Музыкі з «Litesound», якія прадстаўлялі Беларусь на «Еўравізіі», знайшліся ў СІЗА на Валадарскага


Браты Дзмітрый і Уладзімір Каракіны знаходзяцца ў Следчым ізалятары № 1 у Менску, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Пра іх затрыманне паведамлялі 13 кастрычніка – цяпер стала вядома, што супраць іх распачалі крымінальную справу.

Уладзімір і Дзмітрый Каракіны. 13 ліпеня 2018 года.
Фота: Litesound / vk.com

Паводле папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, справу супраць Дзмітрыя і Уладзіміра Каракіных распачалі паводле арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Калі праўладныя каналы, звязаныя з сілавікамі, паведамлялі аб затрыманні, братоў на словах вінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту, «агітацыі» ў сацыяльных сетках і «супрацы з экстрэмісцкімі арганізацыямі». Сцвярджалася, нібыта ў доме знайшлі «арсенал незарэгістраванай зброі», які чамусьці прыпісалі не музыкам, а іхнаму бацьку. Музыкаў затрымлівалі байцы САХР у поўным экіпаванні.

«Litesound» – поп-рок гурт, які браты Каракіны заснавалі ў 2005 годзе. Гурт выдаў толькі два студыйныя альбомы, але чатыры дзясяткі самотнікаў. Вядомы пераважна англамоўнымі песнямі, але мае спевы на беларускай і расейскай. Двойчы займалі другое месца ў нацыянальным адборы на «Еўравізію» (2008 і 2009), перамаглі ў адборы туды ў 2012 годзе, але занялі толькі 15-е месца ў паўфінале «Еўравізіі» з песняй «We Are The Heroes».

У 2020 годзе выдалі песні ў падтрымку беларускіх пратэстаў, затым гралі ў падтрымку сем’яў палітвязняў.

Hавiны
МУС дадало ў спіс «экстрэмістаў» 178 чалавек. Таксама пашырыўся спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
2022.11.25 21:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў