Франак Вячорка: Макей парушыў абяцанне трымаць у сакрэце запрашэнне ў Вену

У Вене прайшла міжнародная канферэнцыя пра будучыню Беларусі. Канферэнцыю зарганізавалі федэральны канцлер Аўстрыі Александэр Шаленбэрг і міністр замежных справаў Міхаэль Лінгарт пры ўдзеле Офісу Святланы Ціханоўскай. Прадстаўнікі Лукашэнкі да венскага круглага стала так і не даехалі. Міністр замежных справаў Аўстрыі запэўніў, што міграцыйны крызіс не здолеў адцягнуць увагі еўрапейскіх палітыкаў ад таго, што робіцца ў Беларусі. Ці даб’юцца беларусы будучыні без Лукашэнкі? І як у гэтым гатовая дапамагчы Еўропа?

Яшчэ не круглы стол, але замежная пляцоўка для ўрэгулявання палітычнага канфлікту ў Беларусі. У Вене прайшла канферэнцыя «На шляху да шчаслівай і бяспечнай будучыні Беларусі» з удзелам Святланы Ціханоўскай, але без Лукашэнкі.

Франак Вячорка, дарадца Ціханоўскай:

«Было пятнаццаць краінаў. Розныя ўзроўні прадстаўніцтва: міністры, намеснікі міністраў, амбасадары. Выступілі спачатку аўстрыйцы: распавялі пра бачанне сітуацыі, пра тое, што нельга дазваляць рэжыму шантажаваць Еўропу».

Лукашэнку вельмі непрыемна, што Беларусь абмяркоўваюць без яго, лічыць дарадца Ціханоўскай. Але гэта і сімвалічна, што будучыня Беларусі бачыцца без Лукашэнкі.

«Няўжо спатрэбіўся год, каб усім стала зразумела, што з Лукашэнкам нельга мець справы? Што дапамагаць трэба людзям, што беларуская праблема – гэта еўрапейская праблема? І пакуль яна не вырашыцца, еўрапейцы не змогуць спаць спакойна», – здзіўлены Франак Вячорка.

«Мусім пераконваць». Канцлер Аўстрыі аб тым, што адных санкцый супраць Лукашэнкі недастаткова

Падобна, Аўстрыя працягне, у тым ліку праз міністра замежных справаў Беларусі Уладзіміра Макея, дамагацца, каб нелегітымныя ўлады селі за стол перамоваў.

«Шаленбэрг запрашаў на гэтую канферэнцыю Лаўрова, ён запрашаў таксама Макея. Але Шаленбэрг запрашаў Макея канфідэнцыйна і сказаў, што яму вельмі непрыемна, што Макей парушыў абяцанне трымаць у сакрэце гэтае запрашэнне ды распавёў пра гэтую сустрэчу. Лукашэнкаўцам нявыгадная гэтая канферэнцыя, яны спрабавалі яе сарваць», – адзначае Франак Вячорка.

Святлана Ціханоўская запытала ў прысутных, што іхныя краіны будуць рабіць цяпер, праз дзень, праз месяц і праз шэсць месяцаў для беларусаў. «Белсат» перанакіраваў пытанне лідаркі дэмакратычнай Беларусі канцлеру Аўстрыі Александэру Шаленбэргу.

«Мы бачым, што Беларусь – гэта еўрапейская праблема, і мы не маем адназначнага адказу. З аднаго боку, мы мусіць выразна паказваць рэжыму, якія чырвоныя лініі нельга перакрочваць. Да прыкладу, як ён робіць з міграцыйным крызісам, гвалтам датычна мігрантаў. Таксама мы кажам пра пяты пакет санкцыяў. Але не можа гучаць выключна мова санкцыяў. Мы мусім пакінуць вакно для дыялогу, спадзеючыся, што палітычная наменклатура ў Менску зменіць свае паводзіны», – адказаў Александэр Шаленбэрг.

Даволі аптымістычная думка канцлера, але Аўстрыя – пазаблокавая краіна і можа сабе дазволіць быць нейтральнаю пляцоўкаю калі не дыялогу, то прынамсі месцам абмеркавання дарожных мапаў выйсця з беларускага палітычнага крызісу.

Размова пра будучыню Еўропы – адно з асноўных пытанняў у Еўразвязе, гэта важная тэма для абмеркавання ў Нямеччыне, у Францыі. Істотна і тое, што Еўропа не бачыць такой дыскусіі без Беларусі.

Войцех Пшыбыльскі, рэдактар «Visegrad Insight», Вена:

«Спатрэбіўся год, каб Еўропа навучылася новай мове для апісання Беларусі. Для Еўропы папярэднія 20 гадоў Беларусь – гэта быў Лукашэнка, шэрая постсавецкая зона. Цяпер Еўропа глядзіць на Беларусь, зняволеную Лукашэнкам. Для беларусаў гэта азначае суб’ектнасць у Еўропе i яўны ўдзел у дыскусіі, як еўрапейскі кантынент будзе развівацца далей. І адбываецца гэта між іншага дзякуючы вялікаму высілку Ціханоўскай і ейнай каманды».

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце – пра «забытых еўрапейцаў». Ці пачулі крык душы беларусаў?

Ціханоўская працягнула працоўнае турнэ па Еўразвязе і наведала Страсбур, дзе выступіла ў Еўрапейскім парламенце з 30-хвіліннаю прамовай, у якой нагадала, што рэальныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску былі ўведзеныя толькі пасля таго, як дзеянні Лукашэнкі закранулі грамадзянаў Еўразвязу. Дакарыла тым, што лабісты спрабуюць не дапусціць санкцыяў. І дадала: беларусы не маюць яшчэ аднаго года, каб Еўропа чакала і назірала за тым, што адбываецца ў нашай краіне.

Раса Юкнявічыене, еўрадэпутатка, Літва:

«Некаторыя словы былі з дозаю крытыкі. Але гэтак і мы тут кажам, у Еўрапарламенце. У Еўрапарламенце, вядома, шмат крытыкі і для нас, і для Лукашэнкі. Яна сказала ўсе мэсіджы, што былі патрэбныя».

Анджэй Галіцкі, еўрадэпутат, Польшча:

«Добры чарговы выступ Святланы Ціханоўскай, якой пляскалі стоячы. Гэты прыём таксама важны, не прысутнічалі толькі радыкальныя сілы правага і левага боку: камуністы і нацыяналісты, прамаскоўскія нацыяналісты. Зала была запоўненая ўсімі іншымі фармацыямі. Вялікая пашана да таго, што робяць беларусы на шляху да дэмакратыі».

Асобныя авацыі Святлана Ціханоўская атрымала за просьбу не называць Лукашэнкі прэзідэнтам.

Святлана Ціханоўская, лідарка дэмакратычнай Беларусі:

«Першаю часткаю нашай стратэгіі павінна стаць ізаляцыя і непрызнанне рэжыму. Многім беларусам балюча бачыць, што нават сёння такія ўплывовыя еўрапейскія СМІ, ад «Deutsche Welle» да Бі-Бі-Сі, называюць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам. Гэта не так. Гэта грамадзянін Беларусі, які гвалтам незаконна ўзурпаваў прэзідэнцкую ўладу».

Не менш востра выступіла еўрадэпутатка ад Нямеччыны Віёля фон Краман, якая з трыбуны Еўрапарламенту заклікала адправіць Лукашэнку пад трыбунал.

Чарговае пытанне «што вы зрабілі для беларусаў» Святлана Ціханоўская задасць еўрапейскім міністрам на пасяджэнні АБСЕ ў Стакгольме ў пачатку снежня.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны