Зяленскі заявіў, што ва Украіне рыхтавалі дзяржаўны пераварот

Дзяржаўны пераварот нібыта рыхтавала атачэнне алігарха Рыната Ахметава. Датай перавароту мела быць 1 або 2 снежня, заявіў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў падчас прэс-марафону 26 лістапада, што атрымаў інфармацыю пра падрыхтоўку дзяржаўнага перавароту групай, звязанай з Расеяй і алігархам Рынатам Ахметавым, перадае «Українська правда».

Як кажа Зяленскі, ёсць «не толькі агентурная інфармацыя, але і гукавая». Гэтую інфармацыю пакуль не публікавалі. Зяленскі запрасіў Ахметава «на Банкавую» (кіеўскую вуліцу з офісамі ўрадавых установаў), каб праслухаць тую інфармацыю.

«Громадське» падкрэслівае, што Зяленскі ўдакладняў: не сам Ахметаў рыхтаваў пераварот, а «людзі са спецслужбаў РФ і некаторыя таварышы з Украіны». Зяленскі казаў, што не верыць у тое, што Ахметаў на гэта пагадзіўся б.

«Я лічу, што гэта падстава, абраза Ахметава, ён уцягнуты ў вайну супраць дзяржавы Ўкраіны, – разважаў Зяленскі. – Я лічу, што ён гэта пачаў, я думаю, што гэта будзе яго вялікая памылка, таму што нельга змагацца супраць свайго народу і ягонага абранага прэзідэнта. Я лічу, што ў такую ​​вайну яго ўцягвае асяроддзе».

Зяленскі дадаў, што не ўцячэ, як Віктар Януковіч, але і не «палезе на бульдозер», як Пятро Парашэнка.

Пра канфлікт між Зяленскім і Ахметавым ва Украіне пішуць ужо два тыдні – Ахметава называюць «алігархам № 1». Прычынаў называюць адразу некалькі: «закон пра алігархаў», адстаўка спікера парламенту, пагроза санкцыяў, фінансавы ціск, манера стасункаў прадстаўнікоў улады з алігархам…

Зяленскі прызнаў, што абмяркоўваў з Лукашэнкам прыезд «вагнэраўцаў» у Беларусь

АА belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны