Тры лекі, якія могуць стаць ратункам ад каронавіруса


Панацэі ад COVID-19 няма, але гэтыя прэпараты падаюць надзеі. Ды трэба не забываць: і раней былі прэпараты, што падавалі надзеі, але аказаліся неэфектыўнымі. Вакцынуйцеся, насіце маскі, трымайце сацыяльную дыстанцыю.

Хоць ужо амаль год чалавецтва мае вакцыны ад віруса SARS-CoV-2, надзейных лекаў, якія б змагаліся з прычынаю COVID-19, а не асобнымі сімптомамі, пакуль няма. У Сусветнай арганізацыі здароўя (WHO) больш рэкамендацыяў супраць выкарыстання прэпаратаў, чым за іх выкарыстанне.

Што маем цяпер

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: wikimedia.org

Збольшага лекі ад асобных сімптомаў і колькі сродкаў для зніжэння смяротнасці сярод цяжкахворых. Галоўны паратунак для цяжкахворых – штучная вентыляцыя лёгкіх, але яна не забівае віруса, а толькі дае арганізму час на змаганне з ім (не заўсёды паспяховае).

Ужо год WHO рэкамендуе выкарыстоўваць сістэмныя кортыкастэроіды, як дэксамэтазон, што зніжаюць рызыку смерці для хворых у цяжкім і крытычным стане (дэксамэтазон – на траціну для пацыентаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх). У пэўных выпадках кортыкастэроіды рэкамендуюць нават дзецям. Адзін толькі дэксамэтазон за першы год пандэміі, магчыма, уратаваў больш за мільён жыццяў, але ён не гарантуе ацалення. Ды пацыентам з няцяжкаю формаю COVID-19 кортыкастэроіды могуць толькі нашкодзіць.

З лета ў спісе WHO таксама блакатары рэцэптараў да інтэрлеўкіну-6 (асабліва на дадатак да кортыкастэроідаў). Як ні дзіўна, яны паслабляюць імунную рэакцыю арганізму. У хворых на цяжкую ці крытычную форму COVID-19 гэтая рэакцыя можа быць празмерна моцнай і толькі шкодзіць хвораму. Іх выкарыстанне зніжае імавернасць смерці пацыента на 13 %.

Рэмдэсівір («Veklury»), хларахін і гідроксіхларахін, лапінавір, івэрмэктын, пераліванне плазмы і шэраг іншых сродкаў, на якія былі надзеі, не паказалі эфектыўнасці. Шмат якія лекі цяпер на стадыі выпрабавання, розныя краіны спадзяюцца на розныя прэпараты.

«Белсат» сабраў спіс лекаў, якія найчасцей называюць магчымым ратункам ад COVID-19. Гэты спіс актуальны на 19 лістапада 2021 года – далейшыя даследаванні могуць разбурыць надзеі або цалкам даказаць эфектыўнасць прэпаратаў.

«Lagevrio» (мольнупіравір)

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: reuters.com

Распрацоўнік: Універсітэт Эмары / «Ridgeback Biotherapeutics» / «Merck & Co» (ЗША).

Як дзеіць: заносіць памылкі ў РНК віруса і замінае яму размнажацца (спачатку распрацоўваўся супраць грыпу, Эболы ды іншых вірусаў, але паказаў эфектыўнасць супраць SARS-CoV-2).

Як можа дапамагчы: істотна зніжае рызыкі шпіталізацыі і смерці сярод хворых з лёгкімі ды сярэднімі сімптомамі з групы рызыкі (даследаванне прыпынілі, бо першыя вынікі ўжо былі дастаткова добрымі). Сур’ёзныя пабочныя эфекты пакуль не выяўленыя..

Статус: ухвалены для пэўных выпадкаў у Еўразвязе, ухвалены ў Вялікай Брытаніі, неўзабаве можа быць ухвалены ў ЗША.

Што не так: даследаванні не завершаныя, прэпарат ухвалены яшчэ не паўсюль. Цана партыі для ЗША склала каля $ 713 за дозу на аднаго пацыента, але магчымая вытворчасць у дзясяткі раз таннейшых аналагаў-джэнэрыкаў.

«Paxlovid» (PF-07321332 у камбінацыі з рытанавірам)

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: STEPHANE MAHE / Reuters / Forum

Распрацоўнік: «Pfizer» (ЗША).

Як дзеіць: інгібітар пратэазы каронавіруса не дае ўтварыць ў клетках ферменту, патрэбнага вірусу для размнажэння. Да яго дадаюць невялікую дозу рытанавіру, каб запаволіць распад інгібітару.

Як можа дапамагчы: вельмі істотна – паводле папярэдніх вынікаў, на 89 % – зніжае рызыку шпіталізацыі і смерці – у даследаванні не паміралі тыя, хто ўжываў «Paxlovid», калі ўжываецца ў першыя тры дні па з’яўленні сімптомаў (даследаванне датэрмінова прыпынілі). Таксама вельмі эфектыўны ў першыя пяць дзён па з’яўленні сімптомаў.

Статус: яшчэ нідзе не ўхвалены, але імаверна, што неўзабаве яго ўхваляць у ЗША (emergency use). Клінічныя выпрабаванні праводзяцца ў шматлікіх краінах, у тым ліку ў Расеі. Сотні тысяч дозаў ужо замовілі Вялікая Брытанія ды Аўстралія.

Што не так: не завершанае нават першае даследаванне, прэпарат яшчэ нідзе не зарэгістраваны. Ходзяць чуткі пра цану $ 700 за дозу на аднаго пацыента, але «Pfizer» пагадзіўся на вытворчасць танных джэнэрыкаў для 95 найбяднейшых краінаў.

REGEN-COV або «Ronapreve» (касірывімаб і імдэвімаб)

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: regencov.com

Распрацоўнік: «Regeneron Pharmaceuticals» (ЗША).

Як дзеіць: камбінацыя двух відаў монакланальных антыцелаў (якія былі выпрацаваныя імуннымі клеткамі і паходзяць ад аднаго цэлевага продка), якія чапляюцца да спайкавага пратэіну віруса на розных участках і не даюць вірусу трапіць у клеткі.

Як можа дапамагчы: зніжае рызыкі шпіталізацыі сярод пацыентаў у няцяжкім стане (пры пагрозе пагаршэння стану – на прыблізна 70 %). Зніжае рызыкі сімптаматычнай інфекцыі (на прыблізна 81 %) пасля кантакту з інфікаваным. Сур’ёзныя пабочныя эфекты малаімаверныя. Падобна, у пэўных выпадках (серанегатыўных – пры адсутнасці ў арганізме антыцелаў) можа зніжаць смяротнасць сярод пацыентаў у цяжкім ці крытычным стане, але ў іншых можа пагоршыць клінічную карціну для пацыентаў на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Статус: WHO рэкамендуе ў пэўных (серанегатыўных) выпадках для цяжкахворых, а таксама ў няцяжкіх выпадках для пацыентаў з групы рызыкі. У ЗША ўхвалены для выкарыстання ў надзвычайнай сітуацыі (emergency use), лекавання пацыентаў з лёгкім і сярэднім цячэннем хваробы пры рызыцы пагаршэння стану (гэты прэпарат ужываў мінулы прэзідэнт ЗША Доналд Трамп, калі год таму заразіўся каронавірусам). У Еўразвязе ўхвалены для пацыентаў, якім яшчэ не патрэбная штучная вентыляцыя лёгкіх, але ў якіх ёсць рызыка пагаршэння стану; можа ўжывацца для прафілактыкі сярод тых, хто яшчэ не захварэў. Ухвалены таксама ў Японіі, Вялікай Брытаніі ды Аўстраліі.

Што не так: амаль усё добра, але цана $ 2100 за пацыента завысокая: «выдаць» людзям антыцелы значна танней праз вакцынацыю перад заражэннем, чым даваць такія дарагія антыцелы пасля заражэння. ААН просіць знізіць цану. Да таго ж, даследаванняў пакуль не так шмат, могуць быць непрыемныя неспадзяванкі.

Іншыя прэпараты з монакланальнымі антыцеламі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: edmontonjournal.com

Існуе шэраг прэпаратаў, падобных да REGEN-COV, даследаванні якіх не завершаныя, але выкарыстанне якіх ухваленае ў некаторых краінах.

Напрыклад, «Xevudy» (сатравімаб) ад «GlaxoSmithKline» (Вялікая Брытанія) і «Vir Biotechnology» (ЗША) ухваленыя ў Еўразвязе для тых, каму яшчэ не патрэбная штучная вентыляцыя лёгкіх, ухвалены ў ЗША (emergency use) для пацыентаў са слабымі ці сярэднімі сімптомамі пры рызыцы пагаршэння. Цана такая ж высокая, як у REGEN-COV.

Бамланівімаб/этэзэвімаб ад «Eli Lilly» (ЗША) і «AbCellera» (Канада) ухваленыя ў ЗША (emergency use) і маглі быць ухваленыя ў Еўразвязе, але распрацоўнікі спынілі працэс: у Еўрапейскім медычным агенцтве былі пытанні да якасці, распрацоўнік не захацеў даваць новых партыяў для выпрабаванняў. Цана такая ж высокая, як у REGEN-COV.

«Regkirona» (рэгданвімаб) ад «Celltrion» (Паўднёвая Карэя) ухваленыя ў Еўразвязе для тых, каму яшчэ не патрэбная штучная вентыляцыя лёгкіх. Але пакуль ёсць вынікі даследаванняў толькі для штаму альфа – ужо не актуальнага, далейшыя даследаванні вядуцца. Цана на пацыента, паводле чутак, можа складаць 400 тысяч ўонаў, каля $ 340.

***

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

У свеце трываюць дзясяткі даследаванняў разнастайных прэпаратаў ад COVID-19. Але на момант публікацыі найлепшая ідэя – не заражацца. А для гэтага трэба вакцынавацца, насіць маскі і захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Супрацьпаказанняў да вакцынацыі амаль няма, а маскі не перашкаджаюць дыхаць, калі іх правільна насіць.

АА belsat.eu

Стужка навінаў