У Менску затрымалі фрылансера радыё «Свабода», правялі ператрус і забралі тэхніку


Увечары 25 лістапада фрылансер беларускай службы радыё «Свабода» Андрэй Кузнечык перастаў выходзіць на сувязь. Ягоная жонка расказала выданню, што Андрэя затрымалі, сканфіскавалі тэхніку. У той жа вечар узламалі Telegram-канал «Свабоды».

Андрэй Кузнечык.
Фота: радыё «Свабода»

Паводле жонкі затрыманага Алесі Рак, каля 17:00 Андрэй Кузнечык паехаў на шпацыр на ровары, але даволі хутка вярнуўся з чатырма людзьмі ў цывільным. Толькі адзін з тых назваўся Іванам, астатнія не паведамілі зусім нічога.

«Ператрус быў даволі «інтэлігентны»: маіх рэчаў і рэчаў дзяцей не чапалі, – расказвае жонка затрыманага. – Забралі ўсю тэхніку і тэлефон Андрэя, мой мабільны тэлефон і мой планшэт, грошы. Андрэю загадалі апранацца ды ісці з імі. З рэчаў нічога не дазволілі ўзяць з сабой, акрамя запасных штаноў. Сказалі, што забіраюць яго ненадоўга, на пару дзён».

На якой падставе затрымалі мужа, Алеся не ведае: ёй далі толькі падпісаць паперу з пералікам забраных рэчаў.

Абноўлена. Днём 26 лістапада стала вядома, што Андрэя Кузнечыка змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.

Сям’я Кузнечыкаў жыве ў Менску, у іх двое малых дзяцей. Андрэй Кузнечык – філолаг паводле адукацыі, зацяты раварыст, блогер з часу LiveJournal.

Каля 19:00 25 лістапада Telegram-канал радыё «Свабода» стаў публікаваць абразы на адрас свайго выдання і спасылкі на Telegram-каналы МУС, ГУБАЗіК, на звязаны з прэс-службай Аляксандра Лукашэнкі «Пул первого» і на звязаныя з тэлеканалам ОНТ і сілавікамі «Жёлтые сливы» (апошні фактычна пацвердзіў, што сілавікі атрымалі незаконны доступ да каналу праз тэхніку Кузнечыка). Апублікавалі таксама спіс адміністратараў каналу. Рэдакцыя аператыўна пазбавіла ўзломшчыкаў доступу.

АА belsat.eu

 

 

Стужка навінаў