Рада БНР заснавала ордэн «Пагоня». Першымі ўзнагародзяць герояў, што ахвяравалі жыццём дзеля свабоды Беларусі


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла абвесціла пра заснаванне ордэна «Пагоня». Ім будуць адзначаць выбітныя заслугі перад Беларуссю і беларускім народам. Першымі ўзнагародзяць «герояў, якія за свабоду Беларусі ахвяравалі самым дарагім, што мелі: уласным жыццём», гаворыцца ў адмысловым звароце Сурвілы.

Медаль ордэна «Пагоня».
Фота: «Позірк» / Telegram

Рада БНР заснавала медаль ордэна «Пагоня». Пра гэта гаворыцца ў звароце старшыні Рады Івонкі Сурвілы.

«Гэтым медалём Рада БНР да складання сваіх паўнамоцтваў будзе адзначаць выбітныя заслугі перад Беларуссю і беларускім народам. Першымі медаль атрымаюць героі, якія за свабоду Беларусі ахвяравалі самым дарагім, што мелі: уласным жыццём. Наш абавязак – шанаваць памяць гэтых герояў і працягнуць іхную барацьбу», – адзначыла Сурвіла.

Ордэнам узнагародзяць актывістаў і пратэстоўцаў, якія загінулі падчас падзеяў мірнай рэвалюцыі, што пачалася ў 2020 годзе: Вітольд Ашурак, Раман Бандарэнка, Мікіта Крыўцоў, Аляксандар Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў, Канстанцін Шышмакоў.

Таксама адзначаць беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі на вайне ва Украіне: Дзмітрый Апанасовіч, Аляксей Вешчавайлаў, Павел Волат, Васіль Грудовік, Канстанцін Дзюбайла, Іван Марчук, Васіль Парфянкоў, Дзмітрый Рубашэўскі, Аляксей Скобля, Ілля Хрэнаў, Вадзім Шатроў.

Узнагародзяць і беларусаў, што загінулі падчас Рэвалюцыі годнасці і на вайне ва Украіне з 2014 года: Міхаіл Жызнеўскі, Мікалай Іллін, Алесь Чаркашын, Віталій Ціліжэнка.

Рада БНР удакладніла, што медаль ордэна могуць атрымаць не толькі беларусы, але і замежнікі.

«Медаль уручаецца асобам, якія адзначыліся на ніве змагання за волю і незалежнасць Беларусі; выбітным грамадскім і культурніцкім дзеячам у Беларусі і сярод беларускага замежжа; замежнікам, якія спрычыніліся да даследаванняў і папулярызацыі Беларусі ў свеце, а таксама іншым чынам спрыялі нацыянальным інтарэсам Беларусі», – тлумачыцца ў паведамленні Рады БНР.

Hавiны
Байцы палка Каліноўскага атрымалі дзяржаўныя ўкраінскія ўзнагароды
2022.06.17 17:49

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў