Чаму расце долар? Эканаміст – пра сітуацыю на валютным рынку


Падчас пятнічных гандляванняў на Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель зноў патаннеў да долара – цяпер на 0,78 %. Зніжэнне беларускага рубля адносна амерыканскай валюты назіралі цягам усяго апошняга тыдня, у выніку чаго перад выходнымі курс долара спыніўся на ўзроўні 2,5593 рубля. Пра сітуацыю на валютным рынку і прагнозы на будучыню на ўмовах ананімнасці «Белату» распавёў знаны беларускі фінансавы аналітык і эканаміст.

Эксперт звяртае ўвагу беларусаў: варта адрозніваць рост долара ад падзення беларускага рубля. Гэта зусім не адно і тое ж. І ў цяперашніх валютных зменах эканаміст бачыць найперш рост амерыканкай валюты:

«Пра кошт беларукага рубля трэба судзіць паводле кошту валютнага кошыка, які ўлічвае курс не толькі долара, але і курс еўра ды расейскага рубля. Калі глядзець на долар, то, напрыклад, на працягу ўсяго апошняга тыдня кожны дзень на гандляваннях долар рос. Калі глядзець на кошт валютнага кошыка, то не ўсё так сумна. У панядзелак кошт кошыка ўвогуле знізіўся, а ў аўторак ён вырас менш як на 0,1 %. Вось у сераду і чацвер сапраўды было сур’ёзнае падзенне беларускага рубля: два дні кошык рос спачатку на 0,7 %, а потым на 0,5 %. Моцна раслі ўсе тры валюты. І на гандляваннях у пятніцу долар і еўра выраслі, а расейскі рубель упаў. Рост валютнага кошыка даволі сціплы: крыху больш за 0,1 %. То бок нельга казаць, што драматычна падае беларускі рубель, але долар заўважна расце».

Беларускія рублі, долары ЗША і еўра.
Фота: Белсат

Паводле эканаміста, рост долара цяпер назіраюць ува ўсім свеце:

«Напрыклад, пара еўра – долар упала да 1,12, гэта раён мінімальных значэнняў пачатку ліпеня гэтага года. Даволі драматычна падае расейскі рубель да долара. На гандляваннях у пятніцу ў Расеі долар падаражэў да 75,5 рубля, гэта максімальнае значэнне з красавіка гэтага года. Літаральна сёння з аднаго боку ўзмацніўся рост долара, а з другога – узмацнілася падзенне большасці валютаў развіваных краінаў».Такая сітуацыя на валютным рынку, на думку фінансавага аналітыка, у першую чаргу звязаная з пандэміяй каронавіруса і ўсё большаю рызыкаю для інвестараў:

«Напярэдадні з’явілася даволі трывожнае паведамленне пра новы штам каронавіруса з Батсваны на поўдні Афрыкі. Інвестары адчулі рызыку. У такіх сітуацыях найчасцей менавіта долар як адна з самых бяспечных валютаў расце, а валюты развіваных краінаў падаюць. Можна дадаткова адзначыць, што мацней за долар растуць іншыя валюты, якія ёсць «прытулкам» падчас павялічанай рызыкі. Гэта швейцарскі франк і японская ена».

Белорусские банки, деньги, Белинвестбанк
Пункт абмену валютаў. Менск, Беларусь. 28 кастрычніка 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Акрамя гэтага, эксперт заўважае падзенне расейскага рубля, звязанае не толькі з каронавірусам, але і з геапалітычнаю рызыкаю – абвастрэннем на мяжы з Украінаю. На стан расейскай валюты ўплывае таксама і падзенне кошту нафты.На такім фоне эканаміст не прагназуе істотнага падзення беларускага рубля адносна валютнага кошыка, але долар працягне расці:

«Росту ўсіх трох валютаў адначасова, як гэта было ў сярэдзіне гэтага тыдня, не будзе. Больш верагодна, што працягне расці долар з адначасовым зніжэннем расейскага рубля. У цэлым беларускі рубель падаць не будзе адносна валютнага кошыка: рост долара кампенсуецца зніжэннем расейскага рубля, але менавіта рост долара працягнецца».

Беларусам фінансавы аналітык не раіць спрабаваць зарабіць на розніцы курсаў, аднак адзначае, што асабістыя запасы ўсё адно лепш рабіць у амерыканскай валюце:

«Я б не раіў спрабаваць зарабіць на розніцы курсаў, бо на такіх спекуляцыях найчасцей нашыя грамадзяне страчваюць: і купляюць не своечасова, і прадаюць так жа. А вось, напрыклад, купляць з кожнага заробку і адкладаць, нягледзячы на тое, расце долар ці падае, – даволі разумная інвестыцыйная ды ашчадная стратэгія. У плане запасаў набываць долар можна незалежна ад таго, што адбываецца на валютным рынку».

Эканоміка з Чалым
Расея пачне кантраляваць грашова-таварныя плыні Беларусі
2021.11.25 19:25

ВК belsat.eu

Стужка навінаў