У Ірак з Беларусі эвакуявалі яшчэ 608 мігрантаў


Авіякампаніі «Iraqi Airways» усё ж удалося вывезці мігрантаў з Беларусі. Беларускі бок раней сцвярджаў, што рэйс не можа прыляцець, бо «еўрапейцы не плацяць», ды еўрапейцы і не мусілі.

Іракцы сядаюць на самалёт з Беларусі. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Міністэрства транспарту Іраку / Facebook

Як піша «Iraqi Airways», Міністэрства транспарту Іраку налічыла 608 грамадзянаў, якія вярнуліся з-пад беларуска-польскай мяжы ў ноч з 25 на 26 лістапада, а 18 лістапада вывезлі яшчэ 430 чалавек – агулам эвакуявалі 1038 грамадзянаў Іраку. Адзін самалёт скіраваўся з Менску ў Багдад, яшчэ адзін – з Менску ў Эрбіль, што ў іракскім Курдыстане.

Жывую трансляцыю вяртання мігрантаў вёў тэлеканал «Kurdistan24». Адзін з мігрантаў па вяртанні параўноўваў перажытыя ў Беларусі здзекі з дзеяннямі тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы».

Іракцы выходзяць з самалёта з Беларусі ў Іраку. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Iraqi Airways / Facebook

Днём 25 лістапада выглядала, што рэйсы скасавалі. Аляксандр Лукашэнка распавядаў, што гэта нібыта звязана з тым, што «еўрапейцы не заплацілі» Іраку. Еўразвяз гэта абвяргаў: Еўразвяз наогул не фінансуе гэтыя рэйсы.

У Беларусі застаюцца тысячы мігрантаў: паводле еўрапейскіх чыноўнікаў, у Беларусі на пачатак тыдня знаходзіліся каля 15 тысяч мігрантаў з Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі.

Консул Іраку ў Беларусі казаў расейскай прэсе: яшчэ адзін рэйс, аплачаны Міжнароднай арганізацыяй міграцыі, будзе зладжаны праз тыдзень, і вярнуць могуць яшчэ некалькі тысяч чалавек.

Hавiны
Мігранты выйшлі на мітынг у «Брузгах»
2021.11.25 13:26

АА belsat.eu

Стужка навінаў