«Прымаць усе неабходныя меры». Мітрапаліт Веньямін заклікаў епіскапаў перашкаджаць дзейнасці грэка-каталікоў


Мітрапаліт Менскі Веньямін у Горадні.
Фота: Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Праваслаўны мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, скіраваў ліст да праваслаўных епіскапаў з заклікам перашкаджаць дзейнасці грэка-каталікоў у краіне. Копію ліста публікуе «Хрысціянская візія» – міжканфесійная працоўная група Каардынацыйнай рады.

У лісце мітрапаліт Веньямін кажа «аб актывізацыі грэка-каталікоў (уніятаў) у Рэспубліцы Беларусь». Доказам гэтага, паводле яго, ёсць правядзенне тэматычных выставаў і вечарынаў ушанавання памяці, выдавецкая дзейнасць і гэтак далей.

Патрыяршы экзарх адзначае, што «ў жніўні-лістападзе 2020 года ўніяты актыўна падтрымалі вулічныя пратэсты», а цяпер спрабуюць «сысці з-пад удару ўладаў, каб захаваць сілы для далейшай апазіцыйнай актыўнасці», бо «не ў стане адкрыта выказваць сваё негатыўнае стаўленне да ўлады».

Мітрапаліт Веньямін заклікаў епіскапаў перашкаджаць дзейнасці грэка-каталікоў. Фота: Хрысціянская візія / Telegram
Мітрапаліт Веньямін заклікаў епіскапаў перашкаджаць дзейнасці грэка-каталікоў. Фота: Хрысціянская візія / Telegram
Мітрапаліт Веньямін заклікаў епіскапаў перашкаджаць дзейнасці грэка-каталікоў. Фота: Хрысціянская візія / Telegram

У сувязі з гэтым кіраўнік БПЦ заклікаў «прымаць усе неабходныя меры па недапушчэнні прапаганды уніі і развіцці дзейнасці грэка-каталікоў у нашай краіне».

У міжканфесійнага міру скончыўся тэрмін прыдатнасці?

Праваслаўная верніца, мадэратарка «Хрысціянскай візіі» Наталля Васілевіч адзначае, што «грэка-каталікоў ён крытыкуе не столькі з рэлігійнага пункту гледжання, але з палітычнага пункту гледжання».

На гэта звяртае ўвагу і аўтар аналітычнага тэлеграм-каналу «Rerum Novarum». Пры гэтым ён не выключае, што гэты ліст можа стаць «свайго кшталту маніфестам далейшага пераследу грэка-каталікоў у Беларусі».

«Памятаеце, быў такі час, калі ў рэжыму быў брэнд «міжканфесійны мір і згода»? Тэрмін прыдатнасці гэтага брэнда скончыўся прыкладна так сама, як тэрмін прыдатнасці тушонкі, якой кармілі ўцекачоў у лагеры ў Брузгах», – адзначае Наталля Васілевіч.

«Яўнае распальванне варожасці»

У сваю чаргу каталіцкі святар Вячаслаў Барок мяркуе, што словы мітрапаліта Веньяміна – «гэта яўнае распальванне міжрэлігійнай варожасці і прадмет крымінальнага даследавання». Пры гэтым ён падкрэслівае важнасць захоўваць «дух братэрства» паміж канфесіямі.

«Мы ўсе, католікі, як рыма-каталікі, так і грэка-каталікі, праваслаўныя і пратэстанты, павінны разам змагацца са злом у нашай краіне. Хрысціянін можа ваяваць толькі са злом і ніяк не з іншым чалавекам, а тым больш, не з іншым хрысціянінам. Той, хто заклікае прымаць меры і перашкаджаць развівацца іншым, не можа называць сябе хрысціянінам», – падкрэсліў святар.

Афіцыйнай рэакцыі Каталіцкай царквы на публікацыю пакуль няма. Між тым грэка-каталікі абвясцілі 25-27 лістапада днямі асаблівай малітвы за праваслаўных братоў і сясцёр.

Аналітыка
Стаць пасярэднікамі паміж уладай і грамадствам? Якую ролю яшчэ могуць згуляць беларускія цэрквы
2021.11.17 10:27

МГ belsat.eu

Стужка навінаў