«Няма сумлення. Няма гонару». Арыштаваны рахунак адзінай у Беларусі Школы шахмат ФІДЭ


Дзеці гуляюць у шахматы.
Фота: Anastasia Sorokina / Facebook

Арыштаваны рахунак Школы шахмат ФІДЭ ў Беларусі. Пра гэта паведаміла ў сваім Facebook заснавальніца школы і былая старшыня Беларускай федэрацыі шахмат Анастасія Сарокіна.

«На працягу года я не распавядала сваю асабістую гісторыю, пра тое, як я з’язджала з Менску, пра тое, што на працягу ўсяго гэтага часу адчувала мая сямʼя, якому націску падвяргаліся сумленныя і прыстойныя людзі, якія працавалі са мной у федэрацыі і ў Школе. Мы ўсе спадзяваліся, што не крануць Школу, што ёсць нейкія чырвоныя лініі, якія яны не адважацца перайсці – дзеці, старыя, настаўнікі… Няма ліній. Няма сумлення. Няма гонару», – адзначыла Анастасія Сарокіна.

Яна таксама заклікала ўсю міжнародную шахматную і спартовую грамадскасць падтрымаць вучняў і трэнераў Школы шахмат ФІДЭ ў Беларусі.

Hавiны
Алімпіяды па шахматах – 2022 у Беларусі не будзе
2020.10.05 12:20

Пасля выбараў 2020 года Анастасія Сарокіна падпісала адкрыты ліст спартсменаў за сумленныя выбары, а ў траўні 2021 года пакінула пасаду кіраўніка федэрацыі шахмат. Пры гэтым выбары новага кіраўніцтва арганізацыі да гэтага часу не адбыліся.

29 кастрычніка ў Сарокінай адбыўся ператрус, а яе саму на некалькі гадзін даставілі ў РУУС. З таго часу яна не вяртаецца ў Беларусь.

Першая ў Беларусі Школа Шахмат для самых маленькіх (ад трох гадоў) была адкрыта ў 2013 годзе, у 2014-м атрымала афіцыйную ліцэнзію ФІДЭ і зʼяўляецца адзінай у Беларусі школай, якая мае статус Акадэміі ФІДЭ.

Педагогі Школы распрацавалі ды зацвердзілі Аўтарскія методыкі навучання (3+, 5+), а таксама, методыкі навучання паводле праграме «Шахматы ў Школе» і праграму для навучання дзяцей з аўтыстычным спектрам, якая легла ў аснову праекту ФІДЭ «Infinite Chess – chess for kids with autism spectrum disorder».

Hавiны
Суд ліквідаваў фонд «Шчорсы і Храптовічы», які адраджаў палац XVIII стагоддзя
2021.11.26 20:14

МГ belsat.eu

Стужка навінаў