыкі з боку грамадства за абыякавасць у адносінаў да лёсаў сваіх вайскоўцаў.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Аналітыка
Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні
2022.11.24 12:30

ВК belsat.eu

Стужка навінаў