Трапляюць у шпіталі з цяжкімі сімптомамі. З якога ўзросту можна вакцыянаваць дзяцей ад каронавіруса?


У ЗША і Еўразвязе лічаць вартым вакцынаваць ад каронавіруса і дзяцей. Раней меркавалі, што дзеці пад меншаю пагрозаю. Ды, падобна, дэльта-штам SARS-CoV-2 больш заразны для ўсіх узростаў.

Дзеці сталі часцей трапляць у шпіталі з цяжкімі сімптомамі каронавіруса. Гэта заўважылі ў розных краінах у канцы лета 2021 года. Прычыны не да канца зразумелыя, але зразумелы вынік: ужо варта (але немагчыма ў Беларусі) вакцынаваць і дзяцей з 12 гадоў, а то і з пяці.

Hавiны
Каронавірус надалей забівае беларусаў, хоць чацвёртая хваля ідзе на спад
2021.11.25 09:50

Чаму дзеці сталі часцей трапляць у шпіталі з каронавірусам?

Выглядае, што штам дэльта наўрад ці выклікае больш цяжкія сімптомы ў дзяцей. Пра гэта кажуць, напрыклад, прэпрынты (чарнавікі) брытанскага і амерыканскага даследаванняў, апублікаваныя ў кастрычніку.

UNICEF у канцы лета пісаў:

«Штам дэльта не атакуе дзяцей неяк асабліва. Павялічыліся паказнікі заражэння ўва ўсіх узроставых групах».

Але ёсць і даследаванні, як са штату Арканзас, якія адзначаюць часцейшыя шпіталізацыі дзяцей, чым былі да прыходу штаму дэльта, пры меншай колькасці дзяцей, інфікаваных каронавірусам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: AMMAR AWAD / Reuters / Forum

Імаверна (хоць і не факт), што карціна такая. Дзяцей збольшага не вакцынавалі, а вакцынаваных дарослых ужо даволі шмат. Ад дзяцей не настолькі строга патрабуюць насіць маскі, дзеці не настолькі адказна трымаюць сацыяльную дыстанцыю. Вірус усё яшчэ рэдка выклікае цяжкія сімптомы ў вакцынаваных і ў дзяцей, ды заразлівасць віруса павялічылася. Магчыма, праз вакцынацыю людзі яшчэ і «расслабіліся»: перасталі насіць маскі і сталі збірацца ў вялікія групы – нават тыя, хто не вакцынаваўся. З сумы гэтых фактараў склалася тое, што адсотак дзяцей сярод хворых на COVID-19 павялічыўся.

Так, у жніўні 2020 года ў Злучаных Штатах сярод хворых на COVID-19 дзяцей было 13,4 %, у жніўні 2021-га – ужо 22,4 %, у лістападзе 2021-га – 25,1 %. Але менш за 2 % выпадкаў каронавіруса ў дзяцей вымагаюць шпіталізацыі, а паміраюць менш за 0,03 % інфікаваных дзяцей.

Навукоўцы яшчэ не разумеюць, чаму дзеці пакуль што лягчэй за дарослых хварэюць на COVID-19 (хоць могуць заражаць дарослых нават пры лёгкім цячэнні хваробы). У нядаўняй публікацыі ў часопісе «Nature» пералічвалі шматлікія гіпотэзы, ды ўсе яны пакуль не знайшлі пацверджання.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

У якім узросце дзяцей рэкамендуюць вакцынаваць?

У Злучаных Штатах вакцыну ад «Pfizer-BioNTech» ўхвалілі для дзяцей ад 5 гадоў яшчэ 29 кастрычніка. Канада зрабіла тое самае 19 лістапада. Ізраіль пачаў вакцынаваць дзяцей ад 5 гадоў 22 лістапада.

У Еўразвязе вакцыны ад «Pfizer-BioNTech» і «Moderna» ўхваленыя пакуль толькі для дзяцей ад 12 гадоў. Але Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў 25 лістапада рэкамендавала ўхваліць першую таксама для дзяцей ад 5 да 11 гадоў пры дозе, утрая меншай за дарослую.

Такая доза ⅓ паказала дзейснасць 90,7 % супраць сімптаматычнай хваробы, а пабочныя эфекты былі прыблізна такімі ж, як у дарослых (магчымыя лёгкія ці сярэдняй цяжкасці боль у месцы ўколу, стома, галаўны боль, боль у цягліцах, дрыжыкі – звычайна гэта праходзіць за некалькі дзён).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: CARLOS OSORIO / Reuters / Forum

Вялікая Брытанія пакуль яшчэ больш кансерватыўная: дзецям ад 12 да 15 даюць толькі адну з дзвюх дозаў вакцыны, калі яны не ў групе рызыкі. Кітай жа яшчэ ў кастрычніку пачаў вакцынаваць дзяцей ад 3 гадоў вакцынамі ад «Sinovac» і «Sinopharm».

Украіна рэкамендавала вакцынаваць дзяцей ад 12 гадоў толькі 29 кастрычніка. У Расеі толькі 24 лістапада зарэгістравалі дзіцячую вакцыну «Sputnik-М» (фактычна, «Sputnik-V», разведзены ў пяць разоў) і заклікалі пачаць вакцынацыю дзяцей ад 12 гадоў.

Сусветная арганізацыя здароўя (WHO) пакуль не ўпэўненая ў сваіх рэкамендацыях адносна вакцынацыі дзяцей: раіць краінам разглядаць перавагі вакцынацыі дзяцей у залежнасці ад эпідэмічнага і сацыяльнага кантэксту. Дзейснасць і бяспека вакцынаў для дзяцей прыблізна такая ж, як для дарослых, і дзеці могуць заражаць дарослых, але ж перадусім варта вакцынаваць дарослых, якія больш рызыкуюць цяжка захварэць.

Hавiны
Прыродны імунітэт, пабочныя эфекты, цяжарнасць, дзеці. 10 частых пытанняў пра вакцыны супраць COVID-19
2021.10.23 12:17

Што ў Беларусі?

Пакуль толькі планы: дзяцей 12–17 гадоў думаюць пачаць вакцынаваць з 2022 года. Пра дзяцей ад 5 гадоў кажуць зусім няўпэўнена: «Для старту, напэўна, будзем з дванаццаці». Гэта ў Міністэрстве аховы здароўя тлумачаць тым, што ў Беларусі «няма вакцынаў, у якіх ёсць дазвол на ўжыванне ў дзіцячым узросце».

Гэта праўда: менавіта «Sputnik-V» дзецям не рэкамендуюць нават у Расеі – там дзецям фармальна рэкамендавалі іншую вакцыну. Ужываную ў Беларусі вакцыну кітайцаў «Sinovac» WHO не рэкамендуе для маладзейшых за 18 гадоў (і наагул не рэкамендуе ўжываны ў Беларусі расейскі «Sputnik-V»).

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: CARLOS OSORIO / Reuters / Forum

Аднак у Беларусь прапаноўвалі пастаўляць заходнія вакцыны, ужо шмат дзе дазволеныя для дзяцей нават ад пяці гадоў і амаль паўсюль – ад 12 гадоў. Офіс Святланы Ціханоўскай даводзіць, што вакцыны ад «Pfizer-BioNTech» і «Moderna» не з’явіліся ў Беларусі толькі таму, што ўлады Беларусі іх не прапусцілі ў краіну, а Еўразвяз шукае шляхі, каб гэтыя вакцыны ўсё ж далі правезці ў Беларусь.

У Беларусі праблема нават з вакцынацыяй дарослых: на 25 лістапада хаця б першую дозу вакцыны атрымалі толькі 36,6 % насельніцтва, а абедзве дозы – толькі 28,9 %. Гэта трэці з канца ўзровень вакцынацыі ў Еўропе – горш толькі ў Босніі ды Герцагавіне і ва Украіне, крыху лепш у Албаніі.

Інтэрв’ю
Эксперты тлумачыць, ці варта вырабляць беларускую вакцыну ад каронавіруса
2021.11.17 10:00

АА belsat.eu

Стужка навінаў