Прэзідэнтам Інтэрполу выбралі генерала з Эміратаў, якога вінавацяць у катаваннях

Ахмэд Насэр Аль-Раісі 25 лістапада быў выбраны прэзідэнтам Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрпол) на 4-гадовы тэрмін.

Ахмэд Насэр Аль-Раісі. Фота: Ipixelpro / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

Крытыкі Ахмэда Насэра Аль-Раісі называюць яго прыхільнікам агрэсіўных сілавых ведамстваў, якія адвольна арыштоўваюць і катуюць праціўнікаў дзейных уладаў, расказвае «Deutsche Welle».

Супраць новага кіраўніка Інтэрполу прынамсі ў пяці краінах падавалі судовыя позвы ў сувязі з абвінавачваннямі ў катаваннях. Арабскія Эміраты таксама вінавацяць у выкраданнях палітычных апанентаў.

Яго, піша BBC, вярод іншага называлі датычным да катаванняў брытанскага навукоўца, ложна абвінавачанага ў шпіянажы, і футбольнага заўзятара, затрыманага за майку зборнай Катара.

Чальцы Еўрапарламенту 11 лістапада пісалі ліст прэзідэнтцы Еўракамісіі і засцерагалі: «Выбранне генерала Аль-Раісі падарве асноўныя прынцыпы Інтэрполу, ударыць па яго рэпутацыі і сур’ёзна паўплывае на яго здольнасць эфектыўна выконваць сваю місію».

«Выбар генерала Аль-Раісі на пасаду прэзідэнта Інтэрполу будзе сведчыць аб тым, што краіны-члены Інтэрполу не турбуюцца аб гісторыі пераследзу мірных крытыкаў у ААЭ», – казаў выканаўчы дырэктар Цэнтру правоў чалавека Персідскай затокі.

Аб гэтым жа «Human Rights Watch» і яшчэ 18 праваабарончых арганізацыяў пісалі ў лісце ўжо былому кіраўніку Інтэрполу ў кастрычніку 2020 года.

Нямецкае выданне «Zeit» адзначае, што роля прэзідэнта Інтэрполу збольшага прадстаўнічая. Але згадвае, што Эміраты робяць вялізныя ахвяраванні ў арганізацыю з 2015 года – краіна ўжо стала другім пасля ЗША донарам Інтэрполу.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны