«Кіеў – еўрапейская сталіца свабоды». Прэм'ер-міністр Польшчы прыехаў ва Украіну ў чацвёрты раз ад пачатку вайны


Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі прыехаў у Кіеў, паведамляе польскі ўрад у сваіх сацсетках. Гэта чацвёрты ягоны візіт ва Украіну ад пачатку вайны. Ён назваў Кіеў «еўрапейскай сталіцай свабоды».

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі ў Кіеве. 26 лістапада 2022 года.
Фота: канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы / Twitter

Прэмʼер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі прыехаў ва Украіну з чацвёртым візітам ад пачатку вайны. Ён ушанаваў памяць ахвяраў Галадамору, заявіўшы, што цяперашнія дзеянні Расеі могуць прывесці да яшчэ аднаго штучнага голаду, гэтым разам – у Афрыцы і Паўднёва-ўсходняй Азіі.

Як сказаў Маравецкі, блакаванне Расеяй украінскіх партоў азначае блакаванне гуманітарных магчымасцяў, і бакі працягнуць працу, каб вызваліць гэтыя калідоры.

Пазней у Кіеве адбылася сустрэча Люблінскага трохкутніка – прэмʼер-міністраў Украіны, Польшчы і Літвы. Дзяніс Шмыгаль, Матэўш Маравецкі і Інгрыда Шыманіце ўхвалілі сумесную заяву, асудзіўшы сістэматычныя ваенныя злачынствы Расеі, пацвердзілі далейшую трохбаковую супрацу ў ваеннай і абароннай галіне з выкарыстаннем патэнцыялу NATO і ЕЗ. Кіраўнікі ўрадаў дамовіліся і надалей прасіць партнёраў працягваць пастаўкі Украіне тэхнікі ды ўзбраення.

Прэм’ер-міністры Літвы, Украіны і Польшчы пасля падпісання сумеснай заявы. Кіеў, Украіна. 26 лістапада 2022 года.
Фота: канцылярыя прэм’ер-міністра Польшчы / Twitter

Таксама яны пацвердзілі гатовасць актывізаваць дыскусію ў NATO адносна запрашэння Украіны да перамоваў аб уступленні ў альянс з улікам саміту арганізацыі ў Вільні ў 2023 годзе. Літва і Польшча выказалі надзею на найхутчэйшы адчувальны прагрэс на гэтым шляху.

Урады трох краінаў заклікалі міжнародную супольнасць вызначыць выразнай агульнай мэтай аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і вызваленне ўсіх акупаваных тэрыторыяў.

У заяве для журналістаў Матэўш Маравецкі адзначыў, што ў выпадку, калі вайну прайграе Украіна, загіне ўся Еўропа.

«Кіеў цяпер – еўрапейская сталіца свабоды. У вайны, якую развязала Расея, можа быць толькі адзін вынік: або Украіна пераможа, або ўся Еўропа загіне. На жаль, Еўропа вельмі позна заўважыла пагрозу, якую Расея нясе Украіне, таму мы не мусім цяпер марудзіць з дапамогай Украіне. Гэтая вайна скончыцца, калі кожны дом, кожная школа, кожная больніца і кожная дарога будуць вернутыя», – сказаў Маравецкі.

Сёння ж у Кіеў прыехаў прэмʼер-міністр Бельгіі Аляксандэр дэ Кро. Ён праводзіць перамовы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Прэм’ер-міністр Бельгіі Аляксандэр дэ Кро і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Кіеў, Украіна. 26 лістапада 2022 года.
Фота: Аляксандэр дэ Кро / Twitter

Перад сустрэчай прэмʼер напісаў у Twitter, што напярэдадні зімы Бельгія вылучае Украіне новую гуманітарную і вайсковую дапамогу.

Hавiны
«Мы з вамі да канца». Прэм’ер Брытаніі Сунак наведаў Кіеў, сустрэўся з Зяленскім
2022.11.19 17:49

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў