Захад паказаў зубы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ці адступае беларускі дыктатар у гібрыднай вайне?


Цяпер спробаў мігрантаў прарвацца на Захад не гэтак шмат у параўнанні яшчэ з пачаткам лістапада, а на міжнароднай арэне Еўразвяз спрабуе дамовіцца з рэжымам у Менску пра дээскалацыю канфлікту. І Лукашэнка ўжо пайшоў на саступкі. Ці захаваецца гэтая тэндэнцыя? Каментуюць Андрэй Паротнікаў, Аляксандр Класкоўскі, Каміль Клысіньскі і Алесь Міхалевіч.

У спробах націснуць на Захад Лукашэнка наткнуўся на нечаканую для яго цвёрдасць Еўразвязу ў сваіх рашэннях. Мігрантаў праз мяжу не прапусцяць.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Security Blog»:

«Гэта адказ не ад Захаду, гэта адказ Літвы, Польшчы і Латвіі. Гэта значыць, беларускае кіраўніцтва цяпер у палоне расейскіх прапагандысцкіх ілюзіяў пра тое, што Захад слабы, раз’яднаны, мяккацелы і наагул не здольны да нейкіх жорсткіх дзеянняў. Магчыма, увесь Захад і не здольны, але ўсходнія краіны Еўразвязу ды NATO вельмі дакладна ведаюць, як мець зносіны з такімі рэжымамі, таму што ў іх нядаўна панавалі падобныя рэжымы».

Нашыя суседзі з Еўразвязу ўзвялі агароджу, сканцэнтравалі большую колькасць вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю. Польшча закрыла пераход у Кузніцы, пагражала перакрыць грузавыя зносіны ў чыгуначным пункце пропуску і працягвае рэгулярна спыняць спробы сілавікоў перакінуць мігрантаў праз мяжу.

Калі ў Лукашэнкі і быў план, ён не здзейсніўся. Дыктатар быў вымушаны змяніць рыторыку. Нават спрабаваў дамовіцца з Захадам: маўляў, прапусціце 2 тысячы чалавек, астатніх Беларусь возьме на сябе.

ВІДЭА
Гібрыдная агрэсія Аляксандра Лукашэнкі – гэта пачатак. Расея рыхтуецца да вялікай вайны?
2021.11.22 17:01

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Цвёрдасць Захаду, ціск Крамля, пераважна латэнтны, і тое, што ўжо шмат сабралася мігрантаў у Беларусі ды яны пачалі ствараць праблемы насельніцтву, адпаведна, сталі і галаўным болем для ўладаў».

Яшчэ адна саступка – эвакуацыйны рэйс у Ірак для амаль чатырохсот мігрантаў. Другі рэйс планаваўся на 25 лістапада, але быў адменены рашэннем «Іракскіх авіялініяў». Еўразвяз паведамляе пра 15 тысяч мігрантаў на тэрыторыі Беларусі. Ці магчыма эвакуяваць усіх?

Алесь Міхалевіч, адвакат, адмысловец у міжнародным праве:

«Большасць мігрантаў прыбыла ў Беларусь з кароткатэрміновымі візамі. Думаю, што ім спецыяльна выдаваліся месячныя візы. Адпаведна, проста іх спакуюць у самалёты.

У нармальных краінах, у краінах Еўрапейскага Звязу, дзе ёсць вельмі сур’ёзны юрыдычны разбор, дзе ёсць абскарджанне ў судзе, гэта ўсё вельмі сурʼёзны і складаны працэс».

Тым больш Еўразвяз паабяцаў € 3,5 млн на вяртанне мігрантаў у свае краіны.

Алесь Міхалевіч, адвакат, адмысловец у міжнародным праве:

«Гэта тая сума, якой спакойна можа хапіць. Нават у нейкім сэнсе ўпэўнены, што афіцыйны Менск на гэтай суме яшчэ і заробіць».

Грошы – адзін з бонусаў, якія рэжым хоча атрымаць на фоне канфлікту. Старшыня Гарадзенскай вобласці Уладзімір Каранік заяўляў, што міжнародная супольнасць павінна пакрыць выдаткі на ўтрыманне мігрантаў. У гэтым пытанні рэжым падтрымала і Расея: міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў прапанаваў Еўразвязу фінансава дапамагчы Беларусі.

ВІДЭА
«Гэта яшчэ кветачкі, а будуць ягадкі». Віталь Портнікаў аб тым якой можа быць гібрыдная вайна
2021.11.20 12:02

Але ўсё ж асноўная мэта, якую мог пераследаваць Лукашэнка, – гэта вяртанне легітымнасці. Нездарма прапаганда ўчапілася за два званкі ад Ангелы Мэркель і памылкова інтэрпрэтавала іх як прызнанне Лукашэнкі прэзідэнтам.

Штэфэн Зайбэрт, афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны:

«Мае сэнс размаўляць і з тымі, хто ў Менску можа змяніць сітуацыю. Нават калі гаворка пра кіраўніка, легітымнасці якога Нямеччына, як і ўсе астатнія еўрапейскія краіны, не прызнае».

Яшчэ адна мэта – адцягнуць увагу ад катаванняў беларусаў, якія адбыліся больш за год таму. Гэта вярнула б Лукашэнку ў ранейшыя, больш збалансаваныя адносіны з Захадам і Расеяй.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Чаму была завараная ўся гэтая каша з міграцыйным крызісам? Каб пасунуць цэнтр увагі Еўропы, і потым, калі дойдзе да перамоваў, сітуацыя выглядала гэтак: дзякуй богу, што Лукашэнка разгроб гэты завал, і цяпер у падзяку трэба пакрысе здымаць санкцыі ды пачынаць з ім размову».

У параўнанні з двума масавымі штурмамі мяжы ў першай палове лістапада, сённяшняя сітуацыя выглядае як зацішша канфлікту. Толькі групоўкі па 100–200 чалавек зрэдку, звычайна ўначы, спрабуюць прарваць мяжу.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Пік міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з краінамі ЕЗ ужо мінуў. Могуць быць нейкія рэцыдывы, але ў прынцыпе бакі пачалі развязваць гэты вузел».

Тут меркаванні нашых экспертаў разыходзяцца. Бо яшчэ мінімум 2000 мігрантаў застаюцца ў лагістычным цэнтры за 500 метраў ад мяжы. У залежнасці ад крокаў Захаду, яны яшчэ могуць быць задзеяныя беларускімі сілавікамі.

Каміль Клысіньскі, Цэнтр усходніх даследаванняў, Варшава:

«Найбліжэйшаю падзеяй, якая можа падштурхнуць улады Беларусі на ўзмацненне жорсткасці ціску і канец гэтага зацішша, – гэта, вядома, санкцыі».

Абяцаюць, што пяты пакет будзе прыняты пад канец наступнага тыдня. Туды залучаць каля 30 фізічных і юрыдычных асобаў. Удараць і па «Белавіі», якая пазбавіцца магчымасці арандаваць самалёты ў Еўразвязе. Яшчэ адным каталізатарам канфлікту можа быць Расея, якой выгадныя праблемы на беларускім памежжы.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік «Belarus Security Blog»:

«Расейскі бок відавочна разлічвае на тое, што эскалацыя прывядзе да наўпроставага ўзброенага сутыкнення паміж Беларуссю і Польшчай, у выніку якога беларускае войска фактычна абнуліцца, пасля чаго Расея прыйдзе ратаваць Беларусь са сваймі базамі і на сваіх умовах».

Расея ўжо карысталася сітуацыяй на мяжы: уздоўж яе былі заўважаныя два расейскія бамбавікі, а таксама праведзеныя супольныя вучэнні з расейскімі дэсантнікамі і самалётамі каля мяжы, блізу Горадні.

Каміль Клысіньскі, Цэнтр усходніх даследаванняў, Варшава:

«Як мне здаецца, хаця доказаў няма, што гэта не ў сілах Беларусі, беларускай дзяржаве, беларускім спецслужбам, якія вельмі лакальныя, так бы мовіць, правінцыйныя ў сваіх маштабах, каб здзейсніць такую ​​буйную аперацыю з уцягваннем грамадзянаў Блізкага Усходу».

Пакуль жа Расея назірае збоку і ажыццяўляе свае інтарэсы, нават інтэрв’ю для Бі-Бі-Сі, на думку экспертаў, пайшло толькі ў мінус Лукашэнку. Таму пакуль план «Легітымнасць» правальны.

Сюжэт для праграмы «ПраСвет» 25.11.2021

 

 

Стужка навінаў