Звыш 50 чалавек загінулі ад выбуху ў шахце на расейскім Кузбасе

Вечарам 25 лістапада на шахце «Лісцвяжная» ў Кемераўскай вобласці Расеі адбыўся выбух. Паведамлялі пра 52 загінулых (46 шахцёраў і 6 ратавальнікаў) і 49 шпіталізаваных, але аднаго ратавальніка, якога лічылі загінулым, дасталі жывым.

Шахта «Лісцвяжая» пасля выбуху. Кемераўская вобласць, Расея. 25 лістапада 2021 года. Фота: ako.ru

Паводле звестак «РИА Новости», папярэдняй прычынай трагедыі называюць выбух метану. Следчыя распачалі крымінальную справу, затрымалі дырэктара шахты, ягонага намесніка і начальніка ўчастку. У рэгіёне абвясцілі трохдзённую жалобу.

У час аварыі пад зямлёй знаходзіліся 285 чалавек. Большасць удалося эвакуяваць, але целы загінулых застаюцца ў шахце. Уладальнік шахты абяцаў выплаціць сем’ям загінулых па два мільёны расейскіх рублёў (каля 26,5 тысячы долараў).

«Медуза» адзначае, што ў 2021 годзе «Ростэхнагляд» дзевяць разоў прыпыняў працу шахты праз парушэнні, якіх выявілі амаль тысячу, налічылі штрафаў на звыш 4 млн расейскіх рублёў (каля 53 тысяч долараў). За 10 дзён да аварыі ў шахце быў пажар. РБК заўважае, што дырэктара шахты ў 2021 годзе прызнавалі найлепшым кіраўніком на кузбаскім конкурсе.

Выбух стаў найбуйнейшай катастрофай у расейскіх шахтах за 11 гадоў. У 2010 годзе выбухі метану на шахце «Распадская» ў той жа Кемераўскай вобласці ўнеслі жыцці 91 чалавека.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны