Новая пасада дзеля зачысткі? Як КДБ звальняе людзей на «Беларуснафце»


У вытворчым аб’яднанні «Беларуснафта» працягваюцца масавыя звальненні нелаяльных да дзейнай улады працаўнікоў. Падрабязнасці гэтага яны распавялі ў каментары «Белсату».

Цяпер ужо былыя працаўнікі «Беларуснафты» адзначылі, што ў канцы верасня ў цэнтральным офісе з’явілася новая пасада: намеснік генеральнага дырэктара ў пытаннях бяспекі і кадраў. На яе ўзялі Аляксандра Ткачова.

Аляксандр Ткачоў.
Фота: gp.by

Паводле «Гомельскай праўды», Аляксандр Ткачоў нарадзіўся 17 верасня 1977 года ў Жлобіне. Скончыў Акадэмію МУС. Працаваў у аддзеле ўнутраных спраў Жлобінскага райвыканкаму, упраўленні КДБ на Гомельшчыне, намеснікам начальніка ў пытаннях кадраў, ідэалагічнай і арганізацыйнай работы Інстытуту нацыянальнай бяспекі Беларусі, кіраўніком спраў Гомельскага райвыканкаму, потым – старшынёй Гомельскага райсавету дэпутатаў. 22 кастрычніка 2019 года яго прызначылі начальнікам галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму, дзе з ім развіталіся 6 верасня 2021 года.

Як распавялі «Белсату», сваю працу на «Беларуснафце» Ткачоў пачаў з аб’езду даччыных прадпрыемстваў, на якіх распытваў працаўнікоў, у тым ліку раней затрыманых і аштрафаваных за акцыі пратэсту.

«Пытаўся, чаму затрымалі? Як стаўлюся да ўлады? Ці не азлобіла мяне затрыманне?» – распавялі былыя працаўнікі аб’яднання.

Аналітыка
«Аказаліся не такія адданыя». Рэжым масава зачышчае нелаяльных працаўнікоў
2021.11.24 19:32

А праз некаторы час палітычна нядобранадзейных пачалі звальняць. Як тлумачыла кіраўніцтва, менавіта пасля тэлефанавання Ткачова.

Вядома пра звальненні працаўнікоў прынамсі з сямі прадпрыемстваў канцэрну.

Разам з тым сам Ткачоў сваю віну адмаўляе.

«Вам няправільна паступіла інфармацыя. Я нікога за палітычную пазіцыю не звальняў і звальняць ніколі не буду. Дзякуй, мне было вельмі прыемна з вамі паразмаўляць. Да пабачэння», – заявіў ён у размове з карэспандэнтам «Белсату».

Звольненыя ж працаўнікі адзначаюць, што раней размаўлялі між сабой, як пайсці ў стачку.

«Дык дзякуй уладам – цяпер знаходзімся ў стачцы. Рэжым сам дапамагае нам», – кажа суразмоўца.

Hавiны
На «Горадня Азоце» працаўнікам забаранілі забастоўкі: «Аўтаматычна будуць разрываць кантракт»
2021.11.25 13:25

МГ belsat.eu

Стужка навінаў