Прэмію Гедройца ўпершыню атрымала жанчына. Паразмаўлялі з пісьменніцай Евай Вежнавец


Ева Вежнавец.
Фота: Sviatlana Kurs / Facebook

У Варшаве абвесцілі пераможцаў літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца за найлепшую кнігу на беларускай мове, якую выдалі ў 2020 годзе. Сёлета пераможцай стала пісьменніца Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш, воўча?». Яна ж атрымала і адмысловую прэмію «Еўрарадыё» – кніга выйдзе ў аўдыёфармаце. Пісьменніца Ева Вежнавец распавяла ў праграме «Студыя Белсат» пра самую кнігу, свае ўражанні ад перамогі, а таксама пра цяперашнюю беларускую рэчаіснасць.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца сёлета адзначыла дзесяць год свайго існавання. Пісьменніца Ева Вежнавец стала першаю жанчынай, якая атрымала яе за ўсе гэтыя гады. Аўтарка гаворыць, што перамога стала для яе нечаканай.

«Я яшчэ нават не ўсвядоміла, бо гэта адбылося, шчыра кажучы, нечакана. Я марыла дабрацца да тройкі. Падчас сваёй імправізаванай прамовы я сказала, што калі нарэшце жанчына атрымае прэмію, то чаму б гэтай жанчыне не быць мной. І я была вельмі задаволеная, што гэтая жанчына я».

Пісьменніца мяркуе, што нават у беларускай літаратуры існуе няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі, аднак яна не бачыць у гэтым чыёйсьці канкрэтнай віны, а таксама заўважае, што сітуацыя паволі пачынае мяняцца ў лепшы бок.

Hавiны
Абвешчаныя пераможцы Прэміі Гедройца ў 2021 годзе
2021.11.26 17:41

«Грамадства не вінаватае, бо змены ментальныя адбываюцца не адразу, іх трэба пачакаць, і трэба зрабіць пэўныя высілкі. Раней я лічыла інакш, але пасля рэвалюцыі 2020 года я пераканалася, што нашае грамадства вельмі падатнае на развіццё, на новыя ідэі, яно не такое ўжо кансерватыўнае, і што нашыя мужчыны проста золата нейкае. І я думаю, што ўсё будзе добра ў акрэсленай будучыні, і спадзяюся ўбачыць гэтую будучыню».

Упершыню за 10 год існавання прэмія імя Ежы Гедройца ўручалася не ў Беларусі, а за мяжой – у Варшаўскім універсітэце, што выклікана палітычным становішчам у нашай краіне. Ева Вежнавец гаворыць, што на цырымоніі ў яе былі супярэчлівыя пачуцці, бо цяпер шматлікія ейныя калегі знаходзяцца за кратамі.

«Смутак, прыгнечанасць, і нянавісць, і ўсё, што мы адчуваем, усё гэта было і там, але была адначасова радасць і надзея. Я думаю, што нас чакаюць светлыя часы, і на прэміі вось гэтая мяшанка пачуццяў прысутнічала. І мы, канечне, згадалі тых літаратараў, якіх мы цяпер бачым у каменных мяхах без паветра. Якія сядзяць там толькі таму, што яны людзі, якія думалі, і размаўлялі, і пісалі. Толькі за гэта выключна сядзяць Аляксандр Фядута, Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Уладзімір Мацкевіч, Максім Знак».

Мова Нанова
Святлана Курс: Лукашэнка – лялечка-бібабо
2021.09.27 18:42

Ева Вежнавец мяркуе, што неўзабаве і палітычная сітуацыя ў нашай краіне зменіцца.

«Я напісала свой аповед «Хутка вылупіцца цмок» у 90-ых і чакала, што гэты цмок беларускай рэвалюцыі вылупіцца ў 90-ых жа. І з тых часоў я столькі разоў памылялася, што я баюся прарочыць. Але інтуіцыя мая гаворыць, што гэтаму канцэнтраванаму злу не будзе дазволена знаходзіцца на паверхні доўга».

Кніга Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» стала другой для пісьменніцы, паводле аўтаркі, твор прысвечаны ў першую чаргу беларускім бабкам.

«Пачуццю рэчаіснасці і беларускасці я навучылася ад яе. І калі я пачула, што ЮНІСЕФ прапанаваў бабак лічыць перадачай вуснай спадчыны і чалавечнасці, перадачай традыцыі, я зразумела, што павінна напісаць пра беларускіх бабак. Таму што яна была не адна, я такіх бабак сустракала вельмі многа. Дзяды паміраюць рана, і дзяды не цікавяцца такімі дробнымі рэчамі, якімі цікавяцца бабулі. Гэта, хутчэй за ўсё, не кніга, а адкрытая, жывая гаворка».

Поўную версію размовы з пісьменніцай Евай Вежнавец можна паглядзець тут:

ВК, Belsat

Стужка навінаў