Следчы камітэт пахваліўся «поспехамі» ў палітычным пераследзе. Новага амаль не расказаў


Як было ў жніўні 11 тысяч палітычных крымінальных справаў, так і засталося. Намеснік старшыні Следчага камітэту Анатоль Васільеў даў інтэрв’ю дзяржаўнай газеце «СБ. Беларусь сегодня», у якім пахваліўся старымі дасягненнямі ў палітычных рэпрэсіях.

Супрацоўнік Следчага камітэту Беларусі.
Фота: sb.by

Што расказаў намеснік старшыні Следчага камітэту:

  • СК расследаваў звыш 30 крымінальных справаў паводле артыкулу «Акт тэрарызму», у суд накіраваныя яшчэ не ўсе справы. У «тэракты» залічылі дзеянні «рэйкавых партызанаў», якія перашкаджалі руху расейскіх войскаў ва Украіну праз дыверсіі на беларускай чыгунцы (а людзей гэтыя «тэрарысты» не забівалі). А Камітэт дзяржаўнай бяспекі заносіць у «спіс тэрарыстаў» нават абвінавачаных (і яшчэ не асуджаных) за «масавыя беспарадкі» і «распальванне варожасці» да сілавікоў.
  • Асобна расказалі пра аднаго з «рэйкавых партызанаў»: віна «тэрарыста» ў тым, што ён падпаліў рэлейную шафу на чыгунцы, што выклікала затрымку руху 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў, а таксама ў тым, што быў падпісаны на 45 «дэструктыўных» Telegram-каналаў. Супраць мужчыны пры затрыманні «ўжылі табельную зброю» (сапраўды, сілавікі хваліліся, што прастрэлілі калені аднаму з затрыманых). Страляць вырашылі нібыта таму, што пры затрыманні ў мужчыны выявілі пісталет. СК заяўляе, што «тэрарыст» атрымаў ад «куратараў» 50 долараў.
  • З 2020 года ў Беларусі зафіксавалі «звыш 11 тысяч» злачынстваў «экстрэмісцкага напрамку» (так цяпер называюць палітычныя крымінальныя справы). Цікава, што пра гэтыя ж «звыш 11 тысяч» Следчы камітэт паведамляў яшчэ 11 жніўня. Цяпер СК дадае, што з пачатку 2022 года было зарэгістравана каля 4300 злачынстваў «экстрэмісцкага напрамку», і больш за палову з іх былі ўчыненыя ў 2020-21 гадах. Часцей за ўсё злачынствы «экстрэмісцкага напрамку» робяць за мяжой і праз інтэрнэт, сцвярджае СК.
  • Супраць беларускіх палкоў ва Украіне – палка Каліноўскага і палка «Пагоня» – распачалі крымінальныя справы. Пра справу супраць першага паведамлялі ў кастрычніку, пра справу супраць другога расказалі 4 лістапада. На думку СК, гэтыя фармаванні незаконныя, хоць напраўду яны афіцыйна ваююць у складзе Збройных сілаў Украіны. СК прызнае, што ў Беларусі затрымліваюць людзей за намер далучыцца да палкоў – «на стадыі вербавання».
  • На думку СК, беларускія палкі ва Украіне «не нясуць ніякай пагрозы дзяржаве», але «могуць прадстаўляць прамую пагрозу нашым грамадзянам». Дзейнасць палкоў, мяркуе СК, зводзіцца да рэкламавання саміх сябе і фінансавага ўзбагачэння «куратараў» за кошт байцоў. СК верыць, што Украіна калі-небудзь выдасць яму байцоў беларускіх палкоў.
  • Праваабаронцаў «Вясны» вінавацяць у «кантрабандзе валютных сродкаў» наяўнымі праз мяжу на суму не менш за 290 тысяч долараў СК прызнае, што «фінансаваннем масавых беспарадкаў» лічаць таксама і аплату штрафаў за ўдзел у мірных пратэстах. Справу «Вясны» перадалі пракурору для накіравання ў суд.
  • Адносна Валерыя Цапкалы ўсё яшчэ збіраюцца пачаць «спецыяльнае вядзенне». СК анансаваў гэта яшчэ 28 верасня, абяцае вось-вось пачаць. Цапкалу называюць перадусім «карупцыянерам», за якім «ужо потым пайшоў шлейф экстрэмісцкіх заклікаў». Пры чым заклікі тыя пачаліся, мяркуе СК, калі Цапкала з’ехаў за мяжу, а не калі збіраў подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.
  • «Спецыяльнае вядзенне» пачалі таксама супраць Аб’яднанага пераходнага кабінету. СК ужо паведамляў 21 кастрычніка аб «спецыяльным вядзенні» супраць лідараў беларускага пратэсту, цяпер жа гэтае «вядзенне» – супраць усяго Кабінету. Кожнае дзеянне чальцоў Кабінету СК лічыць «пагрозай нацыянальнай бяспецы».
Hавiны
Старшыня СК распавёў пра новыя завочныя справы і пра «нацысцкія фармаванні» ва Украіне
2022.11.18 11:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў