Ангела Мэркель сустрэлася з прэм'ер-міністрам Польшчы: абмеркавалі міграцыйны крызіс


Мэркель сказала, што «санкцыі – гэта адно, але заўсёды трэба быць гатовым да дыялогу».

Матэўш Маравецкі і Ангела Мэркель на супольнай прэс-канферэнцыі. Берлін, Нямеччына. 25 лістапада 2021 года.
Фота: Kancelaria Premiera / Flickr

Выканальніца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель 25 лістапада прыняла ў Берліне прэм’ер-міністра Польшчы Матэўша Маравецкага. «Deutsche Welle» пераказвае словы Мэркель і Маравецкага на супольнай прэс-канферэнцыі.

  • Паводле Мэркель, яны з Маравецкім трымаюцца супольнага пераканання: міграцыйны крызіс быў выкліканы тым, што Менск заманіў мігрантаў у Беларусь у межах гібрыднай атакі дзеля дэстабілізацыі не толькі Польшчы, але і ўсяго Еўразвязу.
  • Мэркель патлумачыла свае тэлефанаванні Лукашэнку (за якія яе крытыкавалі ў медыях Нямеччыны, Польшчы, Беларусі ды іншых краінаў) тым, што ішлося пра паляпшэнне гуманітарнай сітуацыі ды абыходжанне з мігрантамі ў Беларусі годным чынам, калі магчыма – іхнае вяртанне на радзіму.
Артыкулы
Правал гамбіту, віла на Рывіеры і яйкі зязюлі. Што пішуць пра Лукашэнку ў заходніх медыях
2021.11.22 20:13
  • Мэркель не выключае далейшых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, калі не будзе прагрэсу ў развязанні міграцыйнага крызісу. Еўрапейцы мусяць трымацца адзінай пазіцыі, сказала яна.
  • Але Мэркель дадала, што дзверы для дыялогу мусяць заставацца адчыненымі:

«Санкцыі – гэта адно, але з іншага боку, заўсёды трэба быць гатовым да дыялогу, каб развязваць праблемы шляхам перамоваў», – заявіла Мэркель.

  • Яна заклікала таксама не забываць пра ролю Расеі ў міграцыйным крызісе ды нагадала пра вельмі блізкія стасункі Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Мэркель расказала, што абмяркоўвала крызіс і з Пуціным ды лічыць, што ў Крамлі таксама мусіць быць выразна прамоўлена, што нельга маніпуляваць людзьмі.
  • Маравецкі расказаў, што Польшча ахоўвае не толькі вонкавыя межы Еўразвязу, але і абараняе Нямеччыну ад вялікага наплыву ўцекачоў, бо Лукашэнка спрабуе праверыць гэтую мяжу на трываласць, а таксама пры падтрыманні Мэркель і старшыні Еўракамісіі робіць дыпламатычныя захады ў краінах Блізкага Усходу, каб спыніць вылет мігрантаў у Беларусь.
Hавiны
Што твіцяць еўрадэпутаты пра выступ Ціханоўскай
2021.11.24 21:51
  • На прэс-канферэнцыі аб выніках сустрэчы Маравецкі таксама казаў: у крызісах ва Украіне і Малдове, на захадзе Балканаў большасць нітак трымаецца ў Крамлі, кіраўніком Расеі.
  • Маравецкі таксама казаў: «Мы занепакоеныя тым, што наступным шляхам міграцыі стане прыцягненне і запрашэнне ўцекачоў, мігрантаў з Афганістану». Гэта, паводле яго, можа быць наступным планам Пуціна і Лукашэнкі.
  • Ён адзначыў і важнасць агульнай энергетычнай палітыкі: згадаў «газавы шантаж» з боку Расеі, павышэнне цэнаў на энерганосьбіты па ўсёй Еўропе.
  • Польшча трымаецца пазіцыі «нічога пра нас без нас», адзначыў польскі прэм’ер: краіна хоча быць не толькі ўдзельнікам сітуацыі, але і ўдзельнікам яе развязання.

Мэркель ужо неўзабаве пакіне пасаду канцлера Нямеччыны. Маравецкі неўзабаве сустрэнецца з Оляфам Шольцам, які мае заняць гэтую пасаду.

АА belsat.eu

Стужка навінаў